У Беларусі пражываюць 396 чалавек, якія старэйшыя за 100 гадоў, — большасьць зь іх жанчыны, паведаміў сёньня журналістам намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандар Румак.
На 1 ліпеня 2018 году ў Беларусі пражывалі 396 чалавек старэйшых за 100 гадоў, у тым ліку 41 мужчына і 355 жанчын. Паводле статыстыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, цяпер найбольш доўгажыхароў — у Віцебскай вобласьці (68 чалавек), найменшая колькасьць тых, хто дасягнуў узросту ў 100 гадоў, — у Берасьцейскай вобласьці (49 чалавек).
Найстарэйшым беларусам сьвету да нядаўняга часу лічыўся асьветнік і навуковец Барыс Кіт. Ён памёр 1 лютага 2018 году ў Франкфурце-на-Майне на 108 годзе жыцьця.
Паводле міжнародных крытэраў, насельніцтва лічыцца старым, калі доля людзей ва ўзросьце 65 гадоў і старэй складае 7% і больш. У Беларусі гэты паказьнік складае 14,9%, адзначыў намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны. Як распавёў Аляксандар Румак,
- на пачатак 2018 году ў Беларусі пражывалі 2 млн 377 тысяч чалавек старэйшых за працаздольны ўзрост (сярод іх 696 тысяч мужчын і 1 млн 681 тысяч жанчын);
- удзельная вага пажылых людзей сярод насельніцтва Беларусі — 25,1% (у сельскай мясцовасьці — 32%, у гарадах — 23,1%.);
- на 1 тысячу мужчын старэйшых за працаздольны ўзрост у Беларусі прыходзіцца 2, 4 тысячы жанчын.