Агенцтва Bloomberg вызначыла рэйтынг 56 краінаў паводле гэтак званага індэксу эфэктыўнасьці аховы здароўя (healthcare efficiency index).
Паводле аналітыкаў Bloomberg’а, найбольш эфэктыўна сыстэма аховы здароўя працуе ў Ганконгу. Наступныя месцы ў гэтым рэйтынгу займаюць Сынгапур, Гішпанія, Італія, Паўднёвая Карэя і Ізраіль.
Рэйтынг складаецца на падставе зьвестак Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, Арганізацыі аб’яднаных нацый і Сусьветнага банку. У аснове рэйтынгу тры ключавыя паказьнікі, якія вызначаюць эфэктыўнасьць сыстэмы аховы здароўя той або іншай краіны:
- сярэдняя чаканая працягласьць жыцьця пры нараджэньні;
- дзяржаўныя выдаткі на ахову здароўя ў выглядзе працэнту ад ВУП на душу насельніцтва;
- кошт мэдычных паслуг у пераліку на душу насельніцтва.
Дасьледаваньне ахоплівае 56 дзяржаў — з насельніцтвам больш за 5 мільёнаў чалавек, ВУП звыш 5 тысяч даляраў на чалавека ў год і сярэдняй працягласьцю жыцьця звыш 70 гадоў.
У гэтым рэйтынгу Беларусь — пры сярэдняй працягласьці жыцьця 73,6 году, выдатках на ахову здароўя 6,1% ад ВУП і кошце мэдычных паслуг на душу насельніцтва $352 — займае 49-е месца, на прыступку ніжэй, чым у леташнім рэйтынгу.
ЗША — пры сярэдняй працягласьці жыцьця 78,7 году, выдатках на ахову здароўя 16,8% ад ВУП і кошце мэдычных паслуг на душу насельніцтва $9536 — займаюць 54-е месца.