Перамовы Трохбаковай кантактнай групы па Данбасе варта перанесьці зь Менску ў іншы горад, а ў ідэале — увогуле за межы Беларусі, паколькі дэлегацыя Беларусі пры ААН «хранічна» галасуе супраць любых ідэй і прапановаў Украіны, нават тых, якія не датычацца канфлікту з Расеяй, заявіў сталы прадстаўнік Украіны ў ААН Уладзімір Ельчанка ў эфіры ўкраінскага тэлеканала «Прямий».
«Мне здаецца што трэба ўжо рабіць сур’ёзныя высновы з пазыцыі Беларусі, з пазыцыі Казахстану. Калі яшчэ можна зразумець галасаваньне Сырыі, Паўночнай Карэі, — гэта проста сатэліты. Але так скажам, нашы суседзі, нашы былыя партнэры па СНД — я не магу зразумець, чаму яны галасуюць супраць», — сказаў Ельчанка.
Сталы прадстаўнік Украіны ў ААН адзначыў, што пазыцыя Беларусі — адкрыта варожая ў дачыненьні да Ўкраіны — выглядае дзіўнай, бо Беларусь ўвесь час гучна заяўляе аб сваім нэўтралітэце.
«Я асабіста цалкам падтрымліваю, я ня памятаю ўжо, хто гэта прапаноўваў, некаторыя дэпутацкія групы ў нас у Вярхоўнай Радзе, што нам трэба проста пераносіць гэтую пляцоўку зь Менску ў нейкую іншую сталіцу», — сказаў Ельчанка.
Ён абвінаваціў беларускую дэлегацыю ў ААН у адкрытым сабатажы любых ўкраінскіх прапановаў.
«Яны проста хранічна галасуюць супраць любых нашых ідэй, супраць любых нашых прапановаў, нават тых, што ня тычацца канфлікту з Расеяй. Гэта ўжо сьведчыць аб пэўнай пазыцыі краіны, зыходзячы зь якой можна было рабіць сур’ёзныя высновы», — заявіў Ельчанка.
У студзені 2018 году прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў перанесьці перамовы па Данбасе зь Менску ў іншае месца.
Раней падчас першай сустрэчы Пятра Парашэнкі з Уладзімірам Пуціным ў 2014 годзе Нурсултан Назарбаеў прапаноўваў праводзіць сустрэчы па Данбасе ў Астане. Аднак Пуцін выбраў Менск.