Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачка Масла: Пасьля «лёгкага чытва» апаноўвае спусташэньне


Алена Масла
Алена Масла

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьніца Алена Масла.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

«Залатая шарсьцінка, сярэбраная павуцінка». Беларускія народныя казкі (пераказ і ўкладаньне Ўладзімера Ягоўдзіка, мастак Павал Татарнікаў); Тоон Теллеген «Не все вмеют падать» (казкі для дарослых).

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Крыху зьбівае з тропу вызначэньне «выдатную», я б замяніла яго на «значную»… Дык вось, значнай за апошні час для мяне сталася кніга «1939 год і Беларусь: забытая вайна» Анатоля Трафімчыка. Я шукаю, як падступіцца да сваёй сямейнай гісторыі і расказаць пра дзеда Стэфана, які загінуў 8 траўня 1945 года, фарсуючы Одэр. Ён ваяваў у складзе польскага войска, прызваны ў 1944 годзе на фронт. Названая кніга дапамагае мне шукаць апірышча ў маіх пошуках. Яшчэ — «Надбярэзінцы» Фларыяна Чарнышэвіча, а таксама «Маё мястэчка» Васіля Стомы. З Лужкоў, дзе жыцьцё за польскім часам і апісвае Стома, мая мама; там у дзядулі з бабуляй на гасьцях мінула шмат дзён у дзяцінстве. Такая настраёвая, дасьціпная кніга!

Яшчэ — нізка кніг расейскага выдавецтва «Компасгид». Гэта невялікае, але сьмелае выдавецтва, яго кнігі ведаю даўно. Ад Віталя Зюські, выдаўца, атрымала ў падарунак кіпу выданьняў для падлеткаў — вось іх чытала зь вялікай цікавасьцю. Напрыклад, кнігі з сэрыі «Гражданин мира» Марыі Марціросавай «Фотографии на память»; Марціна Шойбле і Брыты Цыялкоўскі «Терраристами не рождаются»; Вольгі Громавай «Сахарный ребёнок» (сугучная з раней прачытанай кнігай успамінаў Вольгі Храптовіч-Буцянёвай «Злом» у перакладзе Тацяны і Яўгена Лецкаў); Марыі Боцевай «Ты идёшь по ковру».

Чаму гэтыя кнігі я вызначыла для сябе як значныя? Харошыя кнігі для падлеткаў, вельмі карэктная танальнасьць размовы дарослых з дзецьмі, у тым ліку на балючыя тэмы.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Усё пералічанае таксама.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

З кнігі пра Андэрсэна даведалася, што сучасьнікі лічылі яго іпахондрыкам. Ён, фізычна вялікі, ствараў уражаньне здаравяка, які прыдумляе сабе хваробы. Што казачнік пакутаваў ад зубнога болю — шырокавядомы факт. А вось дасьледчыкі зь дзёньнікаў пісьменьніка атрымалі пацьверджаньне, што быў ён, сапраўды, вельмі хваравіты і ледзь ня штодзень пераадольваў кепскае самаадчуваньне, а скардзіўся нашмат менш, чым пакутаваў. Ня ведаю, ці гэта «самая цікавая рэч», пра якую я даведалася, аднак, прачытаўшы гэты факт, яшчэ раз упэўнілася, што берагчы адзін другога не зашкодзіць сучасьнікам — і ня толькі Андэрсэна.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Раман Франца Кафкі «Амэрыка».

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Першыя, пра каго згадалася — Віктар Казько, Віктар Карамазаў, Віктар Гардзей, Раіса Баравікова, Людміла Паўлікава-Хейдарава, Валянціна Аксак, Ірына Дубянецкая, Франц Сіўко, Вячаслаў Ракіцкі, Уладзімер Арлоў, Віталь Рыжкоў, Альгерд Бахарэвіч, Вольга Гапеева, Алена Брава, Наста Кудасава, Таня Скарынкіна, Ева Вежнавец, Віктар Марціновіч, Дзяніс Марціновіч, Зьміцер Бартосік, Глеб Лабадзенка, Ганна Кісьліцына, Ірына Шаўлякова, Марыя Мартысевіч, Пятро Васючэнка, Натальля Бучынская, Валярына Кустава, Віталь Краўчанка…

Захапляюць выдаўцы — Зьміцер Вішнёў, Генадзь Вінярскі, Ігар Логвінаў.
Рэдактары часопіса «Дзеяслоў» Барыс Сачанка, Эдуард Акулін — «Верасьня».

Зрэшты, творчыя людзі сучаснасьці — гэта такі цуд, тут можна шмат згадваць імёнаў, перапрашаю, каго не назвала! Якая моладзь таленавітая! Асабліва, калі ўнікаеш усіх, даруйце, «бульбаср…ў», на якія мы здатныя, і зважаеш на моц творчасьці і талентаў.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Калі я гарантавана хачу падняць настрой і пасьмяяцца — перачытваю «Прыгоды Эміля з Лёнібэргі» Астрыд Ліндгрэн. У мяне — на расейскай мове, у цудоўным перакладзе са швэдзкай Л. Лунгіной.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Перачытвала Бо Гронбэка «Ганс Крыстыян Андэрсэн. Жыцьцё. Творчасьць. Асоба». Я з заўсёдным узрушэньнем чытаю пра Андэрсэна. Тут не пра сьлёзы гаворка, але працінае душу навылёт гісторыя яго жыцьця, вельмі мне адгукаецца.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Бывае, як сябру журы літаратурных конкурсаў, даводзіцца чытаць усё, што выдадзена для дзяцей — тады здараюцца прыступы злосьці на дарослых людзей, аўтараў, якія ў 21 стагодзьдзі з дзецьмі сюсюкаюцца і размаўляюць, як з другасортнымі стварэньнямі.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Не стравуецца ў мяне так званае «лёгкае чытво». Час ад часу, што праўда, усё адно бяру (брала) ў рукі такія кнігі. Гэта бывае, калі трапляю ў больніцу — там не начытаесься літаратуры, якая вымагае цішыні і адасобленасьці ад сьвету, роздуму. Па праўдзе, бяру торбу кніг, якія хачу прачытаць, штораз — а тады ўсё адно вяртаю іх дамоў і іду ў бальнічную бібліятэку, набіраю нейкіх жаноцкіх раманаў, дэтэктываў… І зацягвае ж гэтае бла-бла-бла чытво! Каб дзень прастаяць і ноч пратрымацца, і ня вельмі ўслухоўвацца, пра што гавораць суседкі па палаце, яно вельмі падыходзіць… Але кожны раз паўтараецца адно і тое ж — пасьля такога чытва спусташэньне апаноўвае.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Я не люблю ані чыталак электронных, ані чытаньня на кампутары.

Папяровая кніга ў руках — як чалавек насупраць падчас размовы; з тэхнікай, самай дасканалай, такога эмацыйнага водгуку ня маю. Калі працавала рэдактарам, тэксты правіла толькі раздрукаваныя — лепш успрымаецца і бачыцца… Але ж жыцьцё пакпіла з мяне: узнагародзіла проста жудаснай алергіяй на бібліятэчны пыл і крыху меншай — на друкарскую фарбу! І алергены ня так даўно выявіліся, пару-тройку гадоў таму, але ж пакутавала я праз гэтую алергію даўным-даўно. Мне раяць дактары папяровых кніг, газэт і часопісаў наогул у рукі ня браць.
Але ж кніг папяровых чытаць ня кінула. Акуратна зь імі абыходжуся, вычышчаю перад тым, як чытаць. А вось працаваць там, дзе ляжаць рукапісы, стаяць кнігі — не магу…

Чытаю па некалькі кніг часта, але люблю «запойнае» чытаньне — каб нырнуць у тэкст, не вяртаючыся зь яго, да самага канца. Таму вялікія рэчы стараюся распачынаць пры наяўнасьці вольнага часу. Невялікія — люблю чытаць увечары. Калі працавала ў выдавецтве і валам праз рэдакцыю ішлі розныя рукапісы, абавязковым для мяне чытаньнем было ня менш за дзесяць старонак з клясыкаў штовечар.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Так, ведаю. Збольшага кнігі ў нашай кватэры пахаваныя ў закрытыя шафы — зноў жа, каб пылам ня дыхаць. А на паліцах больш-менш тэматычная расстаноўка — мастацкая літаратура (беларуская, расейская, замежная), сучасная літаратура; кнігі па фізыцы, філязофіі, гісторыі — збольшага гэта бібліятэка мужа; мая калекцыя дзіцячых кніг і кніг казак (беларускіх аўтараў збольшага, стараюся набываць усё прыкметнае, бо нават цудоўныя беларускія кніжкі перавыдаюць рэдка, таму трэба хапаць, пакуль ёсьць); кнігі па мастацтве… Калі некалькі гадоў таму паўстала пытаньне, што хату трэба зачысьціць ад кніг, бо я выявілася такой даліктусяй, мы перабіралі-перабіралі сваю бібліятэку (я — начапіўшы маску на твар і ўбраўшыся ў пальчаткі) — і ніводнай кнігі не змаглі выправіць з хаты. У кожнай — свая гісторыя, да кожнай прыкіпеўшы!

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Ды розныя ж знаёмыя, з рознымі густамі — адпаведна і адкрыцьці і знаходкі кожнаму свае! Я, па шчырасьці, і сама дзіўлюся час ад часу, узяўшы ў рукі якую з мужавых кніг па фізыцы, напрыклад — паралельны сусьвет! Пляменьнік, які таксама атрымаў адукацыю фізыка, кажа, што ў нас Кландайк, бо такіх фундамэнтальных прац, якія выдаваліся раней і сабраныя ў нас — днём з агнём пашукаць! Пакрысе гэтыя кнігі і пераяжджаюць у бібліятэку да нашага Зьмітрака…

А вось на што дакладна ўсе зьвяртаюць увагу — гэта падборка прыгожых кніг беларускіх аўтараў у афармленьні нашых цудоўных мастакоў Паўла Татарнікава, Уладзімера Даўгялы, Валерыя Славука, Тамары Шэлест, Ганны Сілівончык… Наша дачка, Крысьціна Баранава — мастачка. Яна сцэнограф, але і кнігі ілюстравала — «Паштарскую казку» Карэла Чапэка, «Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» Пятра Васючэнкі, «Мак таўклі камары» Тацяны Мушынскай. Вось нашы госьці гэтыя кнігі разглядаюць вельмі пільна!

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

На адзін зь дзён народзінаў муж падарыў мне поўны збор твораў Астрыд Ліндгрэн. Я тады вельмі захопленая была яе асобай, творчасьцю, наогул Швэцыяй…

А яшчэ пэўны час мы працавалі ў адным выдавецтве і ў адным кабінэце з апантаным кнігалюбам Юрасём Пацюпам. Ведаючы маю жарсьць да кніг казак, Юрась, калі здабываў у букіністаў нешта цікавае казачнае, перапускаў мне. Такім чынам да мяне трапіла і шыкоўнае выданьне Оскара Ўайльда «Салавей і Ружа» у перакладзе з ангельскай мовы на беларускую Ірыны Ідэльчык (мастакі Барыс Забораў і Ўладзімер Зуйкоў) — падарунак лёсу, а ня кніга!

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Дзіда-дзеў зь «Сярэбранай табакеркі» Зьмітрака Бядулі — з улюбёных. Захапіць у палон Сьмерць і зьдзейсьніць мару людзей пра неўміручасьць! Як не любіць такога героя?

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Чытала шмат і без разбору — усё, што было дома, пасьля — у вясковай

бібліятэцы, тады з раённай бібліятэкі кнігі прывозілі… З кніг, якія найбольш урэзаліся ў памяць і стаяць уваччу — беларускія народныя казкі ў афармленьні Алены Лось, «Волшебник изумрудного города» Аляксандра Волкава, «Казкі» Андэрсэна, «Маленькая Баба-Яга» Отфрыда Пройсьлера, «Прыгоды Тома Соера» Марка Твэна… А яшчэ — вялізная кніга-атляс жывёлаў Афрыкі, я яе ў бібліятэцы брала-здавала бясконцую колькасьць разоў і ведала хіба на памяць на той час.

А яшчэ была закаханасьць дзяцінства — кніга «Прыгоды ў Цюцюрлістане». Я не памятала аўтара (у дзяцінстве хіба заўжды зважаеш на аўтарства!), і даўно, як гадавала сваіх дзяцей і мы яшчэ ня мелі ніякіх гуглаў для пошукаў, шукала кнігу ў Ленінцы. Знайшла!!! Аўтара «рассакрэціла» — польскі пісьменьнік Войцех Жукроўскі. Замовіла кнігу і тут жа ў чытальнай залі накінулася на яе, як з галоднага краю! Праглынула, а не прачытала… і пасьля сядзела, слухала сябе, дзівуючыся: душа мая пасталелая зусім не азвалася на кнігу. Я ня стала яе нават дзецям чытаць. Хаця зараз набуду ў хатнюю бібліятэку, калі патрапіць. Атрымала для сябе ўрок: кнігі — як былое каханьне. Не заўжды трэба шукаць новай сустрэчы з тымі, хто некалі падараваў чароўнае ўзрушэньне.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Я не прыхільнік прымусу ў прынцыпе! Людзі ня ведаюць, як дзяцей да чытаньня заахвоціць, пагатоў — прымусіць, а тут — цэлага прэзыдэнта, сталага чалавека! Аднак калі б я складала рэкамэндацыйны сьпіс, натуральна, гэта былі б дзіцячыя кнігі — блізкая мне тэма, гэта раз. Два — мне падаецца лягічным апэляваць да дзіцяці, якое жыве ў душы кожнага дарослага. І, магчыма, праз гэта заахвочваць і да чытаньня, і да праяўленьня найлепшых якасьцяў, якія ў кожнага чалавека ёсьць.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

А можна крыху больш? Зьмітрака Бядулю, Аляксандра Сержпутоўскага (зьбіральнік фальклёру і, натуральна, казак), Алеся Якімовіча (цудоўна апрацоўваў беларускія народныя казкі); Андэрсэна, Сэльму Лагерлёф, Астрыд Ліндгрэн, братоў Грым, Тувэ Янсан… ну, я зь вялікай сям’і, люблю вялікія харошыя кампаніі, але ж вы абмяжоўваеце!))

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Алена Масла. Партрэт Аксаны Аракчэевай
Алена Масла. Партрэт Аксаны Аракчэевай

Далібог, не задумвалася пра гэта, пакуль не запыталі. Усё адно галоўная біяграфія — ня толькі ўчынкі чалавека, але сталеньне душы, яе памкненьні, намеры, пераадоленьні — яны не зямнымі біёграфамі занатоўваюцца. Я веру ў гэта як у вышэйшую справядлівасьць… А наогул захапляюся працай Ганны Севярынец, а яшчэ — Васіля Дранько-Майсюка. У гэтых дасьледчыкаў нібы чароўнае шкельца ў вачах і душы, яны беларусы — а нібыта і не зусім, бо без атрутнага самаедзтва: любяць сваё, адстойваюць свае сымпатыі вельмі пераканаўча і аргумэнтавана.

Што вы перачытваеце?

Казкі розных народаў, аўтарскія таксама.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Гэта будзе вучэбная літаратура па гісторыі беларускага тэатру. А яшчэ — «Памiж небам i зямлёй. Этнаастраномiя» Цiмафея Авiлiна.

Літанкета Свабоды: Алена Масла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG