Кіраўнік Расгвардыі Віктар Золатаў выклікаў апазыцыянэра Аляксея Навальнага на «двубой», паабяцаўшы зрабіць зь яго «добрую сакавітую адбіўную».
Гэтак генэрал адказаў на публікацыю Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) аб меркаваных парушэньнях пры закупцы ведамствам Золатава прадуктаў для службоўцаў.
У відэазвароце Золатаў назваў Навальнага «вырабам з амэрыканскай прабіркі», а яго заявы — «абразьлівымі, паклёпніцкімі разважаньнямі», якія «у афіцэрскім асяродзьдзі не прынята проста так дараваць».
Віктар Золатаў пры гэтым настойвае, што яго ведамства змагаецца з выяўленымі ў гвардыі выпадкамі карупцыі сумесна зь іншымі расейскімі сілавымі структурамі.
Сам Аляксей Навальны цяпер знаходзіцца пад арыштам — у канцы жніўня ён атрымаў 30 сутак за акцыю, праведзеную яшчэ зімой. Апазыцыянэр пакуль не пракамэнтаваў заяву Золатава.
Раней у Расгвардыі назвалі «сфальсыфікаванымі і правакацыйнымі» дадзеныя з расьсьледаваньня ФБК. Яго аўтары, паводле ведамства, не ўлічылі фактар сэзоннасьці закупак, калі параўноўвалі цэны на гародніну па дзяржаўных кантрактах, заключаных у сьнежні 2017 году і ў чэрвені 2018 году.
У расьсьледаваньні ФБК гаварылася, што прадукты для байцоў Расгвардыя купляе па моцна завышаных цэнах, а канчатковым бэнэфіцыярам афэра можа быць альбо «прэм’ер-міністар Мядзьведзеў, альбо людзі зь яго найбліжэйшага атачэньня».