Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцу Курапатаў Урбановіча пасьля 9 сутак арышту яшчэ і аштрафавалі


Дзяніс Урбановіч, архіўнае фота
Дзяніс Урбановіч, архіўнае фота

Штраф памерам 30 базавых велічынь (735 рублёў) атрымаў у Менскім раённым судзе абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч. Суд пакараў актывіста за ўдзел у пікеце ля рэстарацыі «Поедем поедим» 1 верасьня, калі Ўрбановіч атрымаў траўму нагі ў сутычцы зь бізнэсмэнам Аркадзем Ізраілевічам.

Пасьля сутычкі Дзяніс Урбановіч напісаў у міліцыю заяву на Ізраілевіча, абвінаваціўшы бізнэсоўца ў зьбіцьці, а таксама зьбіраўся падаць заяву ў суд, але не пасьпеў.

Урбановіча затрымалі міліцыянты, і суд Менскага раёну прысудзіў яму 7 сутак адміністрацыйнага арышту за непадпарадкаваньне. У суботу 8 верасьня, калі тэрмін арышту закончыўся, актывіста вывелі з ізалятару на Акрэсьціна праз запасны ўваход і зноў затрымалі — ужо паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

«Суд сёньня быў хуткі, я чакаў новага арышту, гэтага чакалі і міліцыянты на Акрэсьціна. Добра, што суд абмежаваўся штрафам», — сказаў Свабодзе пасьля суду Урбановіч.

Атрымалася, што ўсяго Урбановіч адбыў за кратамі ў ізалятары на Акрэсьціна 9 сутак.

«Давялося пісаць скаргі, бо ўмовы былі антысанітарныя, нават адмаўляўся праз гэта ад ежы. Толькі калі перавялі ў іншую камэру і стала лепей, дык пачаў есьці. Затое дамогся, каб выводзілі на прагулкі, таксама давялося змагацца», — расказаў Дзяніс Урбановіч.

Актывіст вітаў рашэньне абаронцаў Курапатаў, якія 9 верасьня на агульным сходзе пастанавілі працягваць пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» мінімум да восеньскіх Дзядоў.

«Я і далей буду браць удзел у пікетах. Ганьба нам усім будзе, калі саступім», — сказаў Дзяніс Урбановіч.

Дзяніс Урбановіч — жыхар Лагойскага раёну, ягонае імя стала вядома грамадзкасьці ў чэрвені, пасьля першых пікетаў рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах. Актывіст нанёс на агароджы рэстарацыі надпіс «Кабак НКУС на костках зачынены» і быў першы раз затрыманы міліцыяй. Цягам больш як трох месяцаў пікетаваньня Ўрбановіча некалькі разоў арыштоўвалі і штрафавалі, склалі на яго дзясяткі пратаколаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG