Намесьніца кіраўніка Цэнтральнай рады партыі Сьвятлана Губейка на VII зьезьдзе БСДГ прапанавала абраць новую Цэнтральную раду, рэвізійную камісію партыі, а выбары старшыні партыі і намесьнікаў старшыні перанесьці на наступную сэсію зьезду.
Сваю прапанову яна абгрунтавала адсутнасьцю на зьезьдзе старшыні БСДГ Станіслава Шушкевіча: маўляў, праводзіць выбары безь яго некарэктна. Дэлегаты зьезда ўхвалілі гэту прапанову.
Статут партыі дазваляе правесьці чарговую сэсію зьезду цягам бліжэйшых 6 месяцаў.
Хто заменіць Шушкевіча? У Менску праходзіць зьезд «Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады»
Станіслаў Шушкевіч ачольвае партыю БСДГ з 1998 года. Зараз ён знаходзіцца ў шпіталі.
Намесьнік старшыні партыі Сяргей Чарачэнь пазнаёміў дэлегатаў зьезду з новай стратэгіяй партыі.
Дата другой сэсіі зьезду пакуль ня вызначаная, гэта будзе залежыць ад стану здароўя Шушкевіча.