Мясцовыя выканаўчыя камітэты атрымалі права прадаваць пустыя і струхнелыя дамы на аўкцыёнах з паніжэньнем цаны на 20%, 50% і 80%. Гэта прадугледжана ўказам прэзыдэнта Беларусі № 357 ад 4 верасьня, паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу прэзыдэнта.
Мясцовыя выканкамы могуць таксама прадаваць такія дамы наўпрост пры наяўнасьці адной прапановы аб куплі. Гэта дазволіць паскорыць працэдуру іх адчужэньня (перадачы дома ад адной асобы ва ўласнасьць іншай).
А вось адчужаць пустыя і струхнелыя дамы ў абласных цэнтрах і іншых населеных пунктах, вызначаных аблвыканкамамі, можна будзе выключна па выніках аўкцыёнаў. Акрамя таго, аўкцыёны будуць праводзіцца пры паступленьні заявак ад некалькіх прэтэндэнтаў на набыцьцё дома.
Таксама прадугледжваецца магчымасьць перадачы зямельнага ўчастка, на якім разьмешчаны такі дом, новаму землекарыстальніку пры ўмове зносу дома за ягоны кошт.
Выканкамы будуць весьці рэестры пустых і струхнелых дамоў і разьмяшчаць зьвесткі пра іх на сваіх афіцыйных сайтах у інтэрнэце.