Прапануем вашай увазе фрагмэнт з «кароткага» раману Мойшэ Кульбака «Панядзелак» (першае выданьне — Варшава, 1926). Пераклаў з ідышу Сяргей Шупа.
У рамане апісваюцца падзеі часоў расейскай рэвалюцыі ў нейкім дастаткова буйным, але дакладна не акрэсьленым горадзе. Сам аўтар у тыя часы жыў у Менску і Вільні. Пераклад рыхтуецца да выданьня.
Вялікі Мядзьведзь і рэвалюцыя
Вялікі Мядзьведзь сёньня ноччу быў наўмысна падвешаны на небе.
Рэвалюцыйны горад даўно зрабіўся вышэйшы і глыбейшы. Маса, якая дарэшты запоўніла рынак і парадны пляц, ссунулася ніжэй у бакавыя вулкі, быццам у тыя вулкі разьлезьліся рукі і ногі нейкай няяснай цемры.
Было ціха.
Скупое зорнае сьвятло асьвятляла ў Масе плечы, раскудлачаныя бароды прафсаюзу грузчыкаў, густыя вусы мэталістаў, а недзе ззаду між камяніцамі — худое швейнае рамяство.
У чыстай цішыні разьвяваліся сьцягі.
I яна, Маса, стаяла затоеная, шчыльна абхопленая вуліцамі гораду, і прыслухоўвалася.
Пацягнуў малады марозік, парожні і спустошаны, як халодная думка Масы, якая пуста і працяжна аб нечым разважала. Авечыя бельмы з прыхаваным зьдзіўленьнем вызіралі ў начную далячынь з сваіх глыбокіх вачніц, і кожны чалавек так жыў у кожным іншым, пераліваючыся ціхутка з пульсу ў пульс і выпустошваючы сваё нутро, як нейкую заваленую пячору.
Навокал бадзяўся бундыст, ён мітусіўся, спазьніўшыся, падбягаў то сюды, то туды:
— Дзе стаіць «Бунд», таварышы? Дзе стаіць «Бунд»?
I ён прапаў у змроку. А над ім вісеў Мядзьведзь і з халоднай срэбнай ніткі ткаў чыс-тую цішыню над цемрай.
Мордхэ Маркус стаяў скурчыўшыся ў сваім летнім палітончыку і задраўшы галаву, назіраў за шляхетным ходам зорак, і раздумваў, што ў сьвеце яно і спакойна і неспакойна.
У дальнім канцы рынку, далёка, нейкі голас нешта абвясьціў, —
Маса ледзь варухнулася, і раптам пачуўся глухі, нібы з замагільля, крык, ад якога зайшлося сэрца, і ніхто, ніхто ня ведаў, што гэта была:
РЭВАЛЮЦЫЯ
***
У горад перш-наперш упоўз бранявік, улез холадна і змрочна нібы нейкая пачварына, махаючы чырвоным сьцяжком.
На замораных клячах уехалі коньнікі ў лапцях.
Кітайцы.
Увайшлі пастухі са стрэльбамі.
А на пачэсным месцы на трыбуне, дзе гарэлі паходні, ужо стаяў нехта сухарлявы з чорнай бародкай, бледны ў начных прыцемках, і пасьпешліва абвяшчаў сваю рэвалюцыйную пазыцыю.
Бралася на дзень.
Маса застыла, прыхопленая тонкім ранішнім марозікам. Яна ўсё лупіла вочы на трыбуну, дзе цяпер ужо стаяў нізенькі гладка паголены прамоўца ў акулярах зь вялізнай аправай. Гэты аратар стаяў скаваны і нерухомы, а ягоны іскрысты голас нешта рашуча загадваў, і яна, Маса, умомант вырашыла паслухацца гэтага загаду.
Ветрык трапаў разьвешаныя над пляцам шырокія сьцягі, высоўваліся наперад хаткі, што несьлі на сабе плякаты з падпаленымі гарадамі. Хатка за хаткай. I ў ранішняй шэрасьці паўсюдная чатырохкутная чырвань бянтэжыла спакой і сьвет і неяк глыбока палохала, нібы пралітай крывёю:
РЭВАЛЮЦЫЯ!