Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі закрываюць аварыйны мост цераз Сож


З 12.00 30 жніўня закрываецца рух усіх відаў транспарту па аўтамабільным мосьце цераз раку Сож, які знаходзіцца ў аварыйным стане, паведамляе БЕЛТА, цытуючы словы намесьніка дырэктара па вытворчасьці «Гомельаўтадар» Дзяніса Ясько.

Паводле папярэдняй інфармацыі, побач з мостам, вышэй па рацэ, будзе ўзводзіцца новы. Мост, які адслужыў сваё, пасьля разьбяруць.

Мост — частка аўтамагістралі М-8 / Е95: мяжа Расейскай Фэдэрацыі (Езярышча) — Віцебск — Гомель — мяжа Ўкраіны (Новая Гута). На пачатку году яго прызналі аварыйным.

Рух велікагрузных аўтамабіляў па мосьце абмежавалі яшчэ ў студзені, дазволіўшы праезд толькі аўтамабілям вагой да 5 тон. Спэцыялісты «БелдарНДІ» працягнулі маніторынг стану моста, і чарговыя дасьледаваньні паказалі, што рух па ім можа быць небясьпечны нават для малатанажных машын.

Аўтамабільны мост цераз Сож у Гомлі быў узьведзены ў 1980-х гадах, як і ягоны блізьнюк у Жыткавіцкім раёне.

Пасьля таго як мост цераз раку Прыпяць у Жыткавіцкім раёне ў канцы 2017 году даў трэшчыну, Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі правяло праверкі і залічыла ў шэраг «аварыйных канструкцыяў» масты яшчэ ў чатырох гарадах: цераз Сож у Гомлі, церазь Дзьвіну ў Наваполацку і церазь Бярэзіну ў Бабруйску, а таксама цераз Дняпро каля Рэчыцы. У сакавіку 2018 году ў Магілёве зь пешаходнага моста на Быхаўскай вуліцы ў раку Дубровенку абвалілася палова поручняў. Абышлося без ахвяраў.

Падчас красавіцкай праверкі ў Менску высьветлілася, што кожны пяты мост у горадзе мае патрэбу ў капітальным рамонце, некаторыя — у тэрміновым. А 1 жніўня прасеў мост на менскім МКАД у раёне Лошыцы — трэснула апорная бэлька шляхаправоду. Мост цалкам закрылі для руху і абяцаюць адрамантаваць да 7 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG