У расейскім Екацярынбургу стварылі «кібэрдружыну» валянтэраў, якія шукаюць «экстрэмісцкія» пасты ў сацыяльных сетках і заяўляюць аб іх у праваахоўныя органы. Пра гэта піша журналістка мясцовага выданьня 66.RU, якая стала адным з «валянтэраў» арганізацыі.
Пошукам «экстрэмісцкага» кантэнту займаюцца 25 валянтэраў рэсурснага цэнтра добраахвотніцтва «Сіла Ўралу». Самі яны называюць гэта «барацьбой за здаровае насельніцтва». У разуменьні кібэрдружыны, «экстрэмісцкімі» зьяўляецца ня толькі пасты, здольныя ўзбудзіць нянавісьць або варожасьць, але і малюнкі, на якіх намаляваны алькаголь, цыгарэты ці зброя.
Валянтэры павінны перадаваць знойдзеныя пасты каардынатару, які сам аналізуе іх і складае справаздачы. Яны трапляюць у рукі выканаўчага дырэктара рэсурснага цэнтра, які зьвяртаецца ў паліцыю.
У Расеі людзей неаднаразова прысуджалі за пасты або рэпост у сацыяльных сетках.