Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская праваслаўная царква адмовілася ад памінальнай службы па Алесю Ліпаю, — Някляеў. Сям'я абвяргае


Сёньня ранкам стала вядома пра зьмену месца разьвітаньня з памерлым заснавальнікам агенцтва БелаПАН Алесем Ліпаем. Паэт і сябра нябожчыка Ўладзімер Някляеў паведаміў, што прычынай стала адмова праваслаўнай царквы, зь якой раней дамовілася сям’я Ліпая. Аднак сям'я абвяргае гэтую інфармацыю.

Пра тое, што менавіта праваслаўны храм сьвятога Архангела Міхаіла скасаваў разьвітаньне зь беларускім паэтам і журналістам Алесем Ліпаем, Уладзімер Някляеў напісаў у сваім Фэйсбуку.

«Адмовілі ягонай сям’і ў памінальнай імшы па ім. Напярэдадні дамовіліся, а сёньня — адмова. Усялякае было ў цяперашнім беларускім часе. Але такога — не. Ні ў савецкіх часах, ні ў польскіх, ні ў нямецкіх», — напісаў беларускі паэт.

Свабода датэлефанавалася ў храм Архангела Міхаіла.

«Хопіць тэлефанаваць. Гэта сама сям’я адмовілася», — адказалі нашай радыёстанцыі ў царкве.

Гэта зьняпраўджвае сябра памерлага паэта і журналіста Ўладзімер Някляеў.

«Гэта няпраўда. Сям’я сама была зьдзіўленая. У царкве патлумачылі, што прычынаю адмовы сталі нібыта нейкія адозвы па горадзе з заклікам прыйсьці на разьвітаньне. Нібыта рыхтуецца масавая акцыя», — сказаў Свабодзе Някляеў.

Аднак паводле агенцтва БелаПан, перанос месца разьвітаньня зьвязаны выключна з рашэньнем яго сям'і. Пра гэта БелаПАН заявіў прадстаўнік сямʼі Ліпая.

Чуткі пра тое, што прыход Храма Архістратыга Міхаіла ў Менску адмовіў у адпяваньні Алеся Ліпая не адпавядаюць рэчаіснасьці, гаворыцца на сайце інфармагенцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG