Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Крэмль увесьці войскі ў Прагу сёньня?


Савецкія войскі ў Празе, 1968
Савецкія войскі ў Празе, 1968

У гэтыя дні спаўняецца 50 гадоў уварваньня войскаў краінаў «Варшаўскай дамовы» на чале з СССР у Чэхаславаччыну і здушэньня спробаў рэфармаваць камуністычную сыстэму.

Аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык абмяркоўваюць, ці магчымае сёньня паўтарэньне тагачасных падзеяў.​

Навумчык: Кіраўніцтва сучаснай Расеі шмат у чым паўтарае дзеяньні савецкага камуністычнага кіраўніцтва – хаця і ня ў тых маштабах. Пытаньне – а ці мог бы Крэмль увесьці войскі ў Прагу сёньня? – можа падасца фантасмагарычным. Асабіста мне яно такім і падавалася – да 2014 году, калі быў анэксаваны Крым і пачалася вайна ў Данбасе.

Вядома ж, ёсьць жалезны аргумэнт з геаграфіяй (паміж Расеяй і Чэхіяй існуюць Украіна і Славаччына), хаця ў 1979 годзе ў Аўганістан савецкія войскі перакідваліся авіяцыяй. І між іншым, першымі на аэрадромы ў Чэхаславаччыне ў 1968 селі віцебскія дэсантнікі. Але мы зараз не пра тэхнічны, а пра палітычны бок справы.

Як Вашынгтон зрэагаваў на Крым

Вось мы кажам: NATO, гарантыі NATO, NATO абароніць. Але я б паставіў пад сумнеў здольнасьць Захаду выконваць свае абяцаньні. Да 2014-га, да Крыму, шмат у каго былі падставы лічыць, што Захад безумоўна прытрымліваецца сваіх абавязаньняў і сваіх гарантыяў. Але вось Крэмль увёў войскі ў Крым і анэксаваў частку тэрыторыі Ўкраіны. Дарэчы, аналёгія з Брэжневым, да якой мы часта зьвяртаемся, ня поўная: Брэжнеў не анэксаваў ні частку тэрыторыі ЧССР, ні частку тэрыторыі Аўганістану, Пуцін у гэтым сэнсе пайшоў значна далей.

Такім чынам, Крым захоплены. І што адбылося з боку ЗША, якія былі дзеяньні Вашынгтона ў справе абароны Ўкраіны? А ніякіх! Пры тым, што за два дзесяцігодзьдзі да гэтага ЗША падпісалі з Ўкраінай (як і зь Менскам) так званы Будапэшцкі мэмарандум, дзе выступілі гарантам сувэрэнітэту ў абмен на вывад ядзернай зброі. Я цудоўна памятаю, як у пачатку 90-х амэрыканскія палітыкі і ўгаворамі, і мяккімі пагрозамі дамагаліся вываду ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі, Украіны і Казахстану. Вашынгтон даў абяцаньні гарантаваць сувэрэнітэт.

І як Вашынгтон выканаў свае гарантыі ў дачыненьні да Ўкраіны? Што зрабіў прэзыдэнт Абама? Ды нічога абсалютна, акрамя заяваў. Ну дык заяваў Пуцін гатовы выслухаць хоць сотню, ён да гэтага прызвычаіўся.

Другі момант – настроі заходняга грамадзтва, ва ўсякім разе, значнай ягонай часткі, якія можна выказаць фразай з гісторыі – «Ніхто не жадаў паміраць за Данцыг». Якасьць піва, ня кажучы ўжо пра рост падаткаў, успрымаецца больш важнай тэмай, чым нейкі там Крым. І таму ў мяне няма ўпэўненасьці, што калі Крэмль сёньня ня зьдзейсьніць напад на тэрыторыю ну, скажам, Літвы, Латвіі ці Эстоніі, дык будзе адэкватны адказ.

Прынцып калектыўнай абароны NATO пацьверджаны

Дракахруст: Сяргей, я з табой ня згодны, ці, больш дакладна, не ва ўсім згодны з тваім велізарным акцэнтам, які ты робіш на чыста дыпляматычную форму. Маўляў, вось былі гарантыі, і калі тады ня выканалі, дык ня выканаюць гарантыі NATO. Я мяркую інакш па некалькіх прычынах. Па-першае, цікавы момант: незадоўга да Крыму, у 2013 годзе, беларускі ўрад заявіў Злучаным Штатам, што вы ўвялі супраць нас санкцыі, і гэта парушае Будапэшцкі Мэмарандум. І амэрыканскі ўрад праз амбасаду ЗША адказаў, што не, мы не парушаем, і дадатак: а да таго яшчэ, гэты пратакол не зьяўляецца юрыдычна абавязковым.

Навумчык: Аказваецца, подпіс прэзыдэнта ЗША (Мэмарандум падпісваў Клінтан) юрыдычна нічога ня варты?

Дракахруст: Пад такім дакумэнтам – магчыма, так. Але я хачу сказаць для параўнаньня адносна NATO. Прэзыдэнт Трамп кажа, што, маўляў, мала краіны плоцяць, і ўвогуле што трэба падумаць, ці трэба тое NATO, але ён непахісна пацьвярджае гарантыі пятага пункту, які прадугледжвае калектыўную абарону. І тыя, хто быў да яго, таксама гэта жалезна пацьвярджалі.

Другое адрозьненьне – на мой погляд, больш важнае – існаваньне інфраструктуры ўзаемадзеяньня. Існуюць у межах NATO сумесныя штабы, прычым штабы зладжаныя, людзі ўмеюць працаваць разам. Умоўна кажучы, чэскі афіцэр ведае амэрыканскага, і абодва ведаюць, хто, як і ў якой пасьлядоўнасьці будзе дзейнічаць. Ва ўсёй Эўропе ідзе каскад сумесных манэўраў NATO.

Вайскоўцы NATO як закладнікі-гаранты

Акрамя таго (гэта ў большай ступені тычыцца Польшчы і краінаў Балтыі), па рашэньнях апошніх самітаў NATO, якія адбыліся пасьля Крыму, зроблены пэўны якар. А менавіта – разьмяшчэньне ў Польшчы і ў краінах Балтыі некалькіх батальёнаў з ЗША і з Заходняй Эўропы. У пэўным сэнсе, гэтыя вайскоўцы закладнікі, але ў вачах насельніцтва гэта гаранты. Гаранты ў, магчыма, цынічным пляне, што калі, умоўна кажучы, прыйдзе расейская армія і іх заб'е, дык CNN пакажа: вось забітыя, вось маці, якія плачуць, а мы гэта церпім. Гэта яшчэ адна матывацыя, чаму гарантыі NATO будуць выкананыя. Згадзіся, нічога з гэтага не было адносна Ўкраіны. Не было такога, каб амэрыканцы паўтаралі: гэтыя гарантыі будуць заўсёды выконвацца.

Навумчык: Пагаджуся – не было. І ў дачыненьні да Беларусі не было. Што, у прынцыпе, азначае, што ядзерная зброя была выведзеная пад «чэснае слова», якое аказалася… Ну, ня буду канкрэтызаваць.

Дракахруст: Сыстэмы супрацоўніцтва NATO і Ўкраіны не было. Шчыльнасьць кантактаў была непараўнальная з тым, што існуе ў межах NATO. Так, ёсьць на паперы гарантыі. Але калі б гэтыя гарантыі ўсурʼёз хтосьці прытрымліваўся б, дык мусіла б быць падрыхтаваная інфраструктура таго, як гэта будзе выконвацца. Яе проста не было. І таму на падставе аднаго ня будзе выканана другое... Ну, усякае, канешне, у жыцьці бывае. Але думаю, што было б выкананае І самае галоўнае – у Маскве гэта ведаюць. Прынамсі, разумеюць, што рызыка праверыць, ці так гэта – яна вялікая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG