Саліст гурту Brutto і дванаццаціразовы чэмпіён сьвету ў тайскім боксе Віталь Гуркоў распавёў Свабодзе пра сваю баксэрскую залю, адкрыцьцё якой заплянавана на 15 верасьня.
Ідэя стварыць залю і памяшканьне для яе «зваліліся зь неба», кажа Гуркоў. Цяпер каманда шматразовага чэмпіёна жвава спрабуе наладзіць працу і кажа, што названая дата адкрыцьця можа зьмяніцца.
У залі Гуркова будуць прадстаўленыя розныя віды боксу: тайскі, клясычны, кікбоксінг, фітбокс. Са словаў спартоўца, заля плошчаю «невялікая» і будзе разьлічана на пэрсанальныя трэнаваньні і групы індывідуальнага майстэрства.
«Па-першае, гэтую залю я буду выкарыстоўваць як сваю трэнінгавую пляцоўку. Надакучыла езьдзіць па залях Менску і шукаць, дзе можна падрыхтавацца», — сказаў Свабодзе Гуркоў.
Акрамя Віталя Гуркова, у залі будуць займацца:
- дзеці;
- «людзі, якія боксам ніколі не займаліся, але хацелі б паспрабаваць».
Заняткі для дзяцей будуць бясплатныя ці таньнейшыя за рынкавую цану
У залю будуць набіраць дзіцячыя групы. Гуркоў хоча, каб гэтыя заняткі былі бясплатныя, але гэтае пытаньне яшчэ абмяркуюць на трэнэрскай радзе. Іншы варыянт — зрабіць цану меншаю, чым у сярэднім па Менску. Цяпер у сталіцы месячны абанэмэнт на 12 заняткаў каштуе звычайна ад 70 да 90 рублёў, сказаў спартовец.
«Мне б хацелася, каб індывідуальнымі групамі і пэрсанальнымі заняткамі падтрымліваўся менавіта дзіцячы спорт. Таксама трэба, каб быў дзіцячы фідбэк. Але зразумела, што ніхто нікога без жаданьня і падрыхтоўкі на спаборніцтвы выстаўляць ня будзе», — кажа Гуркоў.
Прынцып дзіцячых трэнаваньняў — «павага і адказнасьць». Дзеля гэтага заснавальнік залі плянуе:
- абмежаваць колькасьць дзяцей у групах;
- дамовіцца з бацькамі, каб дзеці не прапускалі трэнінгі.
«Калі ты ня хочаш займацца, тваё месца можа заняць іншы», — сказаў Гуркоў.
Навошта гэтая заля дарослым?
Звычайна ў групах займаюцца па 25–30 чалавек з адным трэнэрам, кажа Гуркоў. Так працаваць вельмі цяжка і не хапае ўвагі трэнэра. У новай залі максымальная колькасьць групы будзе 10–12 чалавек, зь якімі будуць займацца 2 трэнэры.
«Чалавек будзе вывучаць усе тэхнікі (боксу. — РС), каб падымаць свае фізычныя кандыцыі», — сказаў Гуркоў.