На кадравай нарадзе 17 ліпеня Аляксандар Лукашэнка казаў: народ лічыць, што «чыноўнікаў трэба ледзь ня вешаць, шматаць і расшкамутаць», але насамрэч гэта ня так. Чыноўнікаў Аршанскага раёну, казаў ён, трэба «паставіць пад напружаньне», каб людзі адчулі, што «пачалася, вобразна кажучы, рэвалюцыя».
На той нарадзе абмяркоўваліся і кандыдатуры на замену звольненых міністраў архітэктуры і прамысловасьці.
Аляксандар Лукашэнка паабяцаў паслухаць думку міністра замежных спраў Уладзімера Макея, бо «ёсьць някепскія амбасадары, якія атрымалі пэўны досьвед працы» (на пасадзе амбасадара ў Кітаі цяпер працуе, напрыклад, былы памочнік Лукашэнкі, адмысловец у эканамічных пытаньнях Кірыл Руды, але імёны кандыдатаў у міністры прэс-служба не перадае).
А «каб не было размоваў, што людзі ня тыя», казаў Лукашэнка, на нараду былі запрошаныя старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валеры Вакульчык і начальнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру Андрэй Паўлючэнка.
Усе яны прысутнічалі на нарадзе. Але на фота і відэа з нарады па перастаноўках ва ўрадзе няма кіраўніка ўраду — прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова.
Затое ёсьць экс-прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч, які цяпер старшынюе ў Савеце Рэспублікі, а таксама старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка.
Побач з Паўлючэнкам сядзелі старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў і кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава.
Пасьля рэзкай крытыкі Лукашэнкам цяперашні ўрад у сацсетках называюць «урадам пафігізму», бо Лукашэнка абвінаваціў кіраўніцтва ўраду ў «пафігічным стаўленьні да даручэньняў прэзыдэнта». Але на нарадзе 17 жніўня Лукашэнка паабяцаў адказаць і тым, хто ў інтэрнэце «спрабуе кінуць камень у агарод тых рашэньняў», якія ён прымае.