Вулічныя пратэсты, затрыманьні, разгон намётавага мястэчка пасьля выбараў-2006 і шматлікія пагрозы выключэньня з унівэрсытэту — былая актывістка «Маладога фронту» Маўлюда (Людвіся) Атакулава распавядае пра змагарнае мінулае і айцішнае сёньня ў праекце Свабоды «Забытыя. Размовы з героямі ўчорашніх дзён».
Сотні студэнтаў падпісваліся ў яе абарону
«Рыхтуйся, цябе будуць выключаць», — папярэдзіла кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту сваю студэнтку, маладафронтаўку Маўлюду (Людвісю) Атакулаву пасьля шэрагу затрыманьняў і адміністрацыйных зьняволеньняў.
Лісты з сотнямі подпісаў у падтрымку Людвісі студэнты БДЭУ накіравалі ў дэканат: «У маю абарону падпісваліся нават тыя студэнты, якіх я асабіста ня ведала». Кожнага падпісанта пэрсанальна выклікалі на размову ў дэканат.
Ураджэнка Жыткавічаў Маўлюда Атакулава да «Маладога фронту» далучылася, калі паступіла на першы курс менскай ВНУ ў 2006 годзе.
«У мяне мама — даўняя і цяперашняя сяброўка Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, і яна выхоўвала мяне на беларускіх нацыянальных каштоўнасьцях ды ў духу свабоды», — кажа Людвіся.
Першы актыўны ўдзел — у жыцьці і змаганьні «Намётавага мястэчка», якое паўстала на Кастрычніцкай плошчы Менску на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Маўлюду затрымалі падчас гвалтоўнага разгону, але вызвалілі з прычыны ўзросту. Дзеля гэтага маці мусіла прыехаць у Менск з Жыткавічаў, бо непаўналетнюю не выпускалі з пастарунку без дарослых.
Адбыла дзясяткі сутак адміністрацыйнага зьняволеньня ў выніку ўдзелу ў шэрагу мітынгаў, вулічных акцыяў салідарнасьці і пратэсту.
«Падчас адной з адседак на Акрэсьціна мы былі ў суседніх камэрах з нашымі хлопцамі. То перастукваліся зь імі празь сьцяну, а вечарамі пры вэнтыляцыях сьпявалі песьні».
Скончыўшы Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт, Маўлюда два гады адпрацоўвала паводле разьмеркаваньня ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі». Затым вярнулася ў Менск. Працуе ў ІТ-кампаніі. Грамадзка-палітычнай дзейнасьцю не займаецца.
«Быў рамантычны час і ўзьнёслая гісторыя змаганьня»
— Маўлюда ці Людвіся — як правільна да вас зьвяртацца і адкуль такое незвычайнае імя?
— Фармальна маё імя Маўлюда — з націскам на апошні склад, а Людвіся — гэта на беларускі манер, бо мяне хрысьцілі як Людмілу. Мой тата — узбэк па нацыянальнасьці, ён мяне гэтак і назваў. Азначае — «дзяўчынка, дзіцятка».
Раней яно мне не падабалася, дый людзям звычайна хочацца прасьцей. Таму называлі Людай, Люсяй, нават пахрысьцілі Людмілай. Але цяпер наадварот — люблю, калі кажуць «Маўлюда».
А па-беларуску з гэтым «у нескладовым» дык зусім экзотыка. Адзін мой сябар, грузін, у перапісцы заўжды адмыслова дзесьці гэтае «у нескладовае» выкапіюе і ўставіць, калі да мяне зьвяртаецца, гэтак яму «Маўлюда» падабаецца.
— Тры, сем, дзесяць, пятнаццаць сутак зьняволеньня, якія вы адбывалі — гэта для юнай паненкі як?
— Гэта быў такі рамантычны час і ўзьнёслая гісторыя змаганьня. Падчас нейкіх акцыяў затрымлівалі адразу па некалькі чалавек, і, да прыкладу, аднойчы пятнаццаць сутак уся камэра была нашых дзяўчат. Мы там і песьні сьпявалі, і кніжкі чыталі, і вершы дэклямавалі.
Распавядалі гісторыі, як каго затрымлівалі. У мяне быў выпадак, калі прыехаў у госьці мой брат з Гомля, таксама студэнт, і нас абаіх затрымалі на канцэрце — былі такія прэвэнтыўныя затрыманьні перад нейкай акцыяй. Але паколькі на майго брата загаду не было, то нашыя студэнцкія пасьведчаньні паглядзелі і яго адпусьцілі, сказаўшы: вось вы вольны, бо не брыдкасловіце, а вашу сястру затрымліваем за брыдкаслоўе.
Калі сядзіш з чужымі, то пятнаццаць сутак — гэта даволі цяжка
Хлопцы-дзяўчаты, натуральна, паасобку сядзелі, то мы праз вэнтыляцыю, памятаю, са Зьмітром Хведаруком песьні патрыятычныя адзін аднаму сьпявалі — «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» на ўсё Акрэсьціна. Але так было са сваімі людзьмі, а калі сядзіш з чужымі, то пятнаццаць сутак — гэта даволі цяжка. І гэта цяпер згадваецца з усьмешкай, а там, натуральна, нічога радаснага няма.
«За мяне падпісваліся людзі, якіх я ніколі ня ведала»
— Гэтыя «адседкі» былі для вас страчаным часам ці знойдзеным досьведам?
— Натуральна, што знойдзеным досьведам. Бо ў камэру ты трапляеш з самымі рознымі людзьмі. Памятаю, была жанчына з крымінальнай справай, іншая — хворая на рак, тыя, што трапілі па п’янцы. Кожная мела сваю гісторыю, перажывала сытуацыю па-свойму.
У сваім звычайным жыцьці я б ніколі не сутыкнулася з гэтымі людзьмі — гэта такая школа жыцьця.
— Але як вам удалося скончыць унівэрсытэт? Вельмі многіх актывістаў выключылі за палітычную актыўнасьць — яны атрымлівалі адукацыю за мяжой ці нідзе.
— Пашанцавала, напэўна. Праўда, мяне пагражалі выключыць увесь час. Але калі пытаньне стала так, што мусілі даць згоду ўсе дэканы, студэнцкі прафсаюз, то студэнты за мяне заступіліся.
Сабралі больш за пяцьсот подпісаў у маю абарону і перадалі ў дэканат. Прычым ініцыявалі збор тыя студэнты і падпісваліся тыя людзі, якіх я ніколі ня ведала. Я і сёньня ўсім вельмі ўдзячная. Натуральна, гэта мяне вельмі моцна ўзрушыла тады — я паверыла ў нашую салідарнасьць.
«І сёньня жыву тымі ж ідэаламі і перакананьнямі»
— Тым ня менш сяброўства ў «Маладым фронце» і агулам грамадзка-палітычную актыўнасьць вы прыпынілі.
— Так, мой апошні ўдзел у буйной палітычнай падзеі — мітынг пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Мяне тады таксама затрымалі, ноч я прабыла за кратамі, а ранкам адбыўся суд — акурат у мой дзень нараджэньня. Сакратарка ў судзе зьвярнула на гэта ўвагу, і судзьдзя тады: штраф.
Тады ж я скончыла ўнівэрсытэт і на два гады зьехала працаваць па разьмеркаваньні ў Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Так мая палітычная актыўнасьць спынілася.
— Але чаму — перашкодзіла адлегласьць фізычная ці ідэалягічная?
— Не, мне нічога не перашкодзіла. Па-першае, у мяне і тады не было спадзяваньняў, што мы зробім рэвалюцыю і захопім уладу. Не, ня з гэтых памкненьняў я стала актывісткай. А таму, што мне падабаліся самі нашыя лідэры і ідэі, якія яны трансьлявалі. Я ставілася да нашых лідэраў зь вялікай павагай і захапленьнем: разумныя, адважныя і змагаюцца не за кар’еру і не за грошы, а маюць такую ж сьветлую, як і самі, ідэю, за якую гатовыя ахвяраваць жыцьцямі.
І мне прышчапілі гэтую нацыянальную ідэю, натхнілі на дзейнасьць. А калі яны яшчэ апынуліся за кратамі незаконна і несправядліва, то проста нельга было маўчаць.
Праз два гады адпрацоўкі вярнулася ў Менск, але ўжо ведала, што ў актывізм не вярнуся
Праз два гады адпрацоўкі — у 2012 годзе — вярнулася ў Менск, але ўжо ведала, што ў актывізм не вярнуся — займуся звычайнай працай. Да таго ж прайшоў той юнацкі актыўніцкі запал. У мяне была спэцыялізацыя «Рэстаранны і гатэльны бізнэс» — і я пайшла працаваць у рэстарацыю, бо трэба зарабляць грошы, неяк жыць.
Я і сёньня жыву тымі ж ідэямі, тымі ж ідэаламі і перакананьнямі, але ні ў палітыцы, ні ў грамадзкай дзейнасьці я сябе ніколі ня бачыла.
«Я не баюся, што цяпер пайду на акцыю і мяне затрымаюць»
— Ці паўплывалі тыя падзеі на вашае цяперашняе жыцьцё, ці рабілі вы якое падсумаваньне з таго пэрыяду?
— Ні на маю працу, ні на маё месца жыхарства ці маю сямʼю гэта не паўплывала ніяк. Але ў мяне засталося шмат сяброў, вельмі шмат знаёмых з тых часоў, з многімі працягваю кантактаваць. Іншым разам хаджу на сьвяты — сёлета на 100-годзьдзе БНР, летась і сёлета была ў Курапатах разам з абаронцамі. І пры гэтым я не баюся, што вось пайду на нейкую акцыю, мяне затрымаюць і звольняць з працы — такога страху ў мяне няма з часоў актывізму.
Дзякуючы сябрам-маладафронтаўцам у мяне ёсьць сьветлае, аптымістычнае адчуваньне, што ўсё памяняецца незалежна ад нас
Акрамя таго, я больш стала разумець, як нашая Беларусь уладкаваная. А таму ў мяне няма спадзяваньняў, што зьмяніць штосьці можна хутка і лёгка. Але дзякуючы тым сябрам-маладафронтаўцам, якіх спаткала на сваім шляху, у мяне ёсьць сьветлае, радаснае, аптымістычнае адчуваньне, што ўсё памяняецца незалежна ад нас.
Магчыма, мы рабілі штосьці ня так, мала. Але ёсьць шмат людзей, якія робяць проста тытанічную працу: праводзяць фэсты, здымаюць фільмы, шыюць нацыянальную вопратку. Усё гэта дае надзею і аптымізм, што вялікай сілай усё памяняецца да лепшага.
«ІТ-кампаніі — гэта перамены, якіх мы і ўявіць нават не маглі»
— Чым вы займаецеся сёньня?
— Досыць доўга працавала ў рэстарацыі, і гэта быў варты досьвед. Але цяпер раблю эканамістам у ІТ-кампаніі. Вырашыла істотна зьмяніць поле прафэсійнай дзейнасьці і пайшла ў ІТ-кампанію паглядзець, што гэта за такі зьвер. Не магу сказаць, што гэта маё пакліканьне, але паўгода, што тут працую, мне цікава і карысна.
— Ужо высьветлілі, што гэта за зьвер? Ці наадварот — там працуюць нейкія небажыхары?
— Калі прыйшла, то нават не магла зразумець, як гэтулькі разумных людзей маглі адначасна сабрацца ў адным месцы. Усе яны маладыя, адукаваныя, амбітныя, шмат вандруюць — у адрозьненьне ад іншых катэгорый нашых людзей.
Агулам жа ІТ-кампаніі — гэта перамены, якіх мы і ўявіць нават не маглі. І мне падаецца, што ІТ-сфэра для Беларусі — гэта цікавы кірунак для далейшага разьвіцьця.
— Ці ёсьць шанец на жыцьцё ў гэтым асяродзьдзі для беларускай мовы, гісторыі ці культуры?
— Так, ёсьць. Паколькі людзі тут маладыя і актыўныя, то прысутнічаюць тут і вышыванкі, і майкі, і заколкі ў нацыянальным стылі, і па-беларуску размаўляюць. Не магу сказаць, што нацыянальнага ў гэтым асяродзьдзі больш ці менш — хутчэй за ўсё, як і ва ўсім грамадзтве.
Хоць бывае і так, што да нацыянальнай ідэі — як да месяца. Магчыма, што і ў гэтым ёсьць пэўная праўда, але ўсё ж нейкія пробліскі ёсьць, усё ня так безнадзейна.
«Я не змагла б пакінуць сяброў, маці, магілы продкаў»
— Ці задаволеныя вы цяперашнім жыцьцём? Ці не спрабавалі пашукаць лепшай долі за мяжой, як гэта зрабілі, напэўна, многія вашы паплечнікі ці знаёмыя?
— У мяне звычайнае халасьцяцкае жыцьцё: жыву ў найманай кватэры, пакуль няма сямʼі і дзяцей — канцэрты, сустрэчы, да мамы дахаты езджу, дзе вельмі люблю адпачываць. Ёсьць у мяне такое шчымленьне, што, можа, маё жыцьцё і занадта «лайтовае» — пэўна, трэба займацца чымсьці больш карысным і важным. Але рабіць гэта трэба з чыстым сэрцам. Спадзяюся, што наступныя гады падораць мне такое захапленьне.
Я ніколі ня думала зьехаць, бо вельмі люблю беларусаў
І я ніколі ня думала зьехаць, бо вельмі люблю беларусаў. Мне падаецца, што я не змагла б жыць сярод людзей іншых нацыянальнасьцяў, бо яны вельмі ад нас адрозьніваюцца, а беларусы — тое, што трэба.
Я не змагла б пакінуць сяброў, маці, магілы продкаў. Але ніколі не асуджаю тых, хто зьехаў, хто вырашыў вярнуцца ці не вяртацца — у кожнага свой шлях.
5 пытаньняў Свабоды
— Беларуская нацыянальная ідэя — гэта...?
— Гэта годная, незалежная, хрысьціянская краіна, дзе шануецца розум і чалавек. Якая павінна заняць пачэсны пасад між іншых народаў.
— Назавіце трох нацыянальных герояў Беларусі.
— Нацыянальны герой Беларусі № 1 — Кастусь Каліноўскі. Затым — айцы-заснавальнікі БНР і Зянон Пазьняк.
— Якая кніга найбольш паўплывала на вас як на асобу?
— Я ня вельмі часты наведнік бібліятэкі і асобную кнігу, бадай, ня вылучу. А калі аўтара, то Ўладзімер Караткевіч.
— Колькі грошай вам патрэбна для поўнага шчасьця?
— Пакуль я жыву адна, безь сямʼі, то грошай патрэбна гэтулькі, каб хапала наймаць кватэру і каб ня думаць, што заўтра есьці. Але калі будуць дзеці, то гэта будзе больш складанае пытаньне.
— Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
— Я думаю, што зьмена ўлады прыйдзе, адкуль не чакаеш, непрадказальна — як прыходзяць перамены з боку ІТ-сфэры. І я думаю, што ня столькі зьмена кіраўніка краіны павінна адбыцца, колькі паступовыя рэформы і пазбаўленьне ад страху, які ёсьць у галовах людзей. А гэта зойме не адно дзесяцігодзьдзе.