У другой гульні 3-га кваліфікацыйнага раўнду футбольнай Лігі Эўропы менскае «Дынама» разгромна прайграла ў Санкт-Пецярбурзе мясцоваму «Зэніту» зь лікам 1:8.
Нягледзячы на хатнюю перамогу (4:0), па сукупнасьці забітых і прапушчаных галоў беларускі клюб пакінуў турнір.
Праз санкцыі UEFA гульня ў Санкт-Пецярбурзе праходзіла пры амаль пустых трыбунах — прысутнічалі толькі заўзятары «Дынама». Не дапамагло беларусам і тое, што апошнія 20 хвілінаў асноўнага часу яны гулялі ў большасьці — пасьля выдаленьня футбаліста гаспадароў.
У першым тайме «Зэніт» забіў адзін гол, у другім яшчэ тры, што дазволіла перавесьці гульню ў дадатковы час. На яшчэ чатыры трапныя ўдары гаспадароў у дададзеныя 30 хвілінаў госьці здолелі адказаць толькі адным голам. Як вынік — найбуйнейшая параза беларускіх клюбаў за ўсю гісторыю выступленьня ў эўракубках.
«Зэніт» — самая забясьпечаная каманда на постсавецкай прасторы. Меркаваны гадавы бюджэт расейскага клюбу — 180 мільёнаў даляраў. Для параўнаньня, бюджэт менскага «Дынама» — усяго 4 мільёны даляраў.
Увечары 9 жніўня, перад матчам трэцяга кваліфікацыйнага раўнду Лігі Эўропы паміж менскім «Дынама» і пецярбурскім «Зэнітам» расейскія футбольныя фанаты прайшліся па цэнтры Менску, шэсьце было санкцыянаванае. Яны выкарыстоўвалі піратэхніку, і міліцыя ім у гэтым не перашкаджала. Але на стадыёне падчас матчу былі затрыманьні.