Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытач Бараноўскі: Цікавыя ўсе жанры


Міхал Бараноўскі
Міхал Бараноўскі

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае паэт і бард Міхал Бараноўскі.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Спачатку хацелася б акрэсьліць мэты, з якімі бяру ў рукі кнігі, бо яны розныя. Працуючы ў літаратурным музэі Максіма Багдановіча, даводзіцца даволі шмат літаратуры чытаць па тэме — зборнікі артыкулаў, біяграфіі, манаграфіі, крытыку. Часам гэта ў задавальненьне, часам патрабуе немалых намаганьняў, бо… каб не працоўная тэма, то ніколі б не чытаў «нешта» напісанае мёртвай мовай, ды яшчэ з сумнеўнай ідэйнай скіраванасьцю. Тое ж можна сказаць пра чытаньне ў якасьці члена журы. Бо трэба дачытваць кнігі, якія паставіў бы ў краме назад на паліцу па азнаямленьні з парай старонак… І зусім іншая справа, калі ты вольны ў выбары: гэта пошук сваіх аўтараў у мастацкай літаратуры — замежнай і нашай. Гэта чытаньне навуковай і навукова-папулярнай літаратуры па псыхалёгіі, культуралёгіі, міталёгіі, некаторых дакладных навуках, ды… спартовыя падручнікі.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

С. Бэкет «У чаканьні Гадо» — бяссэнсіца, роспач, трагікамізм і праз гэта ўсё праглядвае прага да чалавека. Вельмі шчымлівы твор.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Усё пералічанае вышэй, плюс наведваньне мерапрыемстваў. Да таго ж стараюся знайсьці сваіх аўтараў і калі знаходжу нейкі водгук унутры альбо цікавы рух думкі — спрабую адшукаць іх іншыя кнігі. Тое ж да цікавых кніжных сэрый, патрапіўшы на адну-дзьве кнігі… шукаеш астатнія. Наткнуўшыся на трапную параду крытыка (цяперашняга ці даўняга), па інэрцыі прыслухоўваюся да іншых яго меркаваньняў.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Кніга «Археалёгія розуму» Джорджа Франкла — чалавек у нейкі момант гісторыі свайго разьвіцьця набыў магчымасьць нараджаць дзетак незалежна ад пары году і разарваў ледзь не галоўнае прыроднае кола. Раней пра гэта не задумваўся.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Раман нобэлеўскага ляўрэата з Ісьляндыі Халдура Лакснэса «Атамная база» — такі сабе паўночны магічны рэалізм. Жыцьцё ў суладзьдзі з багамі і наступнасьць, якая грукае ў дзьверы. Нечым пераклікаецца з нашым паганска-хрысьціянскім сьветасузіраньнем.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Эсэ — Валянцін Акудовіч, Сяргей Дубавец, Алесь Анціпенка, Міхал Анемпадыстаў.

Публіцыстыка — Альгерд Бахарэвіч, Уладзімер Мацкевіч.

Аповесьці — Зараслава Камінская, Ігар Бабкоў, Антон-Францішак Брыль, Юры Станкевіч.

Апавяданьні — Пятро Васючэнка, Адам Глобус, Павал Касьцюкевіч.

Паэзія — Андрэй Адамовіч, Віталь Рыжкоў, Тацяна Сапач, Марыйка Мартысевіч.

Крытыка — Ціхан Чарнякевіч, Ганна Кісьліцына, Андрэй Адамовіч, Андрэй Хадановіч (нататкі пра вершы), Конрад Ярафееў.

Журналістыка — Максім Жбанкоў, Тацяна Заміроўская, Мікіта Мелказёраў.

Замежныя аўтары: Сяргей Жадан — раманы і паэзія; Уладзімер Сарокін — апавяданьні.

Але насамрэч іх болей…

Для мяне месца моцы — у Белавежы

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Кніжка казак «Людзей слухай, а свой розум май». Кніжка Сярожы Пістончыка «Далоў дарослых». Апавяданьне 30-х гадоў Васіля Сташкевіча «Гісторыя аднае лазьні». Байкі Кандрата Крапівы.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Апошні раз такое было па прачытаньні рамана Караткевіча «Нельга забыць», апошнія 20 старонак якога і не дачытаў.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Том поўнага збору твораў Янкі Купалы з публіцыстыкай, што выходзіла ў 30-я гады. Усьведамленьне таго, што можа зрабіць сыстэма з выдатным чалавекам.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Цікавыя ўсе жанры.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Апошнім часам з паперы, але можна і электронны варыянт, калі цяжка знайсьці кнігу. Некалькі кніг адначасова — нешта па працы, нешта з паэзіі, нешта з прозы і навуковыя — каб розныя жанры толькі былі. Калі выпадае вольная хвіліна. Шмат чытаю ў мэтро.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Збольшага ведаю. Разьмяркоўваю па сэрыях, тэмах і жанрах і часам аўтарах. У бліжэйшай дасяжнасьці стараюся трымаць кнігі, якія першыя ў чарзе на прачытаньне.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Кніжкі з аўтографамі Караткевіча, Быкава, Мележа. Ды арыгінальныя кнігі беларускіх адраджэнцаў пачатку 20-га стагодзьдзя.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Кніжка «Мяне няма» Валянціна Акудовіча.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Гамлет і Яга Шэксьпіра, Стаўрогін Дастаеўскага і колькі герояў дэтэктыўнага жанру (напрыклад Фандорын ці Ганібал Лектар).

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Чытаў мала. У памяці засталося некалькі кніжак казак, як беларускіх народных, так і замежных у перакладзе на беларускую — як то цудоўная кніга «Латыскія народныя казкі».

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Не падабаецца мне прымушаць. Параіў бы пагартаць кнігу «Краіна Беларусь» Уладзімера Арлова ды томік «Расстраляная літаратура» з сэрыі «Беларускі кнігазбор».

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Багдановіча, Шэксьпіра, Караткевіча.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Штэфана Цвайга альбо Эдварда Радзінскага — хутчэй успрымайце гэта як параду пазнаёміцца зь іх працамі.

Што вы перачытваеце?

Перачытваю сваіх аўтараў. У першую чаргу гэта паэзія: Алесь Наўроцкі, Аляксандр Чакс, Юлі Таўбін, Андрэй Адамовіч, Уладзімер Караткевіч, Сяргей Жадан, Віслава Шымборска, любімыя вершы зь некалькіх дзесяткаў кніжак розных замежных і нашых пісьменьнікаў.

З прозы перачытваю значныя для мяне эсэі: Абдзіраловіча, Акудовіча.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Спадзяюся сканцэнтравацца на раманах. Бо іх чытаць пакуль не хапае ўвагі. Чакаюць сваёй чаргі Маркес і Гамсун з Нобэлеўскай сэрыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG