Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ апублікавала відэа, як калёны грузавікоў з Расеі заяжджаюць на Данбас


Спэцыяльная маніторынгавая місія АБСЭ ў Данбасе апублікавала відэа з бесьпілётніка, які зафіксаваў, як калёны грузавікоў ноччу ўяжджаюць на тэрыторыю ўсходняй Украіны з боку Расеі і выяжджаюць з Украіны ў месцы, дзе адсутнічаюць памежна-прапускныя пункты.

Паводле справаздачы місіі, несанкцыянаваны рух транспарту быў зафіксаваны ў ноч на 8 жніўня.

Як відаць на відэа, адна калёна зь сямі грузавікоў па грунтавой дарозе, далёкай ад пунктаў пропуску, заехала на тэрыторыю Ўкраіны. Празь некалькі хвілін іншая падобная калёна з «КамАЗаў» і «УАЗаў» перасякла расейска-ўкраінскую мяжу, выехаўшы зь непадкантрольнай украінскаму ўраду тэрыторыі Данбасу.

«Так Расея падтрымлівае баявыя дзеяньні» — спэцпрадстаўнік ЗША ў пытаньнях Украіны

Спэцыяльны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША ў пытаньнях Украіны Курт Волкер пракамэнтаваў відэа, якое апублікавала Спэцыяльная маніторынгавая місія АБСЭ.

«Гэта яшчэ адзін шлях, якім Расея наўмысна працягвае канфлікт і падтрымлівае баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны, нягледзячы на міжнародныя намаганьні, накіраваныя на ўсталяваньне міру ва Ўкраіне», — напісаў Волкер у Twitter.

Волкер таксама падкрэсьліў, што Расея блякуе эфэктыўны маніторынг межаў і перашкаджае працы АБСЭ ў гэтых раёнах.

«Вось відэа назіральнай місіі АБСЭ, дзе відаць, як канвоі грузавікоў незаконна перасоўваюцца паміж Украінай і Расеяй. Нагадваю, што Расея заблякавала эфэктыўную місію па маніторынгу межаў і яе сілы пастаянна перашкаджаюць візытам СММ на мяжу», — напісаў Волкер.

Кіеў і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР». Крэмль абвінавачваньні абвяргае.

У выніку канфлікту на ўсходзе Ўкраіны з красавіка 2014 году ў рэгіёне загінулі больш за 10 000 чалавек.

За апошнія суткі, паводле дадзеных Кіева, баевікі 36 разоў парушылі рэжым спыненьня агню, трое ўкраінскіх вайскоўцаў былі параненыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG