«Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына выклікаюць у суд па пазове бізнэсоўца Аркадзя Ізраілевіча аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Пра гэта паведаміла само выданьне.
Меркавана нагодай зьяўляецца апублікаваная ў «Новым часе» сэрыя артыкулаў Дзяніса Івашына пра тых, хто мае дачыненьне да пабудовы ў Курапатах рэстарану «Поедим поедим».
«Ня трэба рабіць зь мяне вылюдка», — бізнэсовец Ізраілевіч з топ-100 кажа, што не зьвязаны з рэстаранам у Курапатах
Судовае паседжаньне мае адбыцца 29 жніўня ў 10:30 у судзе Савецкага раёну Менску.
«Няма й гаворкі, што ў расьледаваньнях былі нават намёкі на абразу. Уся выяўленая інфармацыя вэрыфікаваная й дакумантальна пацьверджаная» — напісаў Дзяніс Івашын на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах:
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.