Microsoft ацаніў шкоду ад дзеяньняў хакера, жыхара Рэчыцы Сяргея Яраца ў 10 мільёнаў даляраў. У бюджэт Беларусі абвінавачаны вярнуў 11 тысяч беларускіх рублёў — прыбытак, атрыманы злачынным шляхам. Суд пакараў яго штрафам у 2940 рублёў. Але штраф ён сплачваць ня будзе — бо шэсьць месяцаў адседзеў у СІЗА.
Свабода назірала за ўнікальным для Беларусі працэсам, фігуранта якога браў ФБР.
Інфарматар ФБР меў нік Джыгурда
У лістападзе 2017 году ў Рэчыцы прайшла спэцапэрацыя з удзелам ФБР і Сьледчага камітэту Беларусі. Быў затрыманы 33-гадовы Сяргей Ярац. Доўгія гады ён хаваўся пад нікам Ar3s і стаяў за найбуйнейшым і найстарэйшым ботнэтам Andromeda.
Беларус прадаваў шкоднаснае праграмнае забесьпячэньне і адміністраваў форумы, дзе абмяркоўвалі, як рабіць кібэрзлачынствы.
Супрацоўнікі ФБР ЗША купілі ў беларуса шкоднаснае праграмнае забесьпячэньне. Зыходны код гэтай праграмы быў правераны спэцыялістамі ў галіне інфармацыйнай бясьпекі, якія далі заключэньне аб яго шкоднаснасьці. Дарэчы, нік у інфарматара ФБР быў Джыгурда.
У кастрычніку 2016 году карпарацыя Microsoft паведаміла, што названым праграмным забесьпячэньнем штомесяц заражаецца ад трох да чатырох мільёнаў кампутараў па ўсім сьвеце. Шкоду кампанія ацаніла ў 10 мільёнаў даляраў.
«У ЗША я не паеду. Напэўна, і ў эўрапейскія краіны таксама», — сказаў абвінавачаны.
Абвінавачаньне зьмякчылі празь «неацэнную дапамогу сьледзтву»
9 жніўня суд Рэчыцкага раёну скончыў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да Сяргея Яраца. На апошнім паседжаньні падсудны прадставіў квітанцыю, што сплаціў 11 тысяч рублёў — прыбытак ад злачыннай дзейнасьці.
Першапачаткова Сяргею Ярацу інкрымінавалася частка 2 артыкула 354 Крымінальнага кодэксу — распрацоўка кампутарных праграм ці ўнясеньне зьменаў у існуючыя праграмы з мэтай несанкцыянаванага зьнішчэньня, блякаваньня, мадыфікацыі інфармацыі зь цяжкімі наступствамі. Санкцыі — да 10 гадоў пазбаўленьня волі. На сьледзтве справа была перакваліфікаваная на першую частку, па якой максымальны тэрмін — два гады пазбаўленьня волі.
Адвакатка Ганна Дакуцько падкрэсьліла, што сьледзтва было ўнікальнае тым, што абвінавачаны ня проста распавядаў пра свой удзел у зьдзяйсьненьні злачынства і актыўна дапамагаў сьледзтву, а ў пэўнай ступені кансультаваў сьледчых — як і што трэба рабіць, каб выкрыць яго.
«Гэта той злачынец, які аказаў неацэнную дапамогу сьледзтву. Сьледчы быў высокакваліфікаваны, прасунуты, але нават ягоных ведаў было недастаткова. І Сяргей яму расказваў, як супраць сябе знайсьці доказы», — кажа Ганна Дакуцько.
Яна ўпэўнена: яе падабароннага трэба выкарыстоўваць максымальна выгадна ў інтарэсах краіны, асабліва цяпер, пад брэндам IT.
Адвакатка цьвердзіць, што Сяргей — адзіны, каго ў Беларусі «брала ў палон» ФБР. Яна зьвяртае ўвагу — беларусам, а таксама расейцам, украінцам і казахстанцам Сяргей прынцыпова не рабіў шкоды.
«Калі ў Беларусі ніхто не пацярпеў — то і караць ня трэба за злачынства? Вызваліць яго не зусім правільна»
Абвінавачаньне ў судзе падтрымліваў пракурор Рэчыцкага раёну Мікалай Беларусаў. Ён лічыць віну Сяргея Яраца цалкам даказанай. Сам абвінавачаны прызнаваўся ў злачынстве, актыўна супрацоўнічаў са сьледзтвам. Абставіны, якія абцяжарваць віну — зьдзяйсьненьне злачынстваў з карысьлівых мэтаў, групай асоб па папярэдняй змове. Зьмякчае віну тое, што абвінавачаны раскаяўся, спрыяў выяўленьню злачынства, добраахвотна сплаціў грошы, атрыманыя злачынным шляхам.
Пракурор прасіў прызначыць пакараньне — два гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам на адзін год.
Адвакатка ў спрэчках зазначыла, што злачынства не ўяўляе небясьпекі для Рэспублікі Беларусь, бо грамадзтву і кожнаму грамадзяніну паасобку не прычынена ніякай маёмаснай або маральнай шкоды.
Пракурор ня быў згодны зь ёй.
«Для Рэспублікі Беларусь не наступіла наступстваў злачынства, але яно носіць міжнародны характар. І калі ў нас ніхто не пацярпеў — давайце ня будзем чалавека прыцягваць да крымінальнай адказнасьці? Вызваліць яго — гэта не зусім правільна. Таму што наступствы, сур’ёзныя, наступілі. Факт продажу шкоднасных праграм быў устаноўлены», — запярэчыў Мікалай Беларусаў.
На яго думку, адмова распаўсюджваць Andromeda на тэрыторыі Беларусі і краін СНД — не праява высакароднасьці, а перасьцярога, каб злачынцу ня выкрылі.
Andromeda стварыў «геній-алькаголік»
У апошнім слове Сяргей Ярац быў ляканічны: віну цалкам прызнаю, раскайваюся. У кулюарах ён сказаў, што пытаньні бясьпекі — ягоны «канёк». На момант затрыманьня жыхар Рэчыцы працаваў на тры беларускія арганізацыі, дзе займаўся абаронай карпаратыўных дадзеных, усталёўваньнем і наладжваньнем сыстэм бясьпекі. Зацікавіўся спэцыялізаванымі форумамі. Адміністраваў адзін зь іх — рабіў агляды праграм, тэхнічныя аналізы.
Ён кажа, што Andromeda стварыў іншы праграміст — «геній і алькаголік». Нібыта ён жыве невядома дзе, магчыма, у Расеі. Сяргей жа толькі рабіў агляд Andromeda па просьбе праграміста. Потым згадзіўся, па просьбе таго праграміста, быць прадстаўніком Andromeda.
«Ён сам не ўпраўляўся, працы было шмат, кліентаў таксама. Яшчэ часта ён сыходзіў у жорсткія запоі, пісаў мне потым, прасіў грошы. Ён вельмі жорстка піў, часам па два тыдні. Праграміст ад Бога, і вар’ят, калі нап’ецца», — кажа Сяргей Ярац.
Ён узяў у праграміста зыходны код — на выпадак, калі той зноў пойдзе ў запой.
«Зыходны код гадамі ляжаў у мяне на цьвёрдым дыску. Потым была вось гэта кантрольная закупка ад ФБР», — кажа абвінавачаны.
Судзьдзя Станіслаў Іванюценка прызнаў Сяргея Яраца вінаватым у злачынстве і пакараў штрафам у памеры 120 базавых велічыняў. Паколькі абвінавачаны 6 месяцаў прабыў у СІЗА, а гэта прыраўноўваецца да пазбаўленьня волі, то штраф яму плаціць ня трэба.
Пакуль Сяргей Ярац будзе працаваць у мясцовай кампаніі «Тэлевід» — там ён раней быў галоўным інжынэрам.
«Клічуць назад на працу, маўляў, безь цябе ніяк», — дадаў жыхар Рэчыцы. А потым, кажа, паглядзіць — дзе яму прымяніць свае здольнасьці.