Заява старшыні камісіі сэнатара Роджэра Ўікера з нагоды рэйдаў праваахоўных органаў на офісы незалежных мэдыя-кампаній.
Хэльсынская камісія ЗША, вядомая таксама як Камісія бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, апублікавала заяву яе старшыні — амэрыканскага сэнатара Роджэра Ўікера. Ніжэй прыводзім яе тэкст:
«Жыхары Беларусі маюць права ведаць, што менавіта адбываецца ў іхнай краіне. Журналісты, якія рызыкуюць асабістай бясьпекай, кідаючы выклік падкантрольным дзяржаве СМІ і таму, як яны асьвятляюць падзеі, выконваюць такім чынам карысную грамадзтву справу. Тое, што прэзыдэнт Лукашэнка наўмысна ўціскае незалежныя навінавыя агенцтвы, ушчамляе правы ўсяго насельніцтва. Беларускія ўлады павінны вызваліць затрыманых журналістаў і спыніць перасьледаваць тых, хто прысьвячае сваё жыцьцё таму, каб раскрыць праўду і падзяліцца ёю зь іншымі».
Хэльсынская камісія адкрыта падтрымлівае дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Яна арганізавала і правяла пераважную большасьць слуханьняў у Кангрэсе, грамадзкіх слуханьняў і сходаў, прысьвечаных тэме Беларусі. Дэлегацыя Кангрэсу (CODEL) на летнім форуме Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ 2017 году, што прайшоў у Менску, сустрэлася і з прэзыдэнтам Лукашэнкам, і з дэмакратычнай апазыцыяй, і была самай шматлікай з тых, якія калі-небудзь прыяжджалі ў Беларусь.
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.