Злучаныя Штаты ўводзяць санкцыі ў дачыненьні да Расеі ў сувязі з атручваньнем ў брытанскім горадзе Солсбэры былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі. Пра гэта паведамляе Reuters.
Прадстаўніца Дзярждэпартамэнта Гэзэр Наўэрт удакладніла, што, ужыўшы нэрвова-паралітычнае рэчыва ў Вялікабрытаніі, Расея парушыла міжнароднае права.
Новыя абмежаваньні ўступяць у сілу 22 жніўня. У прыватнасьці, уводзіцца забарона на экспарт у Расею тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў сфэры нацыянальнай бясьпекі. Гаворка ідзе аб электронных прыладах, якія выкарыстоўваюцца ў авіяцыі.
Калі Масква на працягу трох месяцаў ня дасьць гарантый, што ня будзе выкарыстоўваць хімічную зброю і не пагодзіцца дапусьціць міжнародных інспэктараў, то Расею чакае новы раўнд санкцый, паведамілі ў Дзярждэпартамэнце. У прыватнасьці, прадугледжваецца забарона палётаў кампаніі «Аэрафлот» у ЗША і скарачэньне ўзаемнага гандлю да мінімуму.