У рэдакцыі эканамічнага тыднёвіка Свабодзе пацьвердзілі, што затрыманы іх супрацоўнік — рэдактар сайту выданьня Аляксей Жукаў.
Аляксей Жукаў працаваў з дому, рэдагаваў і выстаўляў матэрыялы газэты на сайт, часам пісаў матэрыялы для папяровай вэрсіі выданьня.
Тэлефон Жукава і ягонай жонкі пакуль не адказвае, ці мае ён статус падазраванага, у рэдакцыі ня ведаюць.
Раней Свабода паведамляла пра затрыманьне Аляксея Жукава, прадстаўляючы яго як былога рэдактара часопіса «Сельская гаспадарка».
Аляксея забралі разам з жонкай з дому ў Бараўлянах. Пра гэта Свабодзе паведаміла аднакурсьніца Жукава журналістка Вольга Шастакова.
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.