З выпускаючага рэдактара БелаПАН Андрэя Серады ў Сьледчым камітэце 7 жніўня ўзялі падпіску аб неразгалошваньні.
Ён прысутнічаў на ператрусе ў офісе з 8-й да 16-й гадзіны, пасьля ператрусу яго павезьлі ў Сьледчы камітэт на допыт. Адваката ўчора да яго не дапусьцілі. Вызвалілі яго каля 22-й гадзіны. У якасьці каго дапытвалі Андрэя Сераду, невядома, ён будзе раіцца з адвакатам, паведаміла Свабодзе рэдактарка БелаПАНу Ірына Леўшына.
Рэдактарку аддзела «Грамадзтва» парталу Tut.by Ульяну Бабаед некалькі гадзін 7 жніўня трымалі ў Сьледчым камітэце, увечары выпусьцілі. Яна на свабодзе, але ў якім статусе, невядома.
Невядома і пра статус супрацоўніка Tut.by Дзьмітрыя Бобрыка, якога таксама ўчора дапытвалі і адпусьцілі.
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.