Чацьвёра прыхільнікаў БХД, у тым ліку старшыня абласнога аргкамітэту Тацяна Севярынец, затрыманыя і знаходзяцца ў ДАІ райцэнтру Бешанковічы. Кіроўцу вінавацяць у парушэньні ПДД, астатніх трымаюць без прычыны ўжо другую гадзіну.
Паводле Тацяны Севярынец, актывісты яшчэ ў дарозе зразумелі, што за імі сочаць:
«Мы праехалі некалькі пастоў ДАІ, якія пільна за намі назіралі. Потым аўто зь міліцыянтамі нас абагнала, супрацоўнік выйшаў, і пачалося разьбіральніцтва, нібыта наш кіроўца спадар Аляксандар нешта парушыў. На месцы давесьці нічога не змаглі, загадалі ехаць у Бешанковічы».
Спадарыня Тацяна адзначае, што разьбіральніцтва зацягваецца знарок, а яны з Яленай Янушкоўскай, Ірынай Захаравай і Аляксандрам Квілісам меліся прыехаць у Курапаты апоўдні, каб распачаць «віцебскую вахту» каля рэстарацыі «Поедем поедим».
Зь Бешанковіцкага аддзелу ДАІ машыну актывістаў адпусьцілі празь дзьве гадзіны пасьля затрыманьня, склаўшы на кіроўцу пратакол за перавышэньне хуткасьці, але зноўку затрымалі — ужо пад Лепелем, паведаміў Аляксандар Квіліс:
«Супрацоўнікі ДАІ ў Бешанковічах вельмі доўга шукалі аргумэнты на карысьць таго, што была перавышаная хуткасьць. Яўных доказаў у іх не было. Але трэба было хутчэй ехаць, і кіроўца пагадзіўся з пратаколам. На пад’езьдзе да Лепелю нас ізноў затрымалі для праверкі дакумэнтаў», — паведаміў актывіст.
«Камусьці вы вельмі не падабаецеся», — пажартаваў супрацоўнік ДАІ, які атрымаў загад нас затрымаць па рацыі.
Пасьля затрымкі ў Лепелі служба ДАІ зноў спыніла машыну зь віцебскімі актывістамі непалёк ад Лагойску. Мэта — праверка дакумэнтаў, сказаў супрацоўнік, ужо не хаваючы таго, што дзейнічае паводле загаду кіраўніцтва.
У Курапаты віцебскія прыхільнікі БХД усё ж дабраліся, хоць і са спазьненьнем на гадзіну.
Тым часам Партыя БНФ заявіла, што спыняе варту ў Курапатах. У заяве партыі гаворыцца, што курапацкая варта цалкам дасягнула сваіх мэтаў: увага шырокіх колаў беларускай і міжнароднай грамадзкасьці прыцягнутая да амаральнай ды сумнеўнай з пункту гледжаньня нормаў права дзейнасьці ўстановы «Поедем поедим». Далейшыя дзеяньні будуць скіраваныя на змаганьне за належную мэмарыялізацыю Курапатаў і адкрыцьцё праўды пра злачынствы сталінізму ў іх.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах:
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.