5 жніўня паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы ў Лідзкім раёне адбылося ганаровае афіцыйнае адкрыцьцё помніку паўстанцам 1863 году, які ўстанавілі ў ліпені 2018 году. Мэмарыял быў зроблены рукамі актывістаў апазыцыі Лідзкага раёну.
«Адбылося сапраўднае адкрыцьцё нашага народнага мэмарыяла і ўпершыню за 3 гады цырымонія ўшанаваньня паўстанцаў 1863 года», — распавёў сайту Pyx.by сябра Руху «За Свабоду» адзін з арганізатараў мерапрыемства Сяргей Пантус.
Удзельнікі цырымоніі зачыталі больш за 400 імёнаў паўстанцаў 1863 году з Лідзкага павету, кіраўнік мясцовай суполкі ТБМ, сябра Сойму Партыі БНФ Станіслаў Суднік распавёў пра наступствы паўстаньня для сем’яў і мястэчак. Сьвятары праваслаўнай аўтакефальнай царквы асьвяцілі помнік. Завершылася імпрэза канцэртам бардаў.
«Мы будзем дамагацца афіцыйнага прызнаньня помніка з боку ўладаў, унясеньня яго ў сьпіс гістарычных мясьцінаў рэгіёну, імкнуцца, каб зрабіць гэтае месца папулярным сярод моладзі, дзетак, каб настаўнікі зь цягам часу прывозілі іх сюды і распавядалі пра нашу гісторыю», — распавёў сябра руху «За Свабоду» Валер Мінец.
У 1863 годзе паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы адбыўся бой паміж касінерамі атраду Нарбута ды расейскім войскам. Тут загінулі і былі пахаваныя тры дзясяткі паўстанцаў. Краязнаўцы кажуць, што гэта быў атрад з Навагрудзкага павету, які прабіваўся на Віленшчыну і даў апошні бой расейскім карнікам.
Паводле актывіста Вітольда Ашурка, тады зьявіўся першы помнік на гэтым месцы, потым у 1995 годзе былі ўсталяваныя два дубовыя крыжы, быў стары польскі камень. Год таму за справу ўзяліся мясцовыя грамадзкія актывісты, якія працавалі над новай канцэпцыяй памятнага знака усё лета і працягнулі ў гэтым годзе. Аўтар мастацкага аздабленьня мясцовы мастак Максім Рунец.
На правядзеньне ўрачыстага адкрыцьця помніка мясцовыя ўлады пагадзіліся не адразу. Дазвол выдалі толькі пасьля няспынных скаргаў мясцовых актывістаў.