Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся суд над мужчынамі, якія жорстка зьбілі эканаміста Сяргея Чалага. ФОТА

абноўлена

Аляксандар Рублёў (зьлева) і Кірыл Доўнар
Аляксандар Рублёў (зьлева) і Кірыл Доўнар

У Цэнтральным раённым судзе Менску пачаўся судовы працэс над Кірылам Доўнарам і Аляксандрам Рублёвым, якія 19 траўня жорстка зьбілі эканаміста Сяргея Чалага.

Кірыл Доўнар і Аляксандар Рублёў абвіначваюцца ў хуліганскіх дзеяньнях у дачыненьні Сяргея Чалага і Анатоля Сакалоўскага (частка 3 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі): паводле сьледзтва, яны нанесьлі пацярпелым лёгкія цялесныя пашкоджаньні, якія выклікалі кароткатэрміновае расстройства здароўя, парвалі адзеньне.

Абвінавачаныя з адвакатамі
Абвінавачаныя з адвакатамі

«Наступалі клінам». Сяргей Чалы пра начны напад невядомых

Доўнар віну прызнаў цалкам, Рублёў — часткова, ён ня згодны з тым, што дзейнічаў з хуліганскіх меркаваньняў.

Працэс вядзе судзьдзя Тацяна Акавітая. Адвакат абвінавачаных — Вольга Безбародкіна, пацярпелага — Андрэй Санкевіч.

Біў нагамі ў твар

Як распавёў сам Рублёў, ён ударыў Чалага рукой у твар. Чалы быў п’яны, прысеў на кукішкі, закрыў твар дзьвюма рукамі. Доўнар нанёс яшчэ два—тры ўдары нагой і рукой Чаламу. Сакалоўскага ён ня біў.

Рублёва ніхто не затрымліваў. Прачытаўшы навіну пра бойку ў інтэрнэце, ён сам прыйшоў у РУУС. Матэрыяльную шкоду — 240 рублёў Чаламу і 5 рублёў Сакалоўскаму — абвінавачаныя кампэнсавалі, грошы даслалі па пошце (Рублёў, Доўнар і іх сябар Астапчук падзялілі суму на траіх).

Рублёў настойвае, што хуліганскіх памкненьняў не было. Але ён шкадуе, што так здарылася. Перад Сакалоўскім Рублёў выбачыўся раней, а ў судзе папрасіў прабачэньня ў Чалага.

Былі зачытаныя паказаньні Рублёва, дадзеныя падчас папярэдняга сьледзтва 25 траўня — з-за супярэчнасьцяў з паказаньнямі падчас суду. Пад пратакол Рублёў казаў, што наносіў удары Анатолю Сакалоўскаму (а ня толькі Чаламу), Чаламу ён нанёс ня два, а значна больш удараў. Рублёў тлумачыць, што самыя дакладныя, даставерныя паказаньні ён даў у судзе.

Спрабавалі дамовіцца з Чалым на «міравую»

Дапытвалі Кірыла Доўнара. Ён зь сябрамі — Рублёвым, яго жонкай, Астапчуком і Ангелавым — быў у летняй кавярні «Цэнтральнага», выпіў адзін келіх піва. Потым кампанія пайшла ў двор дома № 4 па вуліцы Леніна — працягнуць гутарку, знаходзілася там цягам гадзіны. Потым Доўнар сышоў, але патэлефанаваў Рублёў і папрасіў вярнуцца, бо трое мужчын нібыта выказваюць непрыстойныя жартачкі на адрас жонкі і пагражаюць яе згвалціць. Намеру на канфлікт у Доўнара не было.

Пракурор
Пракурор

Празь дзень Доўнар убачыў артыкул на партале tut.by, дзе апісвалася падобная гісторыя, але там пісалі пра «замову» з боку спэцслужбаў, таму яны з Рублёвым вырашылі прыйсьці ў міліцыю самі.

Доўнар сказаў, што спрабавалі дамовіцца з Чалым, пайсьці на «міравую», але Чалы адказаў, што хоча іх пасадзіць і атрымаць матэрыяльную і маральную кампэнсацыю. З Сакалоўскім яны замірыліся. У судзе Доўнар папрасіў прабачэньня ў Чалага за матэрыяльную і маральную шкоду. Ён раскайваецца і шкадуе, што так адбылося.

У Цэнтральным судзе Менску пачаўся судовы працэс над Кірылам Доўнарам і Аляксандрам Рублёвым, якія 19 траўня жорстка зьбілі эканаміста Сяргея Чалага.

Пацярпелыя Чалы і Сакалоўскі цьмяна прыгадваюць зьбіцьцё

Сяргей Чалы і Анатоль Сакалоўскі ня вельмі добра памятаюць усе абставіны таго, як іх зьбівалі. Чалы прызнаўся, што выпіў 10 келіхаў піва, але лічыць, што «быў у адэкватным стане, бо за 8 гадзін гэта ня надта шмат». Сакалоўскі тлумачыць, што ня памятае не праз алькаголь, а ад шокавага стану пасьля зьбіцьця.

У другой палове панядзелка суд заслухаў пацярпелых і сьведку — жонку абвінавачанага Рублёва.

Чалы за вечар выпіў агулам больш за 10 келіхаў піва

Сяргей Чалы кажа, што 18 траўня быў зь сябрамі ў кавярні ўнівэрсаму «Цэнтральны», выпіў прыкладна 10 келіхаў піва па паўлітра. Потым разам з Анатолем Сакалоўскім ён пайшоў у кавярню «Курыца-памада», выпіў яшчэ келіх піва, а 23:45 кавярня закрылася.

«Я арыентаваўся, быў у нармальным стане, бо за 8 гадзін 10 пляшак піва — гэта ня так шмат», — сказаў Сяргей Чалы.

З кавярні яны пайшлі ў двор каля ГУМа, каб дапіць піва, размаўлялі там са сваёй кампаніяй.

Сяргей Чалы ў судзе
Сяргей Чалы ў судзе

Чалы, хоць і кепска памятае падрабязнасьці бойкі, сьцьвярджае што нікога не абражаў і вёў сябе спакойна. Убачыў мужчын, якія беглі ў ягоны бок. Даволі хутка атрымаў удар у левую скронь. Ня памятае дакладна, упаў пасьля першага ўдару ці пасьля іншых. Закрываў рукамі галаву, наносіць удары ў адказ не спрабаваў. Дакладна ўказаць нападніка ня можа, твар ня памятае. Сьцьвярджае, што яму было нанесена ня менш за 10 удараў. Страціў раўнавагу, паўляжаў. Магчыма, на кароткі час траціў прытомнасьць.

Чалы бачыў, што Сакалоўскага павалілі яшчэ да нанясеньня яму ўдараў, але як яго зьбівалі, ня бачыў. Усё адбылося хутка. Нападнікі зьбеглі.

Кажа, што пасьля зьбіцьця меў сур’ёзныя праблемы са здароўем, у яго было пашкоджана вока, кісьці рук, ён ня мог працаваць з разьбітым тварам. Да таго ж у яго сарвалася паездка за мяжу.

Таму Сяргей Чалы сказаў на судзе, што хоча спагнаць з абвінавачаных 5000 рублёў — кампэнсацыю за маральную шкоду.

Анатоль Сакалоўскі: «Быў у шокавым стане, таму дрэнна памятаю падзеі»

Другі пацярпелы, Анатоль Сакалоўскі, прызнаўся, што выпіў 3–4 келіхі піва.

Ён кажа, што яму нанесьлі чатыры ўдары ў твар. Пасьля першага ўдару ён упаў на зямлю. Падзеі дрэнна памятае, тлумачыць гэта ня ўзьдзеяньнем алькаголю, а сваім шокавым станам пасьля зьбіцьця.

Свае маральныя пакуты Сакалоўскі ацэньвае ў 500 рублёў — грошы папрасіў спагнаць з Доўнара і Рублёва.

Жонка Рублёва Марыя зьняважлівую фразу Чалага прыняла на свой адрас

У якасьці сьведкі апыталі і жонку абвінавачанага Аляксандра Рублёва Марыю.

Яна паказала, што ў той вечар адпачывала з мужам і сябрамі ў кавярні «Цэнтральнага» з 20 да 23 гадзіны. Піла каву, сок, гуляла ў тэлефоне ў гульні. Ці пілі мужчыны алькаголь, ня памятае, бо не зьвяртала на гэта ўвагі, была занятая сваімі справамі. Пасьля закрыцьця кавярні кампанія пайшла ў двор паразмаўляць.

Калі ў двары яны праходзілі міма двух сылюэтаў, яна пачула фразу: «Я б ёй прысунуў». Марыя перакананая, што яе сказаў Сяргей Чалы, яна кажа, што пазнала яго па голасе. Яна прыняла выказваньне на свой адрас. На 5-6 хвілін яна адышла ў прыбіральню, потым вярнулася і яны разам з мужам і сябрамі сышлі. Бойкі яна ня бачыла, нічога ня чула.

На канкрэтнае пытаньне судзьдзі, ці адчула Марыя пагрозу згвалтаваньня, адказала, што не. У міліцыю яна не зьвярталася.

Судзьдзя запыталася: калі выказваньне і было, ці нагода гэта для зьбіцьця? Марыя адказала: «Маё прыватнае меркаваньне — так. Хоць з боку закону гэта няправільна».

Працяг суду — 8 жніўня.

Аляксандар Рублёў раней судзімы (у 2014 годзе), адбыў пакараньне — 3 гады абмежаваньня волі паводле артыкулу 339 (хуліганства).

ГУУС хадайнічаў аб дазволе фота- і відэаздымак, хадайніцтва не задаволілі.

Эканаміста Сяргея Чалага зьбілі пяцёра невядомых у ноч на 19 траўня ў двары дома па вуліцы Леніна ў Менску, за ГУМам. Чалы трапіў у шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай і пераломам носа.

Паводле міліцыі, напад «дакладна ня быў сплянаваны». Па выніках апытаньня падазраваных выяўлена, што эканаміст Сяргей Чалы зь сябрамі і кампанія зь пяці чалавек «расьпівалі сьпіртныя напоі ў двары». Пасьля здарэньня міліцыя паведаміла, што затрымала ў справе 4 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG