Модны расейскі рэжысэр Андрэй Прыкатэнка паставіў у Купалаўскім тэатры «Сон у купальскую ноч» па Шэксьпіру. Акторы на гіраскутэрах, гледачы на сцэне, і адатаваны пераклад Алеся Разавана на беларускую мову. Чым уразіць гледача новая пастаноўка, чытайце ў нашым рэпартажы зь перадпрэм’ернага паказу.
Сцэны фактычна няма, у цэнтры — куб з галяграфічным пакрыцьцём
Гледачы сядзяць ня толькі ў партэры, у ложах, бэльэтажы, на бальконах, а таксама па пэрымэтры сцэны. На думку рэжысэра Андрэя Прыкатэнкі, даражэйшыя квіткі павінны быць менавіта на сцэну, бо людзям заўсёды цікава тое, што адбываецца за рампай.
Паводле сцэнографа Вольгі Шаішмэлашвілі, традыцыйная рассадка гледачоў была б вельмі простая, а так атрымліваецца адлюстраваньне: глядач бачыць артыстаў, іншых гледачоў.
«Гэта сон, гэта фантастычнае месца дзеяньня, гэта дае эфэкт прывіднасьці, казачнасьці. Мы мяняем оптыку і глядзім па-іншаму, таму што сцэны фактычна няма», — кажа Вольга Шаішмэлашвілі, якая ўжо знаёмая беларускаму гледачу па спэктаклі «Translations».
Як Алесь Разанаў паправіў Шэксьпіра
Назоў вядомай пʼесы Шэксьпіра «Сон у летнюю ноч» на ноч «купальскую» зьмянілі па просьбе перакладчыка з ангельскай на беларускую Алеся Разанава.
«Гэта пажаданьне Алеся Разанава, які зрабіў цудоўны пераклад. То бок, мы выканалі волю Майстра. Ва ўсёй Эўропе сьвяткуюць Купальле, хоць і называецца сьвята па-рознаму, але паўсюль падчас яго адбываюцца дзівосы, цуды. Таму рэжысэр Андрэй Прыкатэнка пагадзіўся так назваць спэктакаль», — тлумачыць мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін.
Андрэй Прыкатэнка, кіраўнік Новасыбірскага драматычнага тэатру «Стары дом», які паставіў больш за 30 спэктакляў тэатрах Масквы, Рыгі, Санкт-Пецярбурга, Новасібірска, Арла, ужо знаёмы і беларускай публіцы — па спэктаклі «Мой бедны Марат» паводле п’есы Аляксея Арбузава.
Прыкатэнка хацеў перанесьці дзеяньне пʼесы з Атэнаў у Менск. Пінігін не дазволіў
У расейскага рэжысэра Андрэя Прыкатэнкі ёсьць беларускія карані: ягоная бабуля з-пад Гомеля. Рэжысэр навата думаў, каб усё дзеяньне спэктаклю перанесьці з Атэнаў у Менск. Аднак мастацкі кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін яго не зразумеў.
«Дзеяньне п’есы „Сон у летнюю ноч“ адбываецца ў Атэнах, твор напісаны ў канцы ХVI стагодзьдзя, Атэны для тагачаснай Ангельшчыны — Бог ведае дзе, а Адраджэньне яшчэ моцна не ўвайшло ў эўрапейскую культуру. Атэны абраныя аўтарам як забытае Богам месца, аскепак Асманскай імпэрыі.
Аднак сказаць, што Менск — забытае Богам месца, нельга.
І я зразумеў пажаданьне Мікалая Пінігіна не пераносіць дзеяньне п’есы ў Менск. Дзеяньне засталося ў Атэнах, як і напісаў Шэксьпір», — кажа Андрэй Прыкатэнка.
Расейскага рэжысэра ўразіла мэлёдыка і архаічная энэргія беларускай мовы
Чароўная мэтамарфоза ў сьвядомасьці расейскага рэжысэра адбылася зь беларускай мовай. Прычым, адкрыў мэлёдыку беларускай мовы для яго кампазытар Іван Кушнір. Да таго моманту, пакуль акторы не засьпявалі, Прыкатэнку падавалася, што ён іх да канца не разумеў.
«І раптам высьветлілася, што беларуская мэлёдыка шматкроць лепшая за мэлёдыку расейскай мовы і больш падыходзіць да таго паэтычнага сьвету, які прапануе нам аўтар. У беларускай мове больш старажытнасьці, архаічнай энэргіі, чым у сучаснай расейскай мове, якая ўсё больш губляе, усё больш запазычвае словаў зь іншых моваў. А беларуская мова засталася артэфактам, закансэрвавалася на пэўны тэрмін, і ў яе больш той мэлёдыкі, якая ёсьць у старажытнаангельскай мове, на якой напісана п’еса. І мне нават падаецца, што беларускі пераклад Алеся Разанава лепшы за расейскія пераклады, якіх каля 20», — прызнаецца Андрэй Прыкатэнка.
Кампазытар Іван Кушнір працаваў з многімі мовамі сьвету, і для яго часьцяком меншае значэньне мае літаральны сэнс слова, чым мэлядычная лінія. У спэктаклі атэнцы не сьпяваюць, сьпяваюць толькі эльфы. І ўзьнік такі жанравы падзагаловак — песьні эльфаў.
«Беларуская мова для мяне гучыць як мантра, як заклінаньне, як містычная казачная эльфійская мова, у беларускай мове вельмі выразныя спалучэньні, якія даюць неверагодныя магчымасьці для пабудовы цікавых музычных, мэлядычных, рытмічных фраз. Некаторыя рэчы Алесем Разанавым значна лепш перакладзеныя на беларускую мову, чым на расейскую. Асабліва фінал, на расейскай мове ён гучыць як нейкая „шчыталачка“, а на беларускай мове — гэта вельмі прыгожыя паэтычныя радкі», — перакананы кампазытар Іван Кушнір.
«Хочацца забраць усіх купалаўцаў з сабой на новыя праекты», — Андрэй Прыкатэнка
У расейскага рэжысэра-пастаноўшчыка Андрэя Прыкатэнкі самыя прыемныя, самыя радасныя ўражаньні ад Менску, ад Купалаўскага тэатру, і асабліва — ад актораў.
«Калі прыяжджаеш ставіць спэктакаль у іншы тэатар, хочацца прывезьці, сваіх актораў. А тут — хочацца забраць усіх купалаўцаў з сабой на новыя праекты. Мне здаецца, Мікалай Пінігін праводзіць нейкую сэлекцыю ў свой тэатар — вельмі цудоўныя артысты, літаральна ўсе! Асабліва эльфы. А Саша Казела — нібыта Смактуноўскі. Мы спрацаваліся, зрадніліся з усімі. Я буду вельмі сумаваць па вашых акторах...», — прызнаецца Андрэй Прыкатэнка.
У спэктаклі задзейнічаныя акторы Купалаўскага Юлія Шпілеўская, Марта Голубева, Павал Харланчук, Міхаіл Зуй, Аляксандар Казела, Валянціна Гарцуева, Павал Астравух, Іван Кушнярук, Дзьмітры Есяневіч, Дзьмітры Тумас, Аляксандар Зелянко, Андрэй Дробыш, Павал Паўлюць.
У пятніцу адбыўся папярэдні паказ спэктакля «Сон у купальскую ноч» для журналістаў і ганаровых гасьцей. А прэмʼера для шырокага кола гледачоў адбудзецца 7, 8 і 9 верасьня. Дарэчы, у новым 99-м тэатральным сэзоне будзе парушана традыцыя — пачынаць сэзон з «Паўлінкі».