Ва ўсёй Эўропе рыхтуюцца да рэкорднай сьпёкі. На гэтых выходных у Гішпаніі і Партугаліі прагназуецца тэмпэратура, вышэйшая за 47 градусаў цяпла.
Празь неверагодную сьпёку ў Швэцыі зьменшыўся самы высокі пункт краіны — растаў ляднік. А ў Бэльгіі ходзяць чуткі, што ў краіне будзе дэфіцыт брусэльскай капусты. ВВС піша пра тое, да чаго прывяло надзвычай гарачае надвор'е ў розных эўрапейскіх краінах.
1. Праз раставаньне лядніку ў Швэцыі зьменшылася самая высокая гара краіны
Праз анамальную сьпёку на 4 мэтры зьнізіўся найвышэйшы пункт Швэцыі. Гара Кебнэкайсэ месьціцца за 150 км на поўнач ад палярнага круга. Да апошніх дзён яна была найвышэйшым пунктам краіны і ўсёй Ляпляндыі.
Толькі за ліпень 2018 году праз раставаньне лядніку на вяршыні Кебнэкайсэ зьменшылася на 4 мэтры: з 2101 мэтра да 2097. Цяпер Кебнэкайсэ ўжо другая па вышыні гара Швэцыі.
2. Швайцарцы ратуюць рыбу з нагрэтых азёраў
Некалькі швайцарскіх кантонаў пачалі апэрацыю ратаваньня рыбы. Калі тэмпэратура вады ўзьнімаецца вышэй за 27 градусаў, рыба пачынае задыхацца. Тэмпэратура Бодэнскага возера, напрыклад, на мінулым тыдні паднялася да 25 градусаў.
У некаторых месцах кіраўнікі рыбалавецтваў змаглі сабраць уразьлівыя віды рыб і перамясьціць іх у халаднейшыя месцы. Аднак гэта немагчыма зрабіць у Бодэнскім возеры (ягоная плошча складае больш за 500 квадратных кілямэтраў. — РС).
Таксама сьпёка паўплывала і на іншыя бакі жыцьця Швайцарыі. Напрыклад, вайскоўцам тут загадалі надзець шорты замест звычайнай уніформы. А паліцэйскім сабакам абулі адмысловыя боты, каб абараніць лапы ад перагрэтага асфальту і бэтону.
3. У Бэльгіі баяцца, што скончыцца брусэльская капуста
Бэльгійскія фэрмэры занепакоеныя: у іх можа быць неўраджай улюбёнай у краіне гародніны. Таксама пад пагрозай і бульба. Пасьля неймаверна халоднай зімы і звышгарачага лета клубні бульбы сёлета будзе менш, чым звычайна.
4. Замарожаная ежа для жывёлаў у заапарках
У заапарку La Palmyre на поўдні Францыі драпежныя жывёлы атрымліваюць асалоду ад марозіва з крыві і кавалачкаў мяса, перадае францускі сайт Libération. А для траваедных тут робяць фруктовыя міксы.
У лёнданскім заапарку гарылам даюць марозіва з нуту, лясных арэхаў і садавіны бяз цукру.
5. Таксычныя водарасьці ў Балтыцы. Небясьпека для турыстаў і ўдача для навукоўцаў
Таксычныя водарасьці зьбянтэжылі турыстаў, якія прыехалі адпачываць на Балтыйскае мора ў Польшчы. Цяпер плаваньне ў моры пад забаронай на ўсіх берагах Балтыкі.
У Польшчы, Літве і Швэцыі папярэджваюць, каб людзі лепш заставаліся на беразе і ня йшлі ў ваду.
Фінскі інстытут навакольнага асяродзьдзя паведаміў, што гэта найгоршы стан мора за папярэдняе дзесяцігодзьдзе.
У той жа час навукоўцы глядзяць на сытуацыю па-свойму. Зялёная дрэнь каля берагоў балтыйскіх краінаў дазваляе ім лепш вывучыць паводзіны бактэрый і выпрацаваць антыбіётык супраць іх.
«Гэта цудоўная магчымасьць сабраць матэрыял (для дасьледаваньня)», — сказала Ганна Мазур-Мажэц, прафэсарка Інстытуту акіяналёгіі Польскай акадэміі навук.
6. Вадамёты ў гарадзкіх парках... паліваюць дрэвы
У Нямеччыне знайшлі новае прымяненьне для паліцэйскіх вадамётаў. У горадзе Бохум вадамётамі зараз паліваюць дрэвы.
Таксама ў Бэрліне, Гамбургу і іншых гарадах па ўсёй краіне вадамёты езьдзяць па гарадзкіх парках. У тым ліку насупраць офісу Ангелы Мэркель.
Цяпер паліцэйскія розных гарадоў кідаюць выклік адзін аднаму. На мінулым тыдні Бэрлінская паліцыя заклікала сваіх калег у Франкфурце, Мюнхэне і аўстрыйскай Вэне далучыцца да вадамётнага «чэленджу».