Палітыкі-ўцекачы — дэпутаты, міністры і нават прэзыдэнты — зьява вельмі распаўсюджаная. Пасьля рэвалюцый — памаранчавых, ружовых або цюльпанавых — кіраўнікі, якія прайгралі, і іх блізкае атачэньне нязьменна накіроўваліся да мяжы, каб пасьпець пазьбегнуць суду, часам нават расправы. Пра іх — у спэцпраекце «Настоящего времени».
Постсавецкія рэспублікі — рэкардсмэны па колькасьці кіраўнікоў дзяржаў, якія сьпешна перасякалі мяжу пасьля страты ўлады. Можа быць, хіба што пасьля Афрыкі.
Так, сучасная гісторыя Кіргізстану таксама шмат у чым сага пра двух уцекачоў. Першым трэнд задаў Аскар Акаеў.
Першы кіраўнік незалежнага Кіргізстану правіў 15 гадоў — з 1990 па 2005 год. І быў скінуты «Цюльпанавай рэвалюцыяй». Навуковец — да таго, як узначаліў краіну пасьля падзеньня СССР, ён кіраваў кіргізскай Акадэміяй навук — Акаеў пасьля рэвалюцыі ўцёк у Маскву і стаў выкладаць у МГУ. Прычым у Расеі экс-прэзыдэнту нават выдзелілі дзяржаўнае лецішча на Рублёўцы. Аскар Акаеў спрабаваў быў аднойчы прыехаць на радзіму — у 2014-м, на пахаваньне брата. Але ўжо ў аэрапорце адмяніў паездку, бо ў Бішкеку паабяцалі яго арыштаваць проста на трапе.
Чалавек, які прыйшоў Акаеву на зьмену, шмат у чым паўтарыў ягоны шлях. Праўда, у адрозьненьне ад «цюльпанавай», рэвалюцыя 2010 году не была бяскроўнай: падчас забурэньняў загінулі 104 чалавекі. Курманбек Бакіеў выбраў іншы напрамак — усё ж такі жыць па суседзтве з Акаевым ва ўрадавым маёнтку было б дзіўна. Ды і Крэмль не сьпяшаўся прапаноўваць яму прытулак.
Дапамог іншы калега па СНД — Аляксандар Лукашэнка. У выніку Курманбек Бакіеў пасяліўся ў Менску. Сьпярша выступаў з палітычнымі заявамі, называў новыя кіргізскія ўлады «бандай самазванцаў», але потым супакоіўся. Публічна не выступае. З палітыкай завязаў. І спакойна жыве зь сям’ёй і беларускім пашпартам у доме пад Менскам.
Двойчы уцякач з постсавецкай прасторы — Міхэіл Саакашвілі. прэзыдэнт Грузіі, які прыйшоў да ўлады на хвалі «Рэвалюцыі ружаў», к канцу другога тэрміну страціў папулярнасьць і чакана прайграў выбары.
Новыя ўлады амаль адразу ініцыявалі супраць яго некалькі крымінальных спраў, і Саакашвілі ўцёк ва Ўкраіну, якая перажывала тады свой рэвалюцыйны год. Гуляў па Майдане, а пасьля перамогі Пятра Парашэнкі на выбарах увайшоў у ягоную каманду і ўзначаліў Адэскую вобласьць. Але вяртаньне ў палітыку ў новай краіне было нядоўгім. Пасьля сваркі з Парашэнкам Саакашвілі пазбавілі грамадзянства і вытурылі з краіны ў Польшчу. Цяпер, пасьля няўдалых спробаў вярнуцца, ён жыве ў Нідэрляндах і запісвае відэазвароты да ўкраінскага народу.
Масавая сэрыя зьвяржэньняў і, як вынік, уцёкаў, суправаджала «Арабскую вясну». Рэвалюцыі, якія пракаціліся па сьвеце ў 2011 годзе, зьмялі цэлы аэрапаг кіраўнікоў. Напрыклад, туніскага лідэра Зайн эль-Абідын Бэн Алі.
«Язьмінавы ўцякач» кіраваў краінай ажно з 1987 году. Ён і сам прыйшоў да ўлады ў выніку палацавага перавароту. Але ня вытрымаў напору натоўпу і паляцеў у Саудаўскую Арабію. На радзіме асуджаны на пажыцьцёвае турэмнае зьняволеньне за забойства дэманстрантаў падчас задушэньня паўстаньня. Жыве пад выдуманым імем і траціць 60 млн даляраў золатам, якія пасьпеў прыхапіць з сабой.
Найбольш яркі ў сусьветнай гісторыі ўцякач і вяртальнік адначасова — Альбэрта Фухіморы. Прэзыдэнт Пэру, ён кіраваў у краіне ўсё 90-я гады, цяпер сядзіць у турме, але да гэтага пасьпеў удосталь палётаць туды-сюды.
Этнічны японец, ён запомніўся карупцыйнымі скандаламі і сувязямі з наркамафіяй. У 2000 годзе, пасьля вестак пра сувязі з клянам Эскабара, Фухіморы вырашыў проста не вяртацца ў Пэру з саміту Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва і ўцёк у Японію, дзе і атрымаў палітычны прытулак. Але празь пяць гадоў чамусьці вырашыў, што яму даравалі, вярнуўся на радзіму, у выніку чаго і апынуўся за кратамі. Прычым даволі апэратыўна. Па розных падліках, за час прэзыдэнцтва Фухіморы вывеў з краіны да 1,5 млрд даляраў.
У Расеі ўцякалі ад кары і кармы ў асноўным фігуры паменш. Дэпутаты. Напрыклад, эпатажны Аляксей Мітрафанаў пасьля пазбаўленьня імунітэту атабарыўся ў Харватыі.
Апошні ўцякач, пакуль яшчэ дзейны дэпутат Вадзім Белавусаў, ад граху падалей зьехаў у гэтым ліпені ў Ізраіль, не чакаючы заканчэньня сэсіі. Прычым прэтэнзіі да яго зьвязаныя зь ягоным былым палітычным куратарам — экс-губэрнатарам Чалябінскай вобласьці Вадзімам Юрэвічам. Той, дарэчы, таксама ўцёк. У Лёндан.