Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд ва Ўкраіне над беларускім «шпіёнам» Палітыкам паўгода ня можа пачацца, яму зноў падоўжылі арышт


Архіўнае фота. Грамадзянін Беларусі Юрый Палітыка, затрыманы ва Ўкраіне па падазрэньні ў шпіянажы. Справа — ліст Палітыкі з турмы
Архіўнае фота. Грамадзянін Беларусі Юрый Палітыка, затрыманы ва Ўкраіне па падазрэньні ў шпіянажы. Справа — ліст Палітыкі з турмы

Судовы працэс над грамадзянінам Беларусі Юрыем Палітыкам, які абвінавачваецца ў зборы сакрэтнай інфармацыі ва Ўкраіне на карысьць іншай дзяржавы, ня можа распачацца ўжо больш як паўгода.

Пакуль так і ня ўхвалены вэрдыкт аб адпаведнасьці ўкраінскаму заканадаўству выстаўленага яму абвінавачаньня, калегія судзьдзяў ня можа распачаць разгляд справы па сутнасьці.

Новазаводзкі раённы суд Чарнігава падоўжыў Юрыю Палітыку арышт да 28 жніўня. Мера стрыманьня беларуса падоўжана толькі на адзін, а не на два месяцы, як гэтага патрабавала пракуратура.

«Абвінавачаньне не змагло навесьці належных довадаў, каб падоўжыць Юрыю Палітыку арышт на два месяцы, таму суд толькі часткова задаволіў іхнае хадайніцтва», — паведаміў Свабодзе адвакат беларуса Тарас Гералюк.

Ён сказаў, што абарона Юрыя Палітыкі нічога ня ведае пра магчымы абмен іхнага падабароннага на асуджанага ў Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку.

Юры Палітыка зноў пачаў настойваць на забесьпячэньні яго перакладчыкам на беларускую мову. На пошукі спэцыяліста з адпаведнай кваліфікацыяй суд адвёў месяц, але яго так і не знайшлі — давялося запрашаць расейскамоўнага перакладчыка.

Наступнае паседжаньне суду мае адбыцца 27 жніўня, і, верагодней за ўсё, калегія судзьдзяў зноў пачне з разгляду хадайніцтва пракуратуры аб падоўжаньні арышту.

Гісторыя шпіёнскага скандалу

Экспэрты мяркуюць, што Ўкраіна і Беларусь могуць абмяняцца «шпіёнамі» да наступнай сустрэчы прэзыдэнтаў Пятра Парашэнкі і Аляксандра Лукашэнкі, якая мае прайсьці 24-25 кастрычніка ў Гомлі ў рамках форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны.

Юрыю Палітыку, паводле 114-га артыкулу Крымінальнага кодэксу Ўкраіны («шпіёнства»), пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці. Яго затрымалі летась у чэрвені на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм». Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.

Украінскія экспэрты выказвалі думкі, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманьне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Паўло Шаройка ўжо асуджаны беларускім судом на 8 гадоў турмы за шпіянаж.

Паўло Шаройка, архіўнае фота
Паўло Шаройка, архіўнае фота

Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Украіны Ўладзімір Шкуроў казаў Свабодзе, што ўлады Беларусі і Ўкраіны абмяркоўваюць абмен Шаройкі на Палітыку, але гэта «далікатнае пытаньне».

Пазьней і старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валер Вакульчык заявіў, што «не выключае» ў будучыні абмену паміж Менскам і Кіевам грамадзянамі, абвінавачанымі ў шпіянажы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG