Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы Бартосік — проста бомба


Зьміцер Бартосік. Клініка кітайскага дантыста. Фрагмэнт вокладкі
Зьміцер Бартосік. Клініка кітайскага дантыста. Фрагмэнт вокладкі

Так каротка выказаўся пра новую кнігу калегі Вінцук Вячорка. Думаю, будзь у Беларусі свабодны кніжны рынак, гэтае выданьне яго абавязкова ўзарвала б.

«Клініка кітайскага дантыста» — пра культуру. Папярэдняя кніга Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы» — пра гісторыю, і таксама выбухнула, беспрэцэдэнтна ўзяўшы адразу тры прэміі, уключна з найбуйнейшай — Гедройця, і ўзабраўшыся на падмосткі беларускага Свабоднага тэатру.

Кажуць, трыюмф Бартосіка забясьпечыла Сьвятлана Алексіевіч сваёй Нобэлеўскай прэміяй за літаратуру нон-фікшн. Магчыма, у гэтым ёсьць праўда. Але далёка ня ўся. Проза Бартосіка мае свой стыль, а ягонае ўменьне разгледзець незвычайнае ў штодзённым уласьцівае толькі яму.

Бартосік піша размашыста — як прадстаўнік вялікай культуры, вось што яго адрозьнівае. Не расейскай культуры, бо, выхаваны на ёй, ён стаў усьвядомленым беларускім пісьменьнікам, узяўшы ад яе менавіта аб’ём. Магчыма, гэта першы сучасны беларускі аўтар, які прадстаўляе вялікую культуру. Тут рэч у маштабах ахопу, які мне, напрыклад, падаваўся б завялікім, але цалкам натуральна выглядаў бы ў аўтараў Бібліятэкі сусьветнае літаратуры.

«Менск — горад цікавы, прычым ня гэтулькi для турыстаў, колькi для самiх менчукоў».

І так пра ўсю Беларусь, самабытнасьць якой ратуюць беларускія надпісы на надмагільных помніках, пра Высоцкага, які калісьці зрабіў з малога Бартосіка сьвядомага беларуса, пра стогадовых дзядоў, якія за самагонам ліюць сьлёзы над лёсам рэпрэсаванага паэта Ўладзімера Жылкі…

Божа, чаго толькі не было і няма ў гэтым бедным сьвеце!

Няма Нямігі, якая сьвярбіць Бартосіку сваім фантомным болем — уся, са сваёй Халоднай сынагогай, кватэркамі ў выгбах і, натуральна, жыхарамі — зьбітым лётчыкам, голым астраномам і дачкой Леніна.

Мноства фактаў можна было б і пахаваць у якой банальна-краязнаўчай публікацыі. На бяскрайняй тэрыторыі вялікай культуры гэтыя факты пачуваюцца прасторна, не баючыся паветра, якое напаўняе іх жыцьцём.

3 жніўня на сайце Свабоды пачнецца публікацыя фрагмэнтаў кнігі Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста». Тамсама можна будзе замовіць кнігу. Прэзэнтацыі новага выданьня пачнуцца ў верасьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG