Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізстан накіраваў ноту пратэсту Беларусі праз дырэктара БНБК Урыцкага, у якім апазналі іншага чалавека


Беларускія сродкі масавай інфармацыі 27 ліпеня надрукавала фатаграфіі чалавека, вонкава падобнага на былога прэм’ер-міністра Кіргізстану Даніяра Ўсенава, які ўцёк з краіны пасьля падзей 2010 году. Адзін з карэспандэнтаў пасьпеў пагаварыць з таямнічым прадпрымальнікам, у пашпарце якога запісана — Данііл Урыцкі.

Фатаграфіі былі апублікаваныя парталам tut.by 27 ліпеня з мерапрыемства па запуску будаўніцтва заводаў ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя». У мерапрыемстве прымаў удзел віцэ-прэмʼер Беларусі Міхаіл Русы.

У Кіргізстане раней прадстаўнікі грамадзкага абʼяднаньня «Айкол Ала-Тоо» заявілі, што Данііл Урыцкі зьяўляецца беглым прэмʼер-міністрам Даніярам Усенавым.

Даніяр Усенаў - Данііл Урыцкі ў цэнтры. Крыніца - Tut.by. Фота апублікавана 2018/07/27.
Даніяр Усенаў - Данііл Урыцкі ў цэнтры. Крыніца - Tut.by. Фота апублікавана 2018/07/27.

Як піша tut.by, няяснай застаецца толькі біяграфія кіраўніка БНБК. Арганізатары мерапрыемства паведамілі, што дырэктар ня будзе даваць камэнтары для журналістаў. Супрацоўнікі кампаніі запэўніваюць, што ведаюць свайго кіраўніка толькі як Данііла Цімуравіча Ўрыцкага.

Выданьне Naviny.by 27 ліпеня надрукавала матэрыял «Беларускі бізнэсмэн або беглы прэмʼер Кіргізстану? Хто такі Данііл Урыцкі». Карэспандэнт выданьня паспрабаваў пагаварыць зь ім. На пытаньне, ці зьяўляецца ён на самай справе былым прэмʼер-міністрам Кіргізстану, Урыцкі адказаў наступнае: «У кіргізаў і пытайцеся».

На дадатковыя пытаньні Ўрыцкі не захацеў адказваць. Аднак літаральна праз хвіліну ён праз маладога чалавека папрасіў карэспандэнта вярнуцца і адкласьці ў бок камэру і дыктафон. Толькі пасьля гэтага ён пагадзіўся гаварыць. Дырэктар БНБК паказаў беларускі пашпарт на імя Данііла Ўрыцкага.

Журналіст выданьня Naviny.by Аляксандр Ярашэвіч у камэнтары кіргізскай службе Радыё Свабода паведаміў, што Ўрыцкі яму сказаў наступнае: «Я чуў, што Даніяр Усенаў, прэмʼер-міністр Рэспублікі Кіргізстан, памёр у 2013 годзе ў Малайзіі».

Урыцкі сказаў, што ён не зьвязаны з Даніярам Усенавым. Па дадзеных карэспандэнта Ярашэвіча, Урыцкі атрымаў беларускі пашпарт ў 2016 годзе.

Даніяр Усенаў - Данііл Урыцкі трэці зьлева. Крыніца - Tut.by. Фота апублікавана 2018/07/27. На мерапрыемстве па запуску будаўніцтва комплексу заводаў ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя»
Даніяр Усенаў - Данііл Урыцкі трэці зьлева. Крыніца - Tut.by. Фота апублікавана 2018/07/27. На мерапрыемстве па запуску будаўніцтва комплексу заводаў ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя»

Як піша Naviny.by, інфармацыю аб тым, што Даніяр Усенаў і Данііл Урыцкі гэта адзін і той жа чалавек, ім пацьвердзіла інфармаваная крыніца. У пасольстве Кіргізстану ў Менску таксама нібыта ў курсе, што Ўсенаў атрымаў беларускі пашпарт на імя Ўрыцкага.

Па дадзеных tut. by, ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя» створаная ўказам прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў 2016 годзе. Карпарацыя мае намер пабудаваць за кошт кітайскага крэдыту 12 заводаў на плошчы ў 160 гектараў.

У першым квартале 2020 года Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя плянуе ўвесьці ў эксплёатацыю комплекс камбікормавых заводаў для буйной рагатай жывёлы, птушкі, сьвіней, рыбы, заводаў па вытворчасьці прэміксаў і ўпакоўкі.

Кіргізстан накіраваў ноту пратэсту Беларусі

У Міністэрства замежных спраў Кіргізстану 28 ліпеня выклікалі Часовага паверанага ў справах Беларусі ў Бішкеку Сяргея Іванова.

Паводле дадзеных замежнапалітычнага ведамства, Іваноў быў выкліканы ў сувязі з публікацыямі ў СМІ Беларусі і Кіргізстану датычна ўдзелу былога прэмʼер-міністра Даніяра Ўсенава пад імем Данііл Урыцкі ў публічных мерапрыемствах з удзелам прадстаўнікоў афіцыйных беларускіх уладаў.

Кіргізскі бок перадаў ноту, у якой «выказвае пратэст знаходжаньню і ажыцьцяўленьню дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі асуджанага ў Кіргізстане на пажыцьцёвы тэрмін Даніяра Ўсенава, што зьяўляецца абсалютна непрымальным».

Інфармацыя пра тое, што Даніяр Усенаў пражывае ў Беларусі пад імем Данііла Ўрыцкага, упершыню зьявілася ў беларускіх СМІ ў сьнежні 2017 году.

Адразу пасьля гэтага прадстаўнікі грамадзкага абʼяднаньня «Айкол Ала-Тоо» 14 сьнежня на мітынгу ў Бішкеку запатрабавалі выдаць Даніяра Ўсенава — Данііла Ўрыцкага Кіргізстану.

Раней прэс-сакратар Дзяржаўнай рэгістрацыйнай службы Меліс Эржыгітаў паведамляў, што сярод асобаў, якія адмовіліся ад грамадзянства Кіргізстану Даніяра Ўсенава няма.

Даніяр Усенаў пасьля падзей 2010 году быў абвінавачаны ў цяжкіх злачынствах і завочна асуджаны на пажыцьцёвы тэрмін. Пасьля гэтага не зьявілася ніводнай яго фатаграфіі.

Былы прэзыдэнт Курманбек Бакіеў пасьля падзей 2010 году таксама ўцёк у Беларусь, цяпер ён жыве ў Менску. Яго сын Максім Бакіеў пражывае ў Лёндане.

Брат Курманбека Бакіева экс-старшыня Службы дзяржаўнай аховы Жаныш Бакіеў асуджаны судом да пажыцьцёвага зьняволеньня. Паведамляецца, што ён зараз знаходзіцца ў Беларусі.

Арыгінал публікацыі на сайце кіргізскай Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG