У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.
У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.
Замовіць кнігу можна ТУТ
«ЗЯМЛЯ ПАД БЕЛЫМІ КРЫЛАМІ»
Не магу ўявіць сабе чалавека, які б ня чуў гэтага Караткевічавага імя Беларусі. Розныя фэстывалі, турыстычныя маршруты, сайты, спартовыя каманды бяруць сабе назву ягонае кнігі, якая ў 1980-я для многіх стала адкрыцьцём.
«Я аб’ездзіў на Беларусі амаль усё. Няшмат засталося нават глухіх куткоў, дзе я не пабываў бы. Таму я насьмельваюся сказаць, што ведаю сваю краіну і яе людзей».
Сорак гадоў таму безь «Зямлі пад белымі крыламі» дазнацца, наколькі Беларусь гістарычна і культурна багатая краіна, было проста немагчыма. Кніга Караткевіча стала альтэрнатывай нецікавым падручнікам «Гісторыі БССР». Але і нараджалася яна ва ўсіх сэнсах драматычна.
Аднойчы, будучы ў гасьцях у мастацтвазнаўцы Ізабэлы Гатоўчыц, я гартаў стары фотаальбом. Веснавы лес, пікнік, сям’я Караткевічаў — Уладзімер і Валянціна.
— Гэтыя фатаздымкі паходзяць з часоў, калі Караткевіч працаваў над кніжкай «Зямля пад белымі крыламі», — камэнтавала спадарыня Ізабэла. — Валодзя перад тым, як прыступіў да працы над ёй, быў у стане такой дэпрэсіі, якая падштурхоўвала Валю шукаць нейкага ратунку. Яна разумела, што гэты ратунак можа быць знойдзены толькі тады, калі Валодзя сядзе за працу. Аднак, як гэта бывае ў творчых асоб, Валодзя мучыўся новай кніжкай і быў вельмі некамфортны, ён нэрваваўся, ён мог разагнаць кампанію, якія ўвогуле любіў і часта зьбіраў дома. І Валя, якая была вельмі разумнай спадарожніцай Валодзі, пачала шукаць нейкі спосаб для Валодзі пабыць у адзіноце. А ў мяне былі сяброўкі ў бюро падарожжаў «Спутник», якому належаў пансіянат «Юность» на Менскім моры. Там быў знойдзены пакой, і Валодзя мог месяц і нават больш там жыць. Па савецкіх нормах гэта не было дазволена. Аднак разумныя дзяўчаты прыйшлі на дапамогу, і такі пакой быў зьняты. Я памятаю, што ён быў на другім паверсе, вельмі маленькі. Там месьціўся толькі стол і ложак.
Валянціна Караткевіч і Ізабэла Гатоўчыц у канцы 1960-х працавалі ў Акадэміі навук, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру. Тады акурат рыхтаваўся Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Група навукоўцаў на старым рафіку разьяжджала па ўсёй краіне, фіксуючы стан, у якім апынуліся ацалелыя храмы, сядзібы, палацы. Уладзімер Караткевіч ня мог не скарыстацца настолькі цікавым службовым становішчам сваёй жонкі.
— Ён вельмі часта езьдзіў з намі ў экспэдыцыі і вельмі любіў гэтую справу, — кажа спадарыня Ізабэла. — Мы дасьледавалі кожнае мястэчка, кожную вёску. Мы езьдзілі, каб зразумець, што ў нас засталося пасьля ўсіх разбурэньняў. Чым мы валодаем. Цудоўны быў час. Прыяжджаеш, абмераеш касьцёл ці царкву. Апішаш. А потым увечары хлопцы наловяць рыбы. Разьвядуць касьцёр. Сяляне падзеляцца хлебам. Жыцьцё было беднае. Мы па дарозе падбіралі кабет, якія ішлі з райцэнтраў. Як зараз памятаю, ідзе басаногая, за сьпінай вузел з хлебам. Гэта яна езьдзіла, каб адстаяць ноч у чарзе і купіць у запас хлеба. Мы такіх кабет падвозілі, а яны дзяліліся з намі хлебам. Мы, вядома, радаваліся. Бо часу стаяць у чарзе не было, а так у нас заўсёды быў хлеб.
КАСЬЦЁЛ СЛУЖЫЎ ЗА ПРЫБІРАЛЬНЮ
Са словаў спадарыні Ізабэлы я жыва ўяўляў сабе, наколькі гэта было рамантычна, хоць псавала часам рамантыку тое занядбаньне, у якім была на той час уся краіна, або, як тады казалі, рэспубліка.
— Начавалі ў хатах рэдка. Больш у гумне, на сене, на саломе. Жанчыны прынясуць малака, цыбулі. Простае, але насычанае жыцьцё. Бо ўвесь час мяняецца карціна перад вачыма. І ты увесь час прыяжджаеш да чагосьці прыгожага. Вядома, сумна было бачыць страшэнную запушчанасьць. Памятаю, у Ружанах стаім у самым цэнтры. Там бэкераўскі касьцёл. Ён закрыты як храм, аднак служыць мясцовым за прыбіральню. Такое відовішча — нажом па сэрцы. Аднак усё роўна гэта была маладосьць, па некалькі цікавых уражаньняў на дзень.
Аднаго разу на Лепельскім возеры Караткевіч пасварыўся зь мясцовым партыйным начальнікам. Скончылася тая сварка бойкай. Партыйны сакратар ня ведаў Караткевіча, але рыхтаваўся. Усё ж пісьменьнік! Зь Менску! Таму вырашыў прыняць, як прымалі функцыянэраў. Мясцовыя налавілі рыбы. На беразе было распаленае вогнішча, прынесьлі каньяк.
— Мы, галодныя як чэрці, расьселіся, — згадвае спадарыня Ізабэла. — І гэты партыйны бос разгаварыўся з Караткевічам: «Владимир Семёнович. А почему так получается? Я всю жизнь учился тому, что бога нет. А вы здесь ездите, какие-то церкви обмеряете». Караткевіч раптам узарваўся: «Гэта ж вы ўсё паўзрывалі ў Беларусі!» Тады сакратар усхапіўся і Караткевіча — загрудкі. Пачалося выясьненьне адносінаў. І вядро, у якім варылася юшка, абрынулася. Мы ледзь ня плакалі. Бо такі быў пах! Было чаканьне добрай вячэры. Адчуваньне сьвята на беразе возера. А тут юшка вылілася ў касьцёр і зашыпела. Валя зь цяжкасьцю расьцягнула двух мужыкоў. І мы паныла пайшлі на начлег. У нейкае гумно.
БЫЎ ЧАЛАВЕК ВЕЛЬМІ ГАРАЧЫ
Што за нявыхаванасьць сталічнага госьця? Яму і юшку на беразе возера, і каньяк. А ён у бойку лезе з гаспадаром… Даўно няма на сьвеце ні першага, ні другога. Сёньня Ружанскі касьцёл ды іншыя храмы стаяць прыбраныя, аддадзеныя вернікам. Уявіць іх загаджанымі немагчыма. А Караткевіч гэтыя карціны бачыў штодня. Таму і стрымліваць сябе часам ня мог.
— Караткевіч быў вельмі гарачы чалавек. Калі стваралася такая сытуацыя, якая была супраць ягоных поглядаў на сьвет альбо супраць Беларусі, ён быў больш чым гарачы. Талерантнасьці не было.
Тым ня менш час паказвае, што і ў гарачнасьці менавіта ён, а не партыйны начальнік меў рацыю.
— Я памятаю, як Валя аднойчы, выкліканая да Станіслава Марцалева, які ўзначальваў інстытут, вярталася ад яго па калідоры Акадэміі і плакала. Бо выкінулі са Збору помнікаў Мерачоўшчыну. Сядзіба Касьцюшкі была ўся на той час расьцягнутая. Была толькі пара вянцоў на падмурку. Аднак Валя напісала артыкул. І дырэктар запатрабаваў выкінуць гэты тэкст. Бо пра Касьцюшку. І Валя заплакала. І я памятаю, як Караткевіч казаў: «Нічога. Прыйдзе некалі час. Калі будзе і артыкул, і сядзіба». Ён суцяшаў так Валянціну.
СТРАЛЯЮ БЕЗ ПАПЯРЭДЖАНЬНЯ
Мы прыехалі са спадарыняй Ізабэлай у «Юность» такой самай сонечнай пагодай, якая была тут у траўні 1971-га.
— Кожную нядзелю мы з Валяй прыяжджалі, каб прывезьці нейкія прадукты і правесьці нядзелю зь ім, — успамінала спадарыня Ізабэла. — І звычайна раніца гэтай нядзелі праходзіла ў зьбіраньні смаржкоў, што Валодзя вельмі любіў. Гэта быў пачатак траўня. Вельмі прыгожы час. Любімыя грыбы Валодзі ўжо зьявіліся, і было іх многа. Ніхто не зьбіраў, акрамя Валодзі. І Валодзя так сур’ёзна ставіўся да зьбіраньня гэтых грыбоў, што, напрыклад, калі ты ў лесе аказваўся побач зь ім, Валодзя рабіўся вельмі сур’ёзны і вельмі страшна крычаў: калі хоць адзін падыдзе бліжэй, чым на дзесяць мэтраў, — страляю без папярэджаньня. Многа пазьней я прачытала, што гэта вельмі нядобры грыб. Што яд са смаржкоў практычна не выводзіцца. Што іх есьці нельга. Але ён іх вельмі любіў.
Мы выйшлі з прылеску да корпусу «Юности». Спадарыня Ізабэла агледзелася.
— Такое адчуваньне, што тут недзе Караткевіч побач. Хоць тут папрыгажэла. Дарожкі зьявіліся. Мост на востраў. Сам будынак падрос. Яго надбудавалі?
Зразумела, што спадарыня Ізабэла, якая не была тут ад 1971 году, не пазнала мясцовасьць. У тыя часы высокага корпусу на беразе Менскага мора яшчэ не было. І сваю кнігу пра белыя крылы Караткевіч ствараў у старым корпусе, які цяпер называецца «Лясны». Да якога мы і накіраваліся.
Я спадзяваўся, што спадарыня Ізабэла ўспомніць, дзе ж быў той нумар, у якім жыў Караткевіч. Але мая спадарожніца не пазнала інтэр’еру. Гэта ня дзіва. Бо корпус неаднойчы рэканструявалі. У Ізабэлы Гатоўчыц ад той вясны засталося некалькі фатаздымкаў. Вось пакой Караткевіча. Пісьмовы стол каля вакна, масіўная попелка, аркушы паперы.
— Ён пісаў рукою. У яго такі почырк бісэрны. Я зьдзіўляюся. Рукапіс напісаны амаль бяз правак. Вельмі чытэльны і ясны.
Фатастужка зафіксавала, чым пісьменьнік займаўся па-за пісаньнем. Жадаючы павесяліць жонку і сяброўку, ён з кансэрвавых бляшанак, пустых бутэлек ды кветак зрабіў выставу інсталяцыяў. Кожная інсталяцыя — гэта нечы партрэт. Для аўтапартрэту Караткевіч выбраў два прадметы. Маленькая шрубка і ржавыя краты.
— Гэта краты іржавыя, якія ён знайшоў на сьметніку. Прыцягнуў у нумар і зрабіў аўтапартрэт з дапамогай кратаў і шрубкі, якая ляжала за кратамі. Малюсенькая. Тады ў яго былі такія настроі, што маглі выклікаць такі аўтапартрэт… Ён ніколі не гаварыў, над чым ён працуе. Раскажы, а потым непрыемнасьці будуць.
ПАКАЯЦЦА ЗА МУЖА-НАЦЫЯНАЛІСТА
Падчас чарговага разгрому «навукоўцаў-нацыяналістаў» у Акадэміі навук Валянціну Караткевіч выклікалі ў парткам. І прамым тэкстам сказалі, што яна мусіць выйсьці на агульным партыйным сходзе і пакаяцца за мужа-нацыяналіста. Адмовісься — пэўна што страціш працу. Пагодзісься — пойдзеш насуперак годнасьці.
— Мы ішлі з Валяй дамоў, нам абедзьвюм было цяжка на душы. Бо незразумела было, які зрабіць выбар. Зразумела было, што нельга каяцца. І я кажу Валі: «Ведаеш што, Валя? Насупраць вас жыве Іван Антонавіч Брыль. Можа, трэба параіцца зь ім. Ён усё ж такі чалавек, які многа бачыў у сваім жыцьці. І пражыў намнога большае жыцьцё, чым Валодзя». І Валя пагаварыла з Іванам Антонавічам, і я добра памятаю, як Іван Антонавіч сказаў: «Валя. Ня ўздумайце толькі, што б там ні было, выйсьці і каяцца. Таму што Вы сабе потым гэтага не даруеце. Пагатоў Вам ніколі гэтага не даруе Валодзя».
Каб аднавіць атмасфэру пансіяняту «Юность» 1970-х, я пайшоў у аддзел кадраў. Але колішніх работнікаў у новым санаторыі ўжо не засталося. І нават маё паведамленьне, што ў іхных сьценах правёў плённы месяц Уладзімер Караткевіч, ствараючы адну з самых знакавых сваіх кніг, не абудзіла ніякай цікавасьці. Зьдзіўленьне на маладых запудраных тварах выклікала толькі мая мова. Напэўна, цёткі ўпершыню пабачылі «нярускага» чалавека. Вось табе і 1970-я! Зьмяніліся фрызуры і касмэтыка на тварах. А ў астатнім усё тая ж савецкая падазронасьць і напруга. Маладзенькая супрацоўніца сказала, што гэтую кнігу яна ведае. Вось толькі ня памятае дакладна, хто яе напісаў, Янка Купала ці Якуб Колас. Можна было б паабурацца. Як можна ня ведаць самага папулярнага пісьменьніка? Але Караткевічу такое наўрад ці спадабалася б. Як і мэмарыяльны нумар у тым санаторыі. Ён не разьменьваўся на дробязі.
— Ёсьць такія людзі, якім даецца шчасьце як мага раней зразумець, для чаго яны жывуць на сьвеце, — сказала спадарыня Ізабэла. — І Караткевіч быў менавіта такім чалавекам. Ён пакідаў уражаньне чалавека, які жыве жыцьцём нялёгкім, але з пачуцьцём годнасьці. Ён ніколі ня жаліўся. Ніколі не наракаў на жыцьцё. Калі было цяжка, калі не друкавалі, Караткевіч ніколі ня поўзаў і ніколі нічога не прасіў. Ён ня быў заклапочаны ўзнагародамі і пасадамі. Ён жыў сваім жыцьцём. І нягледзячы на тое, што ў жыцьці было нялёгка, ён быў чалавекам шчасьлівым. Бо ведаў, для чаго жыве. Гэта ж нямногім даецца, праўда?
Працяг будзе
Папярэднія публікацыі
«А графаманаў трэба расстрэльваць»
Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу
Сынтэз паганства і хрысьціянства
Дом творчасьці часоў Вялікага тэрору
Выкінуты «за непатрэбнасьцю» рай
«Быў час, быў век, была эпоха…»
Стары Новы год у Каралішчавічах