У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.
У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.
Замовіць кнігу можна ТУТ
ГРУША НАД ДНЯПРОЎСКАЮ СТРОМАЮ
«Груша цьвіла апошні год. Усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, былі ўсыпаны бурным бела-ружовым цьветам… І была яна такая магутная і сьвежая, так утрапёна спрачаліся ў яе ружовым раі пчолы, што, здавалася, ня будзе ёй зводу і ня будзе канца. І, аднак, надышла яе апошняя часіна. Дняпро падбіраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнік. У вечным сваім імкненьні скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусім блізка да яго, руйнаваў адхоны… Потым адступаў, да наступнай вясны, і трава літасьціва сьпяшалася залячыць раны, нанесеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў: дзе руйнаваў, дзе падмываў і з часам абкружыў грушу амаль з усіх бакоў».
Напэўна, я ніколі б не даведаўся пра гэты дом — нумар 59 на вуліцы Чкалава ў Рагачове, калі б не пачутае ў размове імя. Імя пісьменьніка, дзякуючы якому колькі пакаленьняў адкрывалі наноў сваю Беларусь. У сам Рагачоў мяне занесла са школьнымі канцэртамі. Натхнёны цёплым прыёмам, які мне наладзілі старшаклясьнікі мясцовай гімназіі, я не стамляўся дзяліцца аптымізмам наконт нашай будучыні з арганізатарамі імпрэзы: якія ў Рагачове разумныя дзеці! Вось што значыць гараджане. — «А што ты хочаш ад дзяцей, калі побач Караткевіч свае „Каласы“ пісаў?» — Дзе? — «Ды ў доме за вунь тым рогам. І „Каласы“, і „Нельга забыць“, і „Дзікае паляваньне“, і „Ладзьдзю роспачы“, і шмат чаго яшчэ…»
Перад наведаньнем гэтага дому, каб крыху паднавіць свае веды, я зайшоў у рагачоўскі музэй да гісторыка Аляксандра Рыкунова.
— Калі было паўстаньне Кастуся Каліноўскага, тут мясцовы памешчык Тамаш Грыневіч сабраў сабе каманду інсургентаў, спрабаваў ваяваць супраць царскіх войскаў. Ну яго салдаты й сяляне, каторыя не падтрымлівалі гэтае паўстаньне, павязалі. І яго расстралялі ў раёне нашай цэрквы. Калі расстралялі, яшчэ па магіле прайшоў батальён салдат. Каб нават месца не засталося. Кажуць, што стаяў раней крыж на могілках вялікі ў яго памяць. Хтосьці паставіў потым з нашчадкаў. Дык вось, Уладзімер Караткевіч лічыў гэтага Тамаша Грыневіча сваім продкам непасрэдна па жаночай лініі. Таму што ў маці яго прозьвішча было Грынкевіч. Паколькі тут жыў яго дзядзька, юрыст быў, даволі вядомы ў Рагачове, то часьценька Караткевіч сюды наяжджаў.
«А ПОТЫМ ВЫСЬВЯТЛЯЕЦЦА, ШТО ГЭТА БОГ ЗНАЕ ХТО ГЭТА…»
Гэты дом позірк мінака вылучае адразу. Драўляны, высачэзны гарадзкі асабняк, з парадным уваходам. Нам адчыніў спадар гадоў пяцідзесяці, які, мяркуючы па твары, пражыў няпростае жыцьцё. Як аказалася, гэта стрыечны брат пісьменьніка Грынкевіч Сяргей.
— Вось разумееце, тут справа такая… Не ўспрымаеш чалавека таленавітага — сваяка. Ну нейкі сваяк, ну і ўсё. А потым высьвятляецца, што гэта бог знае хто гэта… Ён такі ж чалавек, як усякі… як мы. Пойдзем у дом, я пакажу… Туды, дзе мог заходзіць адзін Караткевіч і спаніель Альма. Але ніхто з нас. Там усё напісана…
Уявіце сабе вялізны сьветлы пакой са стольлю пад 4 мэтры. Дзе з мэблі толькі стол, крэсла й ложак. Калі сесьці за Караткевічава працоўнае месца насупраць аднаго зь вялікіх вокнаў, дык увагу можа адцягнуць толькі неба над бэзам, што расьце каля вакна…
— Ну тут усё напісана. Дарэчы, гэты стол, гэта ён купіў. Тут ён стаяў і сядзеў во тут. І звычайна пісаў. І дзьверы гэтыя звычайна закрытыя. І толькі магла сучонка Альма заходзіць. Ніхто з нас — не. Ну во тут стаяў круглы стол, і ён на ім пісаў. Ну аднойчы прыяжджае, у яго ў Гішпаніі, па-мойму, «Нельга забыць» кніга выйшла. Яму заплацілі 3.50. А чалавек гэта быў далёка не сантымэнтальны. Ён прыяжджае сюды і ледзь ня плача. Кажа: «Рабята. Вы б мне не плацілі нічога». А Саюз пісьменьнікаў атрымаў тады 90 тысяч. Гэта вялікія грошы. Навошта ж зьдзекавацца так? У самам дзеле.
Слухаючы Караткевічавага брата, я быў вельмі ўдзячны яму за тое, што гэты адрас забыты. Тут няма ніякага намёку на хатні музэй. Ні партрэта пісьменьніка на сьцяне. Ні ягонай кніжкі на стале. Для Сяргея Грынкевіча, падалося мне, Уладзімер Караткевіч так і застаўся менскім сваяком, які даўно не прыяжджае што-небудзь папісаць на роднай мове. Дзякуючы чаму ў пакоі пануе дзіўная аўра таго, хто не дазваляў уваходзіць сюды іншым. Шпалеры, якія не мяняліся з тых часоў, назаўжды ўвабралі ў сябе пах «Беламорканалу», які курыўся тут бязь меры. Ні ў якіх дамах-музэях я больш востра не адчуваў адсутнасьці гаспадара. Адсутнасьці назаўжды…
«Толькі вялізны сад аддзяляў дом ад Дняпра, вельмі шырокага ў гэтым месцы і вельмі пустога. Дно Дняпра хавала шмат цікавага: дзядзька, напрыклад, паліў у печы мораным дубам, пасьпяхова выцягваў дубовыя падводныя палі з моста, які калісь навёў Напалеон. Андрэй любіў Сухадол, такі ціхі і павольны, любіў дзедаўскія тры клёны і таполю, што абапіраліся на дах, любіў вулкі, зарослыя рамонкамі, — адвечны выпас гусянят, любіў клады над дняпроўскім адхонам… Увесь Сухадол быў такі, прыдатны хутчэй да таго, каб дажываць, чым жыць…»
Сухадол — гэта ў Караткевічавым рамане псэўданім Рагачова. Спадар Сяргей згадзіўся праводзіць мяне ўверх па Дняпры, да вёскі Азярышча. Вёскі, зь якой і пачынаецца гісторыя галоўнага героя «Каласоў пад сярпом тваім». Па дарозе спадар Грынкевіч узгадваў брата:
«ШТО З РУКАМІ З ГЭТЫМІ РАБІЦЬ?»
— Дарэчы, во тут з Караткевічам цырк быў. Едзем на лодцы, а ён сядзіць на носе. Рукі во так у вадзе. Рана раніцай. І тут на табе! Праскоквае тапельніца. Ужо да таго разлажылася. Той рукі падымае: «Дзядзька, што мне рабіць!?» Ну ладна. Ну мы гэтую тапельніцу к берагу. Мяне адпраўляюць. А той гэта… ня знае, што з рукамі з гэтымі рабіць. У вадзе ж былі…
Чытаючы кнігі, мы міжволі малюем у сваім уяўленьні мясьціны, што апісвае аўтар. Цікава, колькі такіх імгненных малюнкаў было народжана беларусамі падчас чытаньня «Каласоў»? Не памылюся, калі скажу — мільёны. Бо чыталі, дзякуй школьнай праграме, усе. Мой малюнак быў ня з горшых. Але рэальная карціна той стромы, дзе ў далёкім 1963-м адцьвітала Караткевічава груша, пераўзыходзіла фантазію.
Уявіце сябе на высокім беразе агромністага круглага возера. Высокія, парослыя лесам берагі якога плаўна зьнікаюць за даляглядам. А пасярэдзіне возера — круглы лугавы востраў. Дык возера — гэта Дняпро, а востраў — ягоны супрацьлеглы бераг. Рэдка пабачыш такі дасканалы выгін ракі. Любавацца Дняпром тут не стамляесься, быццам перад табою мора. Прычым мы прыехалі ўдзень. А што тут робіцца на золку!
«Дняпро цячэ між высокіх берагоў спакойна і ўпэўнена, вымываючы з-пад адхонаў пясок, адкрываючы часам для вачэй чалавечых тое, што сам жа раней схаваў ад іх: наздраватыя вапнякі, чырвоныя зь лілёвым адценьнем пліткі жалезьняку і векавечныя, вараскіх часоў, дубы. Яны чорныя як косьць, гэтыя мораныя дубы. Як абгарэлая чорная косьць. І калі бачыш на водмелі напаўзанесенае пяском мокрае бервяно — адразу становіцца зразумела, адкуль узяў народ паданьне аб волатах, што сьпяць, засыпаныя жвірам і заплеценыя травой, сьпяць, пакуль ня прыйдзе час вялікай бяды і пакуль іх не пакліча народ».
На беразе, дзе некалі расла Караткевічава груша, мае спадарожнікі ажывіліся. «Во, глядзі, — паказаў на абрывісты бераг Рыкуноў. — Колькі тут азярышчанцы ні гадзяць, вада ўсё змывае паступова. Тут не застайваецца звалка. А стараюцца. Народ у нас старацельны». — «А вунь там, — уступіў Грынкевіч, — там яны катаюцца на задніцах. А грушы няма. Рака змыла яе праз год, як і меркаваў Караткевіч».
У Азярышчы жыве вельмі прыгожая пара. Стары бакеншчык Васіль Максімавіч са сваёю старою. Каля самага дняпроўскага берагу…
«МАГАЗІННУЮ НЕ ЎВАЖАЎ»
— Што я пра яго магу ўспомніць? Прыяжджаў кой-калі. Яны кіно фатаграфіравалі тут. А я работаў бакеншчыкам. Ну, я ранкам устаю, ліхтары гэтыя іду паліць на Дняпро. Яны сфатаграфіруюць мяне тутака. Потым на лодцы выяжджалі мы. А кіно тое я й не паглядзеў, дзе яны яго дзелі? Вясёлы хлопец быў, совесны. Толькі, кажа, калі выпіць, дык толькі сваю. Самагонку. Магазінную не ўважаў. У нас была зь яблычнага соку. І пах яблыкаў, і смачная такая. Дык вось гэта ён усягды ўважаў…
Які гэта, напэўна, быў рай. Вырвацца ад менскіх сабутэльнікаў і стукачоў сюды. Да гэтых людзей. Езьдзіць разам са старым Васілём па Дняпры, запальваць над вечароваю ракою карасінавыя бакены. Піць тутэйшы кальвадос. І ня бачыць навокал прыкметаў савецкай цывілізацыі. Бо куды тут ні зірні — паўсюль краявіды, што былі і сто, і трыста гадоў таму.
Сам пра тое ня ведаючы, я ўжо бачыў гэты краявід на экране. І вы таксама бачылі. У фільме Рубінчыка «Дзікае паляваньне караля Стаха». Бадай, самыя ўдалыя й запамінальныя кадры тае карціны. Пра тое, як нарадзіліся гэтыя кадры, мне пазьней распавёў сын Васіля Максімавіча, менскі інжынэр Мікалай Кірэйшын:
— Маці Караткевіча выкладала ў свой час у Збарове. І там над Дняпром гара вялікая, там крыніцы ёсьць. І на гэтую гару езьдзілі паглядзець паплавы. А там пад Кісьцяні разьліваецца такі вялікі абшар лугоў. І калі туман высьцілаецца вечарам, пад восень недзе, дык ён так нізка над лугам сьцелецца. І калі коні там во пасьліся, дык што ўразіла Караткевіча, што бяжыць конь — і такое відовішча, што ён як бы не па зямлі бяжыць, а ляціць. Бо ніз схованы ў тумане. Во так, ён мне гаварыў, зарадзілася ідэя зьняць эпізод гэты «Караля Стаха».
2002, чэрвень
Працяг будзе
Папярэднія публікацыі
«А графаманаў трэба расстрэльваць»
Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу
Сынтэз паганства і хрысьціянства
Дом творчасьці часоў Вялікага тэрору
Выкінуты «за непатрэбнасьцю» рай
«Быў час, быў век, была эпоха…»
Стары Новы год у Каралішчавічах