У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.
У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.
Замовіць кнігу можна ТУТ
ХТО, ДЗЕ Й КАЛІ ЗАКОНЧЫЎ «ШКОЛУ НААДВАРОТ»
Сьвятлана Алексіевіч, Капаткевічы, 1965
Нобэлеўская прэмія ў літаратуры валодае магіяй чароўнай палачкі. Асабліва што да мясьцінаў, дзе гадавалася і расла ляўрэатка. Якімі б звычайнымі і нецікавымі яны ні былі яшчэ ўчора, пасьля дакрананьня чароўнай нобэлеўскай палачкі — робяцца знакамітымі і прывабнымі.
Дарога сярод вымерлых палескіх вёсак становіцца іншай. Бо гэта Яе дарога. Не сумняваюся, што калі-небудзь у Капаткевічы і Івашкавічы паедуць літаратурныя турысты. Раю са сталіцы ехаць празь Любань і Навасёлкі. Гэта і карацей, і даведаесься больш. А ў Навасёлках вас чакае сапраўднае адкрыцьцё. Можа быць, найлепшы помнік партызанам у Беларусі. Прынамсі, мяне гэты помнік проста агаломшыў. Я спыніўся і стаяў каля яго чвэрць гадзіны. Манумэнт уяўляе сабой тры агромністыя чалавечыя постаці. Кожная вышынёй з трохпавярховы дом. Бэтонныя волаты не стаяць статычна, а выяўленыя ў дынаміцы. Тры гіганты з суворымі тварамі выходзяць зь лесу на вялікую дарогу.
І звычайная школа ў Капаткевічах, якую скончыла ў 1965 годзе Сьвятлана Алексіевіч, таксама дзякуючы чароўнаму Нобэлю перастае быць проста звычайнай школай. Беларускую мову Сьвятлане Алексіевіч выкладала Аляксандра Антанішына. Старая жанчына з пранізьлівым, уладарным позіркам. У размове са мною настаўніца на беларускую мову не перайшла. Бо мы ж не на ўроку. Кнігі сваёй былой вучаніцы яна чытала крытычна:
«ДА ЯЕ НЕ ДАХОДЗІЎ ВОБРАЗ НАРОДУ»
— Яна апісвала найгоршыя эпізоды. Выбірала такіх людзей, хто перажыў многа. Аб партызанах адгукалася вельмі кепска. Гэта няправільна. Партызаны таксама былі людзі харошыя. У вайну нашы Капаткевічы спалілі. Дык партызаны апрацоўвалі агароды. А тое, што адзежу зьдзіралі… Дык людзі ж самі не давалі. Прыйдуць немцы, дык ім ад страху давалі ўсё. А партызану нічога не дадуць. Што ім заставалася рабіць? Трэба было рабаваць! Партызаны многа зрабілі харошага. Праўда, празь іх людзей палілі. Але што зробіш? Гэта вайна.
Я ціхенька сядзеў перад настаўніцай сталінскага гарту і нават ня думаў пярэчыць. Такія настаўніцы не прымаюць ніякіх пярэчаньняў. Уяўляю тыя ўрокі беларускай літаратуры. Урокі 1960-х. Без Караткевіча і Стральцова. Без Барадуліна і Адамчыка. Бяз Быкава і Адамовіча. Бо яны зьявяцца ў школьнай праграме пазьней. А вось што было. І што не магло не адбіцца ў памяці юнай Сьветы Алексіевіч.
— Да яе ніяк не даходзіла, што такое «вобраз народу». Вобраз асобнага героя — гэта яна разумела. А агульны вобраз не даходзіў да яе. Гэта ж адзін народ. Рускі і беларускі. Усе так лічаць. Быў адзін і застаўся адзін.
Вочы старой ўсё больш запальваліся нядобрым бляскам. Сухі кулачок тросься ўсё больш пагрозьліва.
— Я зьдзіўляюся, як яна атрымала Нобэлеўскую прэмію. За тое, што плявузгала на Савецкі Саюз! Выбірала найгоршае! Чаму яна харошае не выбірала? Хай бы яна і тое, і другое апісвала. Навошта самае горшае?
Алексіевічы жылі ў Івашкавічах. Адтуль Сьвятлана хадзіла ў школу зь сяброўкаю, Надзеяй Шут. Надзея ўсё жыцьцё прарабіла сельскай бібліятэкаркай. І ўсё жыцьцё прапагандавала творчасьць сваёй сяброўкі. У юнацтве сяброўкі ўдзельнічалі ў самадзейнасьці і нават сьпявалі песьні Сьвятланы Алексіевіч. Можа, Быкаў вершаў і не пісаў, але ад Сьвятланы Алексіевіч засталася паэтычная спадчына. Дзякуй памяці Надзеі Шут.
Поднимался, опускался над рекой туман.
Целый вечер заливался за рекой баян.
Смех звенел на всю округу, пели голоса
Про девчонку и про друга. Было не до сна.
Улыбнись, подруга, другу. Он передовик!
«Пятилетку раньше срока!» — вот его девиз.
Поднимался, опускался, всё закрыл туман.
Целый вечер заливался за рекой баян.
Калгасныя кіраўнікі пабудавалі ў Івашкавічах аграсядзібу. Называецца «Матчына хата». Дамкі ў той сядзібе зробленыя са зрубаў хат, у якіх ніхто ўжо не жыве. Але дом, дзе жыла сям’я Алексіевічаў, калгасныя ўлады разбурылі і закапалі. І яго ўжо не ўваскрэсіць ніякая чароўная палачка.
У мястэчку Асавец, дзе Алексіевічы жылі пасьля Івашкавічаў, таксама не засталося нічога памятнага — ні дому, ні школы, дзе пісьменьніца выкладала ў свой першы працоўны год. Мяне гэта ніколькі не засмуціла. Я нават знаходжу ўмяшаньне чароўнай сілы, якая адгароджвае турыстаў ад тутэйшых настаўніц беларускай мовы. Пагаворыш гадзіну і станеш расейскамоўным антысаветчыкам.
«ЯНА З БЫКАВЫМ ЗЬВЯЗАЛАСЯ»
Былая дырэктарка Асавецкай школы — «беларусістка» Галіна Крысько, кабетка нізенькая, але гарластая. Навіну пра беларускага Нобэля яна ўспрыняла бяз радасьці. На Алексіевіч у яе даўняя крыўда.
— Як яна з Народным фронтам зьвязалася, так і ня езьдзіць да нас. З Быкавым, я знаю, зьвязалася. Быкава я паважаю як пісьменьніка. Але яго паводзіны! Адмоўныя! Як можна пайсьці пісьменьніку ў Народны фронт?! Як можна супраць народу свайго выступаць?
Бедны Быкаў. Атрымаў бы за «паводзіны» ад Галіны Рыгораўны двойку. Але ж былі залатыя часы ў асавецкай школе!
— Мы зрабілі першы ў раёне музэй Леніна! У нас быў зроблены шалаш. І Ленін быў зроблены. Сядзеў на пяньку і пісаў. Як у вялікім музэі. І маўзалей быў зроблены! Леніна выразалі з дрэва. На пяньку сядзеў. У адзеньні. Усё як трэба.
Шкада, што асавецкі філіял музэю мадам Цюсо разбураны. Зрэшты, і Нобэлеўскую прэмію далі «не па адрасе». Якой пісьменьніцай магла б быць сама Галіна Крысько! Калі б ня гэты маўзалей.
— «У вайны не жаночы твар» цяжка чытаецца. У яе няма ідэі нейкай. Праз кожныя пяць лістоў новы расказчык. Дык я таксама так пісала! Сяду, аформлю, і будзе тая самая кніга!
«ЯНА З ГЭТЫМ ПАЗЬНЯКОМ УВЕСЬ ЧАС»
Васіль Марціновіч, колішні настаўнік працы, той самы «тата Карла», які з палена выразаў Леніна, бачыць сакрэт Нобэля Алексіевіч у яе душэўным сяброўстве зь Зянонам Пазьняком.
— Няхай на здароўе атрымлівае. Яна ж працавала для гэтага. Калі б яна ня зьехала ў Францыю, то не далі б ёй. Ёсьць жа і разумнейшыя. Але так яна нас клявала! Расію і Беларусію. Яна ж з гэтым Пазьняком увесь час. Яны бэнээфаўцы.
Блукаючы па дамах асавецкай інтэлігенцыі, я ўсё больш адчуваў сябе ці то Чычыкавым, ці то добраахвотным псыхатэрапэўтам. Былая настаўніца гісторыі Галіна Кісель — жанчына са сьлядамі няпростага лёсу на твары. Глыбокія зморшчыны, пракураны голас, крыху гульлівы позірк. Гістарычка назвала мне сваю прычыну, зь якой Алексіевіч далі Нобэля. Гэта жыдамасонская змова! Выкладаньне савецкай гісторыі не прайшло дарэмна.
— Я з гэтай сям’ёй вельмі сябравала. Бацька вельмі харошы. Але высьветлілася аднойчы, што яны ўсё-ткі яўрэі! А я яўрэяў не ўважаю. Што яны робяць у сьвеце! Царскія ўлады не падпускалі яўрэяў блізка да Масквы і Піцера. Вось чаму іх так многа на ўскраінах. Асабліва ў Беларусіі. Чаму цяпер усе расійскія алігархі яўрэі? Як і ў Штатах!
Дык як жа адкрылася «таямніца яўрэйства» Сьвятланы Алексіевіч? Аказваецца, прыехаў з Мазыра школьны інспэктар. І пачуў, як Алексіевіч-старэйшая выкладала асавецкім дзеткам замест нямецкай мовы ідыш. Якімі паліглётамі былі ранейшыя інспэктары!
— Быў Зяленін, інспэктар. Ён сам з Новасібірску. Ён не стрымаўся пасьля яе ўроку. Ішоў і крычаў: «Як вы сьмееце на яўрэйскай мове выкладаць!»
Алексіевіч называе героя сваёй апошняй кнігі «чырвоным чалавекам». Гэтаму асавецкаму чалавеку падабраць колер ня проста. Тут і чорная зайздрасьць, і барва таннага віна, і шэрасьць даўно ня мытых вокнаў у інтэр’еры:
— Са Сьветай я паддружвала. У нас розьніца невялікая ва ўзросьце. Але мне асабіста яе кнігі не падабаюцца. Не маё. Ня наша! Цяпер Нобэлеўскую прэмію выдаюць Штаты. Сваім сябрам. За што Гарбачову далі? За тое, што Саюз разваліў. За што Абаму далі? За тое і Алексіевіч далі. Каб брахала на нас. Як можна не любіць Радзіму? Яна ганьбіць нас.
Таемная жыдоўка, якая, пасябраваўшы зь Зянонам Пазьняком, зьвязалася з Васілём Быкавым, каб уступіць у Народны фронт дзеля атрыманьня Нобэлеўскай прэміі з рук Барака Абамы за тое, што «плявузгае» на Лукашэнку. Пасьля ўсяго пачутага на радзіме гераіні мне вельмі хацелася адсюль як мага хутчэй зьбегчы. Бо сам ужо стаў непакоіцца за сваё псыхічнае здароўе.
Каб спытацца карацейшага шляху, я зайшоў у машынна-трактарны парк мясцовага СВК. Дзе курылі трактарысты і мэханікі. Мужыкі, калі даведаліся прычыну майго візыту, заўсьміхаліся. Памятаюць і бацьку пісьменьніцы, ваенрука, і маці, якая выкладала нямецкую мову. А яшчэ мужыкі чыталі «Цынкавых хлопчыкаў» і «Ў вайны не жаночае аблічча». І за сваю зямлячку вельмі радыя. А пра Нобэля даведаліся зь «Белсату», які рэгулярна глядзяць. Напэўна, гэтыя людзі вельмі кепска вучыліся ў тых настаўніц, зь якімі я размаўляў. Пакуль я курыў з мужыкамі, яны нязмушана вярнулі мяне ў стан адэкватнасьці. А заадно паказалі, што чырвоны чалавек ня вечны.
2015, сьнежань
Працяг будзе
Папярэднія публікацыі
«А графаманаў трэба расстрэльваць»
Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу
Сынтэз паганства і хрысьціянства
Дом творчасьці часоў Вялікага тэрору
Выкінуты «за непатрэбнасьцю» рай