Арцём Баранаў — муляр з Украіны. У Казахстане ён знаходзіцца ўжо каля трох гадоў. Спачатку афіцыйна, як працоўны мігрант, працаваў год у Астане, а потым трапіў у рабства.
Арцём расказвае, што на сайце аб’яў знайшоў вакансію ў Шымкенце. Сама аб’ява ў яго падазрэньняў ня выклікала, але калі ён пачаў працаваць, плаціць яму чамусьці вырашылі не грашыма, а ежай і цыгарэтамі.
«Узялі дакумэнты, абяцалі зрабіць рэгістрацыю, — распавядае Арцём. — Але ў рэшце ні грошай, ні пашпарта — нічога ня ўбачыў. А без дакумэнтаў і бяз грошай ты асабліва нікуды не паедзеш».
Арцёму, паводле яго, некалькі тыдняў таму ўдалося ўцячы ад працадаўцаў. Цяпер жыве ў сацыяльным прытулку ў Казахстане і чакае дакумэнтаў, каб вярнуцца дадому.
Арцём не адзіны, хто трапіў у працоўнае рабства ў Казахстане. Дырэктар цэнтру сацыяльна-прававой падтрымкі «Шанец» Ганна Рыль заўважае, што нават калі працоўны мігрант прыехаў у Казахстан законна і яго працадаўца афармляе ўсе неабходныя дакумэнты, гэта ня значыць, што яго не падмануць.
Сёньня ў крызісным цэнтры «Шанец» жывуць ня толькі грамадзяне дзяржаў Цэнтральнай Азіі, але і ўкраінцы, расейцы, філіпінцы. Усе яны прыехалі ў Астану працаваць у сфэры паслуг, хтосьці законна, хтосьці не, але ўсе сутыкнуліся з падманам і прыніжэньнямі.