Суд Барысаўскага раёну асудзіў палкоўніка Сяргея Гарадзінскага на 2 гады калёніі агульнага рэжыму, а таксама прысудзіў яму штраф памерам 8575 рублёў, піша Tut.by.
Прысуд не набыў моц і можа быць абскарджаны. Гарадзінскі цалкам прызнаў сваю віну і пакаяўся.
Як сьцьвярджала сьледзтва, на пасадзе камандзіра 60-га асобнага палку сувязі Гарадзінскі, ведаючы пра злачынства ў частцы, не зарэгістраваў яго ў вызначаным парадку і не прызначыў службовае расьсьледаваньне, чым парушыў ч. 1 арт. 455 Крымінальнага кодэксу — гэта перавышэньне ўлады, злоўжываньне ўладай альбо бязьдзеяньне, што караецца тэрмінам да 6 гадоў зьняволеньня.
Больш за 20 салдатаў тэрміновай службы асудзілі з пачатку году
Паводле пракурора, інцыдэнт здарыўся ў ноч з 9 на 10 лістапада 2016 году. Сяржант і двое радавых перакулілі тады ложак, дзе спаў радавы М. Зваліўшыся, салдат стукнуўся аб рог тумбачкі, якую таварышы па службе адсунулі, каб было куды падаць. У выніку М. атрымаў ушыб галавы, які адносіцца да лёгкіх цялесных пашкоджаньняў.
У тую ж ноч дзяжурны паведаміў пра здарэньне Гарадзінскаму. Той накіраваў М. у Барысаўскі шпіталь і загадаў не паведамляць вышэй. Супрацоўнікі контравыведкі даведаліся пра здарэньне толькі летась у студзені.
Да суду палкоўнік працягваў служыць у войску з паніжэньнем. Яму 48 гадоў, жыве ў Барысаве. Мае мэдаль «За бездакорную службу» ІІІ ступені.