Менскі плянэтарый сабраў на краўдфандынг-плятформе Talaka.by больш за 13 400 рублёў на новы праектар, які дае якасьць карцінкі, блізкую да IMAX-кінатэатраў. Паводле плянэтарыю, старыя праектары «вычарпалі свой рэсурс».
Гэта 109% ад неабходнай сумы. Як пісаў загадчык плянэтарыю Аляксандар Мікуліч, 12,3 тысячы рублёў патрэбныя для 4 праектараў Aser H7550ST фармату FullHD дзеля «поўнага купалу». Разам праектары дадуць разрозьненьне 3K, высокую яскравасьць і кантрастнасьць карцінкі — «космас стане яшчэ рэалістычнай і бліжэй», кажуць арганізатары збору грошай.
Што давала ахвяраваньне?
- Унёсак у 8 рублёў — адзін квіток на любы сэанс у плянэтарыі;
- 18 рублёў — квіток і права прыйсьці на сэанс з пап-корнам, што звычайна забаронена;
- 100 рублёў — клюбную картку плянэтарыя з правам праходу на любы сэанс цягам году;
- за большыя сумы — рэкляму і брэндаваньне.
Паводле плянэтарыю старыя праектары «вычарпалі свой рэсурс». Аднак паглядзець сфэрычныя фільмы (калі карцінка і сьпераду ад гледача, і ззаду, і над галавой) у плянэтарыі можна і цяпер — там дэманструюцца як дакумэнтальныя фільмы пра тэлескопы, цёмную матэрыю або чорныя дзіры, так і дзіцячыя мультфільмы пра космас. Акрамя кіно ў плянэтарыі ладзяць таксама публічныя лекцыі навукоўцаў і «экскурсіі па зорным небе».