Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве апоўзьнем заваліла дамы. Людзі чакаюць дапамогі. ФОТА


Адзін з дамоў, які «трымае на сабе» грунт
Адзін з дамоў, які «трымае на сабе» грунт

У Магілёве трэція суткі жыхары вуліцы Струшня чакаюць дапамогі адмыслоўцаў у расчыстцы двароў ад абрынутага грунту. Апоўзень сышоў падчас залевы 22 ліпеня. Паколькі наступныя дні прагназуюцца дажджы, то людзі непакояцца, што абвал грунту можа паўтарыцца.

Дамы на Струшні ўзьведзеныя ўздоўж аднайменнай невялікай рачулкі, якая вымыла глыбокую пойму. Яе высокія схілы навісаюць над хатамі.

Ніхто ні за што не адказвае. Каму падаткі плоцім?

Апоўзень сышоў на дамы №47А і 49. Амаль мэтровы ўзровень зямлі трымаюць сьцены хат і гаспадарчых будынкаў. Скалянелы за два дні грунт людзі не кранаюць, каб не справакаваць паўторнага абвалу.

Ганна Пятроўна ў сваім двары пасьля сыходу апоўзьню
Ганна Пятроўна ў сваім двары пасьля сыходу апоўзьню

Гаспадыня аднаго з дамоў Ганна Пятроўна лічыць 22 ліпеня другім днём народзінаў. Увечары яна выйшла ў двор пакарміць сабаку і ўбачыла, як на яе сунецца вал зямлі. Жанчына пасьпела ўскочыць у хату, якую, як яна кажа, ледзьве не абярнуў апоўзень. Зямлёй заваліла двор і агарод. Вадой заліло ў хаце склеп. Двор гаспадары расчысьцілі самі, каб было як прайсьці на вуліцу ды да хляўка.

«Куды толькі не тэлефанавала за гэтыя дні. Маліла, каб мне падказалі, да каго зьвярнуцца па дапамогу. З адной арганізацыі мяне скіроўвалі да другой. Ніхто, выходзіць, ні за што не адказвае. Падатак за зямлю я ж плачу ўсе трыццаць гадоў, што тут жыву. Куды гэта ўсё дзяваецца?» — плачучы, расказвае жанчына.

Ратавальнікі прапанавалі перабыць у гатэлі

Як кажа Ганна Пятроўна, ратаваць яе пасьля шматлікіх званкоў прыехалі супрацоўнікі МНС, якія адпампавалі ваду ды сьпілавалі заваленыя апоўзьнем дрэвы. Прапанавалі перабыць небясьпеку ў гатэлі. Некаторыя ратавальнікі, адзначыла Ганна Пятроўна, прызналіся ёй, што пасьля апоўзьню тут не засталіся б жыць ні дня. Паводле жанчыны, камунальнікі ж пакуль толькі абяцаюць даць тэхніку і работнікаў для вывазу грунту.

Хату Ганны Пятроўны толькі пачалі рамантаваць. Апоўзень усю працу спляжыў
Хату Ганны Пятроўны толькі пачалі рамантаваць. Апоўзень усю працу спляжыў

«Зразумела, гэта надзвычайнае здарэньне, але мусяць жа быць прадуманыя захады пераадоленьня наступстваў і вызначаныя адказныя, — абураецца зяць Ганны Пятроўны. — Калі б такое здарылася ў якога начальніка, дык усё б было ўжо пароблена, а як у простых людзей, то пачакаюць».

Людзі баяцца паўторнага апоўзьню

Дом па суседзтве таксама «трымае на сабе грунт». Яго гаспадар Уладзімер таксама бачыў на ўласныя вочы з акна, як сунуўся на ягоную хату апоўзень. Зямлі пад хатай — да аканіц. Уладзімер засьцерагае суседзяў брацца самім за расчыстку, бо лічыць, што яны могуць справакуюць паўторнае абрываньне грунту. На яго думку, такой справай маюць займацца адмыслоўцы.

Частка апоўзьню на Струшні
Частка апоўзьню на Струшні

Пацярпела ад апоўзьню і яшчэ адна хата на Струшні. Грунтам завалены агарод і частка двара.

Месцамі размытыя і берагі рачулкі. Падчас залевы яна ператварылася ў паўнаводную рэчку. За апошнія тры дзясяткі гадоў такой залевы мясцовыя жыхары ня бачылі.

Ручай Дзебра, які размыў у залеву берагі
Ручай Дзебра, які размыў у залеву берагі

Гаспадары дамоў адзначылі, што іх ніколі не папярэджвалі пра небясьпеку сыходу апоўзьняў. Паводле суразмоўцаў, іхныя суседзі, што жывуць вышэй, на краі схілаў скідаюць сьмецьце, якое разам з грунтам звалілася ў двары.

За першыя паўгода Беларусь «недабрала» ападкаў. Адкуль прыйшлі навальніцы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG