Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фядыніча і Комліка абвінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў


Генадзь Фядыніч, архіўнае фота
Генадзь Фядыніч, архіўнае фота

На 30 ліпеня прызначаны судовы разгляд справы супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, лідэраў незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП).

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК РБ). Як лічыць сьледзтва, па віне сваіх лідэраў прафсаюз РЭП не заплаціў у дзяржаўны бюджэт падаткаў на агульную суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек. Абвінавачваньне падало пазоў аб спагнаньні маёмаснай шкоды на гэтую суму.

Фядынічу і Комліку пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

Працэс будзе праходзіць у судзе Ленінскага раёну, а не Савецкага, дзе зарэгістраваная сядзіба прафсаюзу, паведаміў Свабодзе Фядыніч. Ён лічыць, што гэта зьвязана з тым, што там большыя памяшканьні:

«Наша справа ўсё ж незвычайная. Працэс адкрыты. Таму ўлады і перанесьлі суд туды», — дадаў Фядыніч.

Пачатак суду амаль супаў з днём народзінаў Фядыніча, якому 31 ліпеня спаўняецца 61 год.

Прафсаюзны лідэр кажа, што ў яго няма ілюзіяў адносна справядлівага разгляду справы. Ён прагназуе, што прэцэдэнт з РЭП можа мець вялікія наступствы для ўсяго няўрадавага сэктару Беларусі.

«Стварыць фэйкавую электронную скрыню, нашпігаваць яе падробнымі дакумэнтамі, а затым легалізаваць іх праз пракуратуру і суд — такіх прэцэдэнтаў у Беларусі яшчэ не было. Праваабаронцы, прадстаўнікі Глябальнага саюзу IndustriALL, які аб’ядноўвае больш за 50 мільёнаў прамысловых работнікаў у 140 краінах сьвету, ужо заявілі, што будуць уважліва сачыць за працэсам», — кажа Фядыніч.

Бяляцкі праходзіў па гэтым жа артыкуле

Паводле такога ж артыкулу ў 2011 годзе судзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Яго пакаралі на на 4,5 года зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, вызвалілі праз тры гады. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным.

Валер Каліноўскі. Справа Бяляцкага, PDF >>

Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку сьледчых дзеяньняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Што важна ведаць

  • Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году.
  • Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах РЭП.
  • Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
  • Паводле гэткага ж артыкула (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 г. праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
  • Сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.

Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць

6 пытаньняў да старшыні РЭП Генадзя Фядыніча, якога вінавацяць у нясплаце падаткаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG