Нашчадкі Соф’і Менскай, Соф’і Гальшанскай і Людвікі Караліны Радзівіл кіравалі дзясяткамі краінаў сьвету. Сярод іх і ўсе сучасныя манархі Эўропы.
Арыгінал публікацыі 19.07.2017.
Маргарыта Першая — каралева Даніі, Швэцыі й Нарвэгіі
Менскі й полацкі князь Валадар Глебавіч — унук Усяслава Чарадзея й нашчадак Рурыка. У 1135 годзе ён ажаніўся з Рыкісай Баляславаўнай. Яна была зь Пястаў — першай польскай княжацкай і каралеўскай дынастыі.
Дачка Валадара й Рыкісы Соф’я пабралася шлюбам з каралём Даніі Вальдэмарам і стала маці кіраўнікоў некалькіх эўрапейскіх краінаў.
У караля Даніі Кнуда Чацьвёртага й каралевы Францыі Інгеборгі не было дзяцей. Найбольш працягла ва ўладзе былі нашчадкі караля Даніі Вальдэмара Другога й каралевы Швэцыі Рыкісы.
Тры сыны Вальдэмара кіравалі Даніяй. Празь некалькі пакаленьняў па гэтай лініі нарадзілася Маргарыта. Пры ёй Данія, Швэцыя й Нарвэгія фактычна аб’ядналіся ў адну краіну. У 1397 годзе ў Кальмарскім замку скандынавы падпісалі унію, якая так і завецца Кальмарскай — гэта палітычна аформлены пэрсанальны зьвяз.
З прычыны раньняй сьмерці сына Маргарыты Олафа нашчадкі Соф’і Менскай там ужо не кіравалі.
На Олафу скончылася й іншая лінія нашчадкаў нашай зямлячкі — празь яе дачку Рыкісу. Па гэтай лініі было амаль дзесяць каралёў Швэцыі ды некалькі — Нарвэгіі. Адзін зь іх, Хакон, і пабраўся шлюбам з Маргарытай.
Каралі Баварыі й імпэратары Аўстрыі
Баварскае каралеўства існавала з 1806 па 1918 год. Усе мясцовыя каралі зьвязаныя з нашай краінай праз Радзівілаў, бо мелі кроў гэтага роду.
Януш Радзівіл нарадзіўся ў віленскай сям’і гетмана Крыштапа Мікалая «Перуна», вучыўся ў Страсбуры й Базэлі. Спачатку ён пабраўся шлюбам з Соф’яй Алелькавіч-Слуцкай, самай заможнай нявестай Вялікага Княства Літоўскага, а пасьля яе сьмерці — зь немкай Лізаветай Соф’яй Гагенцолерн. У 1618 годзе ён набыў мясцовасьць Ліхтэнбэрг паміж Дрэздэнам і Мюнхэнам.
Яго сын Багуслаў вучыўся ў Гронінгене, Утрэхце й Парыжы. У Беларусі ён заслугоўвае сама меней двух помнікаў — у Жодзіне, якое заснаваў, і ў Слуцку, для якога шмат зрабіў: дамогся Магдэбурскага права, забясьпечыў новымі фартыфікацыйнымі збудаваньнямі, сабраў тут архіў, бібліятэку.
Людвіка Караліна — дачка Багуслава й Ганны Марыі Радзівіл — у два гады стала сіратой і выхоўвалася ў Бэрліне. Яна фінансавала навучаньне выпускнікоў Слуцкай кальвінісцкай гімназіі ў найлепшых унівэрсытэтах Эўропы, у тым ліку ў Оксфардзе й Франкфурце. Сярод яе нашчадкаў — дзясяткі манаршых асобаў.
Адзін з унукаў караля Баварыі Максыміліяна Першага Франц Ёсіф стаў імпэратарам Аўстрыі. Гэтай дзяржавай ён кіраваў 68 гадоў. А другі — таксама Максыміліян — стаў апошнім імпэратарам Мэксыкі. За яго запрашэньне выказаліся прыкладна шэсьць мільёнаў мэксыканцаў зь дзевяці.
Сярод нашчадкаў першага караля Баварыі і ўсе астатнія кіраўнікі гэтай дзяржавы — усіх іх было шэсьць. Апошняга караля, Людвіга Трэцяга, пазбавілі ўлады падчас лістападаўскай рэвалюцыі 1918 году. Род працягвае Луітпольд Баварскі 1951 году нараджэньня, генэральны дырэктар піваварні König Ludwig Schlossbrauerei.
Яшчэ адна прадстаўніца Радзівілаў магла стаць чальцом манаршай сям’і. Эліза Фрыдэрыка Радзівіл — дачка Антонія Генрыха Радзівіла й пляменьніцы караля Луізы — стала нявестай імпэратара аб’яднанай Нямеччыны Вільгельма, але рана памерла ад сухотаў. Іх унук Антон Вільгельм стаў пажыцьцёвым чальцом верхняй палаты нямецкага парлямэнту.
У бэрлінскім палацы Радзівілаў гасьцявалі Шапэн, Гумбальт, Шынкель, Мэндэльсон, Бэтховэн і іншыя выдатныя дзеячы таго часу. Пазьней гэты будынак амаль на стагодзьдзе стаў адным з галоўных у краіне, а Радзівілаў у ім зьмянілі Бісмарк, Гіндэнбург, Гітлер.
Пасьля Другой усясьветнай вайны на яго месцы пабудавалі комплекс жылых панэльных дамоў.
Усе дзейныя манархі
Цяпер 10 эўрапейскіх краінаў маюць сваіх манархаў, якія атрымалі ўладу ў спадчыну. Гэта
- Бэльгія,
- Вялікая Брытанія,
- Гішпанія,
- Данія,
- Ліхтэнштайн,
- Люксэмбург,
- Манака,
- Нарвэгія,
- Нідэрлянды,
- Швэцыя.
Усе манархі, якія правяць цяпер у гэтых краінах, маюць у далёкіх прашчурах Соф’ю Гальшанскую й яе мужа Ягайлу.
Сын Соф’і і Ягайлы Ўладзіслаў правіў Польшчай і Вугоршчынай, а Казімер — Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім. У Казімера было трынаццаць дзяцей.
Найбольш працяглыя манаршыя лініі мелі кароль Чэхіі й Вугоршчыны Ўладзіслаў і Ганна Ягелонка.
Сярод нашчадкаў Уладзіслава — Марыя Мэдычы, Людовік Трынаццаты й Людовік Чатырнаццаты з Францыі, некалькі імпэратараў Сьвятой Рымскай Імпэрыі, каралі Партугаліі, Гішпаніі, імпэратары Бразыліі.
Ганна Ягелонка нарадзіла Соф’ю Памяранскую — каралеву Даніі й Нарвэгіі.
Яе праўнук Крысьціян Чацьвёрты кіраваў Даніяй 59 гадоў — рэкорд у гісторыі краіны.
Праўнучка Ганна Дацкая — прашчурка
- Філіпа Шостага, сучаснага караля Гішпаніі;
- Вілема Аляксандра, сучаснага караля Нідэрляндаў;
- Лізаветы Другой, каралевы Вялікай Брытаніі.
Праўнучка Аўгуста Дацкая — прашчурка
- Маргарэты Другой, сучаснай каралевы Даніі,
- апошняга імпэратара Расеі Мікалая Другога,
- апошняга імпэратара Грэцыі Канстанціна Другога.
Яшчэ адна праўнучка, Лізавета Дацкая — прашчурка Іягана Фрызо, прынца Аранскага.
Яго кроў ёсьць ува ўсіх сучасных манархах.