Акцыя называлася «Канцэрт для скрадзенай зямлі».
19 ліпеня ўвечары на ўкраінскай частцы пераходу «Каланчак» на адміністрацыйнай мяжы з анэксаваным Расеяй Крымам адбылася «негвалтоўная акцыя пратэсту» ў падтрымку зьняволенага ў Расеі рэжысэра Алега Сянцова, які працягвае галадоўку ў турме, і іншых украінскіх палітвязьняў.
Акцыю зладзілі ўкраінскі музычны гурт «Бумбокс» і акторы беларускага Свабоднага тэатру. Паводле лідэра групы «Бумбокс» Андрэя Хлыўнюка, назвалі яе «Канцэртам для скрадзенай зямлі», бо не чакалі вялікай колькасьці гледачоў.
«Хацелася адыграць проста ў полі той тэрыторыі, на якую мы ня можам прыехаць свабодна і выступіць», — дадаў саліст.
Тым ня менш на канцэрт сабралася больш як тысяча гледачоў, прыехалі і жыхары акупаванай крымскай тэрыторыі. Сцэна была разьвернутая ў бок анэксаванага Расеяй паўвострава.
«Гэтая акцыя адбываецца ў межах здымкаў дакумэнтальнага фільму пры дапамозе Міжнароднай асацыяцыі журналістаў. Адна з асноўных яго тэм — прыцягненьне ўвагі ўсясьветнай супольнасьці да палітычных вязьняў Крамля, у прыватнасьці, Алега Сянцова», — сказаў Хлыўнюк.
Кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін на сваёй старонцы ў Facebook удакладніў, што ад задумы да рэалізацыі праекту прайшло ўсяго 10 дзён:
«Мы гэта зрабілі! І гэта было па-сапраўднаму крута! Андрэй Хлыўнюк назваў гэты канцэрт самым значным у сваім жыцьці. Толькі альянс дзьвюх такіх клясных камандаў, як #boombox і #belarusfreetheatre, можа вырашаць такія глябальныя задачы. Дзякуй усім, хто працаваў з намі! Гэта высокі кляс!».