Свабода падлічыла, колькі ў сярэднім каштуе навучаньне на сямі самых папулярных спэцыяльнасьцях і як доўга трэба працаваць, каб вярнуць гэтыя грошы.
Некаторыя беларускія ВНУ апублікавалі новыя цэны на платнае навучаньне ў 2018–2019 гадах. Яны вышэйшыя, чым леташнія. Так, у БДУ, у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускім дзяржаўным мэдыцынскім унівэрсытэце цэны павысіліся ў сярэднім на 10%.
«У сувязі з павелічэньнем памеру тарыфнай стаўкі 1-га разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацыяў і на падставе праведзеных падлікаў», — такім чынам тлумачаць ВНУ падвышэньне цэнаў.
Найдаражэйшыя спэцыяльнасьці ў беларускіх ВНУ — юрыспрудэнцыя, міжнародныя дачыненьні (3136 рублёў), ІТ-сфэра (3020 рублёў), журналістыка (2978 рублёў), а таксама спэцыяльнасьць лекар-стаматоляг (2827 рублёў).
Таньней за іншыя ВНУ адукацыя каштуе ў Беларускім аграрна-тэхнічным унівэрсытэце – ад 1236 да 1723 рублёў, ва ўнівэрсітэце фізкультуры — 1 930 рублёў.
Выгадней за ўсё вучыцца на праграміста: вярнуць укладзеныя ў навучаньне грошы можна ўсяго за некалькі месяцаў. Настаўнікам, лекарам, юрыстам для гэтага спатрэбіцца амаль 2 гады.
Настаўнік гісторыі, выкладчык
Год таму навучаньне на гістарычным факультэце БДУ каштавала 2250 рублёў, сёлета — 2 475 рублёў.
Сярэдні заробак у сфэры адукацыі ў траўні быў 657 рублёў.
Аднак маладыя настаўнікі з усімі даплатамі зарабляюць ня больш за 550 рублёў.
Такім чынам, каб акупілася навучаньне, маладому настаўніку трэба працаваць 1 год і 10,5 месяца.
Лекар
Летась год навучаньня ў Беларускім дзяржаўным мэдыцынскім унівэрсытэце каштаваў 2200 рублёў. Сёлета — 2 420 рублёў (пэдыятар, лекар) і 2827 рублёў (стаматоляг).
Сярэдні заробак доктара ў траўні 2018 году — 731 рубель.
Такім чынам, працаваць, каб кампэнсаваць затраты на навучаньне, маладому лекару трэба 1 год і 7 месяцаў.
Інжынэр-будаўнік
Інжынэраў-будаўнікоў рыхтуюць у БНТУ на спэцыяльнасьці «Грамадзянскае і прамысловае будаўніцтва”. І летась, і сёлета кошт навучаньня — 2660 рублёў (прынамсі, на 18 ліпеня на афіцыйным сайце былі пазначаныя цэны на мінулы, 2017/2018 навучальны год).
Сярэдні заробак у сфэры будаўніцтва — 868 рублёў. Адпрацоўваць сваё навучаньне будаўніку давядзецца 1 год і 3,5 месяца.
Архітэктар
І летась, і сёлета на сайце БНТУ пазначаны аднолькавы кошт навучаньня на архітэктурным факультэце БНТУ — 2797 рублёў.
Сярэдні заробак у сфэры архітэктуры, паводле Белстату – 1098 рублёў.
Таму адпрацоўваць сваё навучаньне маладому спэцыялісту давядзецца 1 год і 1 месяц.
Шахтар (спэцыяліст горназдабыўнай справы)
І летась, і сёлета кошт навучаньня на такой спэцыяльнасьці ў БНТУ складае 2640 рублёў.
Сярэдні заробак у горназдабыўнай галіне — адзін з самых высокіх у краіне: у траўні 2018 году ён складаў 1491 рубель.
Такім чынам, адпрацоўваць сваю адукацыю маладому спэцыялісту давядзецца толькі 9 месяцаў.
Юрыст
Летась навучаньне на юрыдычным факультэце БДУ каштавала 2851 рубель, сёлета — 3 136 рублёў (на 285 рублёў больш, ці на 10,9%)
Сярэдні заробак у сфэры юрыспрудэнцыі цяжка вызначыць. Напрыклад, каб працаваць судзьдзёй ці пракурорам, дзе заробкі даволі высокія, трэба мець стаж, ня меншы за 5 гадоў.
У разьдзеле «Праца ў сфэры юрыспрудэнцыі ў Менску» юрыстам бяз досьведу працы прапануюць заробак ад 400–600 рублёў.
Калі ўзяць заробак 600 рублёў, то, каб кампэнсаваць выдаткі на вышэйшую юрыдычную адукацыю, маладому спэцыялісту давядзецца працаваць 2 гады і 2 месяцы.
Праграміст
Год навучаньня на самых папулярных спэцыяльнасьцях у БДУІР сёлета каштуе 3020 рублёў (летась – 2750 рублёў).
І хоць сярэдні заробак у IT-сфэры 3627 рублёў, аднак пачаткоўцы стартуюць, як правіла, з 1000-1400 рублёў.
Калі лічыць паводле сярэдняга заробку ў галіне, то праграмісту кампэнсаваць свае навучаньне можна за 4 месяцы працы.