У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». Публікуем фрагмэнты гэтай кнігі. Сёньня працяг разьдзелу «Зона волі»: Ад чаго залежыць сацыяльная адаптацыя. Эміграцыя як шанец пачаць новае жыцьцё. Заходні досьвед.
У папярэднім разьдзеле «Зона волі»: З турмы на волю: у чым, як і куды. Каб ня стаць бамжом. «Міліцыі прасьцей ізноў пасадзіць». Замовіць кнігу Алены Струвэ можна ТУТ.
Ад чаго залежыць сацыяльная адаптацыя
У Беларусі 47% раней суджаных ізноў вяртаюцца ў месцы пазбаўленьня волі.
Як кажа вэтэран МУС, былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч, які атрымаў свой прысуд за бойку зь міліцыянтам, вярнуцца да нармальнага жыцьця ўдаецца мала каму.
Ад Сяргея Парсюкевіча
— Пакуль не запрацуе эканоміка, не запрацуюць і структуры, якія займаюцца пытаньнямі сацыяльнай адаптацыі былых зьняволеных. Яны ж не прымусяць нейкага кіраўніка прадпрыемства забясьпечыць працоўным месцам таго, хто вызваліўся з-за кратаў. Нават калі ў гэтага чалавека ёсьць высокая прафэсійная кваліфікацыя. То бок працоўныя месцы чалавеку прапануюць. Аднак тыя, вакол якіх няма ніякай канкурэнцыі. Ты проста ня зможаш жыць за гэтыя грошы.
Большасьць былых ЗК выбірае шлях вяртаньня да ранейшага. Зьвязана гэта найперш з тым, што яны не разумеюць, што неабходна працаваць. За доўгі час адседкі ў выніку вымушанага гультайства адвыкаюць ад працы.
Па-другое, асяродак, у які яны трапляюць пасьля вызваленьня. Не заўсёды побач блізкія людзі, якія ў стане не дапусьціць кантактаў з ранейшым колам. І, зразумела, шмат што залежыць ад стаўленьня грамадзтва да гэтага пытаньня. Нават калі чалавек хоча рэінтэгравацца, яму пастаянна нагадваюць, што ён другога гатунку. Так званая «зэкафобія» ў нашым грамадзтве ўсё яшчэ застаецца вельмі вялікай.
Ад Міколы Аўтуховіча
Былы палітвязень, у мінулым вядомы ваўкавыскі бізнэсовец, двойчы асуджаны Мікола Аўтуховіч, які вызваліўся з-за кратаў на пачатку 2014-га, кажа, што ён спрацаваўся б з тымі мужыкамі. Калі б не пяцігадовая забарона на прадпрымальніцкую дзейнасьць і калі б не канфіскацыя яго маёмасьці, ён бы абавязкова паспрабаваў рэалізаваць гэтую ідэю:
— Калісьці я зьбіраўся купіць калгас. Нават была дасягнутая дамова, намесьніца міністра падпісала мой праект... Але калі наверсе даведаліся, што гэта хачу зрабіць я, адразу звольнілі таго старшыню. Шмат маю розных ідэяў. Напрыклад, вычысьціць нашы лясы. А для гэтага патрэбна шмат працоўных рук. Ці сэзонная праца: збор клубніц, потым цыбулі, потым памідораў. Толькі засадзі, а потым аднясі на рынак. Гэта ж прыбытак. Пастаў вагончыкі, ствары ўмовы для сэзоннай працы. Плаці людзям. Зэкі пойдуць, усе пойдуць.
Эміграцыя як шанец пачаць новае жыцьцё
Сталы аўтар «Свабоды ў турмах», у мінулым неаднойчы асуджаны Зьміцер Вольны, каля дзесяці гадоў таму, падчас апошняй адседкі, сказаў сабе, тады крымінальніку са стажам: больш турмы ў маім жыцьці быць не павінна, трэба вырывацца з гэтага заганнага кола. У тым ліку і з краіны, бо ў Беларусі шанцаў пачаць новае правільнае жыцьцё ён ня бачыў.
Вось ужо каля дзесяці гадоў Зьміцер Вольны жыве на Захадзе (назву краіны, як і яго сапраўднае імя, мы, як ён прасіў, не агучваем). Нядаўна былы мянчук наведаў радзіму. Падчас нашай сустрэчы расказаў, як на чужыне пачынаў усё з чыстай старонкі. Гледзячы на гэтага спартовага, маладжавага, сымпатычнага чалавека, ніколі ня скажаш, што за ягонымі плячыма — бурная крымінальная біяграфія з досьведам адседак на ўсіх турэмных рэжымах.
Ад Зьмітра Вольнага
— Я думаю, што нармальны, недурны, з больш ці менш разьвітым інтэлектам чалавек заўсёды задумваецца над пытаньнем аб правільнасьці свайго жыцьця: каб была прыстойная праца, добрая сям’я, дзеці.
Рэцыдывісты — не выключэньне. Разважаючы над усім гэтым, мала хто хоча вяртацца ў тое самае кола. Аднак у кожнага складаецца па-рознаму.
Асабіста я быў настроены рашуча. Ну, напрыклад, мяне зусім не задавальняла тое, што я, здаровы і дастаткова малады чалавек, у якога ў парадку з галавой і рукамі і які хоча пачаць усё спачатку, пры самым вялікім маім жаданьні і самых шчырых намерах буду вымушаны працаваць за 200 даляраў на месяц максымум ды ня мець пэрспэктывы нармальна забясьпечваць сям’ю.
Таксама ў якасьці «крымінальнай спадчыны» я, сярод іншага, меў і нарказалежнасьць. З гэтым таксама вырашыў завязаць раз і назаўсёды. Таму мне тым больш трэба было зьехаць чым далей ад дому. Апынуўшыся за мяжой, я, дарэчы, ня стаў лячыцца, праходзіць розныя рэабілітацыі. Проста сказаў сабе: «Не». Усьвядоміў, што яно мне не патрэбна, калі я хачу жыць.
— У вас быў нехта там, куды вы зьехалі?
— За мяжой у мяне жылі сваякі. Яны апынуліся на Захадзе яшчэ падчас маёй апошняй адседкі, але працягвалі падтрымліваць мяне, пакуль я быў за кратамі. Я люблю сваю сям’ю — гэта вельмі годныя людзі.
Увогуле мой выпадак — гэта хутчэй выключэньне з правілаў, таму што большасьць маіх былых сукамэрнікаў або зноў сядзяць, або ўвогуле на могілках. Вядома, кожны робіць свой выбар сам. Аднак многія губляюцца на волі.
Ня ведаю, чаму з савецкіх часоў застаецца менавіта такая сыстэма, якая цалкам разбурае псыхіку чалавека, не рыхтуе яго да вяртаньня ў соцыюм. У выніку ў рэцыдывіста існуе гэткая самая залежнасьць ад турмы, як у наркамана ад наркаты. Гэта толькі першы раз ёсьць боязь. Пазьней няма ніякага страху, калі парушаеш закон. Ты заўсёды ўпэўнены, што пранясе, бо ты самы разумны і самы хітры. Але, аказваецца, ня самы разумны.
Далей усё абсалютна вядомае. СІЗА, чаканьне суду, этап у калёнію, карантын, атрад. А там зноў усё вядомае — гуляй сабе ў футбол, калі хочаш, у карты — хто ў што. Страх ёсьць, толькі калі ня ведаеш. А так усё банальна ды прадказальна.
— За кратамі, бадай, кожны ЗК кажа, што ён «бязьвінна асуджаны»?
— Усе кажуць, што не вінаватыя. Насамрэч, як і ва ўсім сьвеце, невінаватых сядзіць недзе працэнтаў дзесяць. Аднак усе будуць казаць пра ўласную невінаватасьць, пра «падставу», «заказуху», ды верыць у гэта.
Выпадковы чалавек на зоне — гэта той, у каго злачынства па неасьцярожнасьці або за перавышэньне самаабароны. Таксама ня ўпісваюцца ў турэмнае асяродзьдзе палітвязьні. Хоць сам я разам з палітычнымі не сядзеў, але выснову раблю на падставе таго, што чуў ад іншых. Палітзьняволеныя заставаліся людзьмі, апынуўшыся ў абсалютна чужародным для іх ваўчыным асяродзьдзі. Збольшага паводзілі сябе годна. Так, некаторыя пісалі прашэньні прэзыдэнту і г. д. А як яны павінны былі сябе паводзіць? Прытрымлівацца нейкіх блатных «паняцьцяў»? Навошта?
— У вашым новым жыцьці ў новай краіне што-небудзь спатрэбілася з ранейшага турэмнага досьведу?
— Абсалютна не (сьмяецца). Хіба што патрэбны такі досьвед, як уменьне «чытаць людзей». Пра рэцыдывістаў нярэдка можна пачуць, што яны вельмі нядрэнныя псыхолягі, бо ў іх перад вачыма праходзіць столькі самых розных тыпаў людзей. І ты вучысься адрозьніваць сапраўднае ад несапраўднага. І за кратамі, і ў жыцьці сустракаецца нямала тых, хто імкнецца пад выглядам дружбы спагнаць зь цябе па поўнай праграме. Уменьне трошкі разьбірацца ў людзях — гэта, бадай, адзіны плюс з турэмнага досьведу. Там, дзе жыву я, абсалютна іншае жыцьцё.
— Ваша інтэграцыя ў такое незнаёмае грамадзтва пачалася з вывучэньня мовы?
— Акурат з мовай было ня так ужо і цяжка. У мяне пасьля заканчэньня роднай беларускай школы была вельмі нядрэнная база. Але ўсё роўна я пайшоў на моўныя ўрокі ў школу, дзе навучаюцца эмігранты. Бо інакш немагчымы ніякі прафэсійны рост.
Кепска ведаючы мову краіны пражываньня, ты, тым ня менш, ня будзеш галадаць, у цябе будзе дах над галавой, ты будзеш апрануты ды абуты. Але максымум, на што ты зможаш разьлічваць, — гэта нізкааплатная праца. А я хацеў расьці прафэсійна. Я і цяпер удасканальваю сваю мову, бо шмат працую з кліентамі з карэннага насельніцтва.
У мяне нядрэнны, запатрабаваны бізнэс. Думаў спачатку нават паступаць ва ўнівэрсытэт. Але ўсё-ткі пайшоў па шляху найменшага супраціву. Думаю, гэта правільнае рашэньне, трэба было наладжваць жыцьцё, зарабляць грошы. На самым пачатку прыйшлося працаваць па 10–12 і нават па 18 гадзін у суткі. Але мне гэта падабалася. Я, па сутнасьці, упершыню пачаў рэальна зарабляць.
Наагул, я не баюся ніякай працы. Я ўпарты. Мне падабаецца мой цяперашні бізнэс, але калі яго ў мяне ня будзе, вазьмуся за іншую працу. Тут я набыў некалькі спэцыяльнасьцяў. Праца тут — галоўнае.
— Што вам падабаецца на новым месцы жыхарства?
— Там вельмі шануюцца такія паняцьці, як «твая сям’я» і «твая краіна». Я палюбіў гэтую краіну. Калі я там упершыню апынуўся, я зразумеў, што гэта тое месца, дзе мне вельмі хацелася б жыць.
Мне падабаецца, калі мне ўсьміхаюцца. Няхай гэта часам фармальна, але гэта лепш, чым агрэсія. Яшчэ за гады, што я жыву ў гэтай краіне, у мяне рэзка памянялася атачэньне. Чалавек цесна кантактуе з тымі, хто яму блізкі. Узгадваючы тое сваё жыцьцё, я разумею, хто быў вакол мяне і кім быў я сам. Я знаходзіўся, паводле Горкага, на дне, самым-самым. Цяпер я ў зусім іншым сьвеце, побач са мной зусім іншыя людзі.
Я далёкі ад містыкі чалавек. Але ўсё часьцей задумваюся над тым, што менавіта так і мусіла быць — пасьля доўгага і няпростага шляху чалавек прыходзіць да таго, што было закладзена ў ім першапачаткова.
Істотны момант: у краіне, дзе цяпер жыве Зьміцер, грамадзтва ня робіць з былых асуджаных ізгояў. Пра чалавека мяркуюць паводле таго, што ён сабой уяўляе ў дадзены момант. Большасьць новых знаёмых Зьмітра ня ведаюць пра яго былое жыцьцё. Па сутнасьці, гэта іх і не хвалюе.
Заходні досьвед
Паводле палкоўніка міліцыі Алега Алкаева, які ад 2001 году жыве ў Бэрліне, прыкладна такое самае стаўленьне да «былых» і ў Нямеччыне. Чалавек, які выходзіць на волю, адчувае сябе дастаткова ўпэўнена. Яго чакае нармальны сацыяльны пакет.
Ад Алега Алкаева
— Тут, сядзеў ты або не, калі ў цябе законнае права на пражываньне, ты атрымаеш кватэру і дапамогу, ня меншую, чым у іншых, хто не сядзеў у турме. Аднак перанесьці гэта ў беларускія ўмовы, зразумела, нерэальна.
У часы маёй працы ў Беларусі са 100% «першаходаў» у рэцыдывісты, на строгі рэжым, «плаўна перацякалі» недзе 80%. У выніку толькі 20% назаўсёды «завязвалі» з турмой, яшчэ меншая колькасьць зь іх станавілася законапаслухмянымі грамадзянамі. Сёньня рэцыдыў сярод асуджаных (47%) істотна меншы, чым тады, але ўсё ж не такі нізкі, як мог бы быць.
Што застаецца нязьменным у пэнітэнцыярнай сыстэме — дык гэта надзвычай нізкі стан сацыяльнай адаптацыі асуджаных пасьля вызваленьня. Практычна дзяржава гэтым не займаецца. І гэта галоўная прычына, якая спрыяе высокаму адсотку рэцыдыву.
Папярэднія публікацыі
Моўная зона. Мова турмы — расейская
Зона сустрэч: пра «гэта» і ня толькі
Зона сустрэч: раманы і спатканьні
Зона Х. Расстраляныя і нерасстраляныя
Зона хвароб. Турэмная псыхіятрыя
Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць