Пасьля аднаго году легальнай працы ў Польшчы іншаземцы змогуць перавозіць у краіну свае сем’і. Гэта прадугледжвае папраўка ў закон аб замежніках. У ёй асобна згадваецца Беларусь.
Паводле новаўвядзеньня, бліжэйшыя сваякі імігранта аўтаматычна атрымаюць права пражываньня і працы ў Польшчы. Пра гэта піша «Dziennik Gazeta Prawna».
Выданьне пералічвае краіны, грамадзяне якіх змогуць скарыстацца такім правам — гэта Армэнія, Беларусь, Грузія, Расея і Ўкраіна. Яны змогуць выбраць працу са сьпісу прафэсіяў, якія Польшча лічыць ключавымі для сваёй эканомікі. Над сьпісам працуе польскае Міністэрства працы.
Экспэрты патлумачылі выданьню, што ў практыцы імігрант зможа прывезьці сваю сям’ю ў Польшчу праз паўтара году пасьля пачатку працы. Дазвол на сталае пражываньне сям’я іншаземца зможа атрымаць за 3 гады.