Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія палітыкі пра саміт: «Трамп робіць з ЗША нацыю слабакоў»


Амэрыканскія сэнатары крытыкуюць выступ прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэхэм, сябра камітэту Сэнату па ўзброеных сілах лічыць, што выступ Трампа на прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Расеі Пуціным пашле Маскве сыгнал аб слабасьці ЗША.

«Прэзыдэнт Трамп страціў магчымасьць прыцягнуць Расею да адказнасьці за ўмяшаньне ў выбары 2016 году і паслаць строгае папярэджаньне адносна будучых выбараў. Адказ Трампа на ўмяшаньне ў выбары будзе разглядацца Расеяй як знак слабасьці і створыць больш праблем, чым вырашыць», — напісаў Грэхэм у Twitter.

Сэнатар-рэспубліканец Боб Коркер таксама лічыць, што камэнтары Трампа побач з Пуціным «робяць з ЗША нацыю слабакоў».

Адно з пытаньняў да Трампа на прэсавай канфэрэнцыі гучала так: ці гатовы ён запатрабаваць ад Пуціна больш ня ўмешвацца ў амэрыканскія выбары? Трамп ў адказ скрытыкаваў працу ФБР і дзеяньні дэмакратаў. Прэзыдэнт ЗША заявіў, што Пуцін вельмі ўпэўнена абвяргаў абвінавачваньні ва ўмяшаньні, прапаноўваючы «моцныя аргумэнты».

Паводле сэнатара-дэмакрата Адама Шыфа, камэнтары Трампа ў Гэльсынкі даюць «зялёнае сьвятло» Пуціну для ўмяшаньня ў выбары 2018 году.

Другі сэнатар сэнатар-рэспубліканец Джэф Флэйк назваў словы Трампа «ганебнымі»:

«Я ніколі ня думаў, што ўбачу дзень, калі наш амэрыканскі прэзыдэнт выступіць на сцэне з прэзыдэнтам Расеі і ўскладзе віну на ЗША за расейскую агрэсію. Гэта ганьба».

Трамп на прэс-канфэрэнцыі заявіў: «Усе вінаватыя ў тым, што адносіны (паміж Расеяй і ЗША) такія кепскія».

Лідэр дэмакратаў у сэнаце ЗША Чак Шумэр лічыць, што дзеяньні Трампа «умацавалі нашых праціўнікаў, аслабляючы нашу абарону і нашых саюзьнікаў»:

«Для прэзыдэнта Злучаных Штатаў салідарызавацца з прэзыдэнтам Пуціным супраць амэрыканскіх праваахоўных органаў, прадстаўнікоў амэрыканскіх абаронных ведамстваў і амэрыканскай выведкі — бяздумна, небясьпечна, і слаба. Прэзыдэнт ставіць сябе над нашай краінай», — напісаў Шумэр.

«Я вельмі давяраю сваім спэцслужбам, але дзе канкрэтныя доказы таго, што Расея некуды ўмешвалася? Чаму ніхто не паказвае мне сервера Дэмакратычнай партыі зь нібыта ўзламанай поштай? Дзе 33 тысячы лістоў?» Паводле Трампа, расьследваньне «расейскага сьледу» ў выбарах ЗША «толькі сапсавала нашы адносіны», заявіў Трамп на прэс-канфэрэнцыі.

Сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн заявіў, што саміт Трамп-Пуцін абазначыў «новую найніжэйшую кропку ў гісторыі амэрыканскага прэзыдэнцтва».

Саміт Трамп-Пуцін: самае важнае з прэс-канфэрэнцыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG