Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: дачыненьні ЗША з Расеяй «ніколі не былі такія дрэнныя»


Дэлегацыя ЗША ў Хэльсынкі
Дэлегацыя ЗША ў Хэльсынкі

Дачыненьні Злучаных Штатаў з Расеяй «ніколі не былі такія дрэнныя», як цяпер, і віну за гэта нясуць доўгія гады «глупства» з боку ЗША. Такое меркаваньне выказаў прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп ў твітэры за некалькі гадзін да пачатку яго сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным у Хэльсынкі.

Трамп таксама зноў паскардзіўся на «паляваньне на ведзьмаў» — так ён называе расьсьледаваньне меркаванага расейскага ўмяшаньня ў выбары прэзыдэнта ў 2016 годзе. На яго думку, тагачасны прэзыдэнт Барак Абама ніяк не адрэагаваў на гэтае ўмяшаньне, а цяпер апанэнты абвінавачваюць Трампа ў «змове» з Расеяй.

Суперніца Трампа па выбарах 2016 году дэмакратка Гілары Клінтан задалася пытаньнем, «за якую каманду гуляе» прэзыдэнт ЗША — з адсылкай да Чэмпіянату сьвету ў футболе, які завяршыўся ў Расеі.

Пасьля апублікаваньня ў пятніцу абвінавачаньняў на адрас супрацоўнікаў расейскай ваеннай выведкі ва ўмяшаньні ў выбары шэраг амэрыканскіх сэнатараў заклікалі Трампа або адмяніць саміт з Пуціным, або зрабіць яго галоўнай тэмай расейскае ўмяшаньне.

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо, які суправаджае Трампа ў Хэльсынкі, напісаў, што «паляпшэньне дачыненьняў з Расеяй прынясе карысьць усім, але мяч на баку Расеі».

Раніцай у панядзелак Трамп сустрэўся з прэзыдэнтам Фінляндыі Саўлі Нііністэ. Ягоная сустрэча з Пуціным, згодна з інфармацыяй Беламу дому, пачнецца ў 13.20 паводле мясцовага часу. Паўтары гадзіны прэзыдэнты будуць размаўляць сам-насам, а затым да іх далучацца ўдзельнікі дэлегацый. У 16.50 мае пачацца супольная прэс-канфэрэнцыя.

Упершыню ў гісторыі такіх перамоваў лідэраў дзьвюх найбуйнейшых сусьветных ядзерных дзяржаваў няма абвешчанага парадку дня. Чакаецца, што ў гутарцы Трампа з Пуціным будуць закранацца сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны і становішча вакол анэксаванага Расеяй Крыму. Акрамя таго, тэмай перамоваў могуць быць становішча ў Сырыі і праблема Ірану. Гаварылася таксама пра назапашаныя праблемы ў галіне ядзернага раззбраеньня і нераспаўсюджваньня ядзернай зброі. Трамп пацьвердзіў, што ўзьніме і пытаньне аб ўмяшаньні ў выбары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG