Капітан ДАІ ў Берасьці спыніў брыгаду хуткай дапамогі, якая везла ў шпіталь пацыента, каб выпісаць штраф за парушэньне правілаў дарожнага руху.
Відэа здарэньня было апублікаванае 10 ліпеня на YouTube-канале «Григорий Афанасьеф» і выклікала абурэньне інтэрнэт-карыстальнікаў.
У арыгінале відэазапісу чуваць, як відавочца, які зьняў інцыдэнт на відэа, абураецца і мацюкаецца ў бок інспэктара ДАІ, а пасьля падыходзіць да яго і спрабуе давесьці, што ў машыне знаходзіцца хворы чалавек, якому неабходная мэдыцынская дапамога. Інспэктар ДАІ у адказ пагражае ўжыць фізычную сілу.
Па факце здарэньня 13 ліпеня распачалі праверку, паведаміў Радыё Свабода кіраўнік прэс-службы УУС Берасьцейскага аблвыканкаму Сяргей Дучэнка.
Камандаваньне батальёну ДАІ высьвятляе, ці была неабходная тэрміновая мэдычная дапамога чалавеку, які знаходзіўся ў машыне хуткай.
Пасьля здарэньня ДАІ Берасьцейскай вобласьці апублікавала запіс размовы з кіроўцам хуткай у адказ на хвалю абурэньня, якая прайшла ў сацсетках пасля гэтага выпадку.
Кіроўца «хуткай» пагадзіўся з тым, што парушыў правілы, праехаўшы на чырвонае сьвятло безь мігалкі.